Летам, калі любы рэзкі рух прымушае скаціцца новую кропельку поту, займацца спортам (асабліва ў хатніх умовах) вельмі цяжка. У такую пару лепш выбіраць нешта спакойнае, плаўнае, гарманічнае. У галаву адразу прыходзіць ёга, а калі пашукаць у інтэрнэце альтэрнатывы, то можна прыйсці і да цігун.
Да справы — з усведамленнем
Алена Валоха працуе педагогам дадатковай адукацыі ўжо 18 гадоў. Спачатку яна прыйшла ў Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі выкладаць мадэляванне і канструяванне швейных вырабаў, але пазней змяніла напрамак. Ужо 8 гадоў Алена Міхайлаўна займаецца з дзецьмі ёгай у аб’яднанні ART-RELAX. “Калі мне споўнілася 30 гадоў, захацелася паспрабаваць нешта новае, і я выбрала ёгу. Гэта мяне зацікавіла. Спачатку я яе не зразумела і не асуджаю тых дзяўчат і юнакоў, якія прыходзяць і на першых занятках смяюцца, забаўляюцца, таму што і яны не разумеюць. Я сябе паводзіла гэтак жа ў першы месяц навучання: мне было смешна, але смяялася не ад весялосці, а таму што ніколі не рабіла падобных практыкаванняў і ніколі мяне так не закручвала ў жыцці. Вопыт паказаў, што першыя два заняткі лепш зрабіць выпрабавальнымі. Калі дзіцяці не падыходзiць такая форма навучання, мы з ім расстаёмся абсалютна спакойна”, — расказвае педагог.
Ёга падыходзіць дзецям старэйшага ўзросту. Не таму што там складаныя практыкаванні, а таму што гэта практыка для людзей, якім яна сапраўды патрэбна. Калі гэта робіцца па прымусе бацькоў ці з пазіцыі моды, то вынік будзе непаўнавартасным. Да Алены Міхайлаўны актыўна ходзяць навучэнцы 10—11 класаў і вельмі актыўна — студэнты. Заняткі праходзяць 2 разы на тыдзень: у пятніцу вечарам і ў суботу раніцай. Час выбраны невыпадкова: так выхаванцы могуць азнаёміцца з двума відамі ёгі. Ранішняя больш энергічная, вячэрняя — спакойная.
“Праграму я распрацавала сама. У аснову ўключаны хатха ёга (класічная) і ёга-23 (комплекс з 23 практыкаванняў, якія могуць узаемазамяняцца, можа мяняцца нагрузка, пры гэтым працуюць усе групы мышцаў). На заняткі мы прыходзім абавязкова ў добрым настроі, спачатку 5 мінут размаўляем пра тое, што адбываецца ў свеце, альбо слухаем інструктаж па тэхніцы бяспекі, пасля пачынаем трэніроўку. Першай ідзе дыхальная практыка (пранаяма), калі ўраўнаважваецца дыханне. Затым прыступаем да комплексу практыкаванняў. Калі гэта першы год навучання, то мы папярэдне кожнае практыкаванне (асану) вывучаем. Яны простыя і знаёмыя нам з дзяцінства — гэта масток, бярозка і інш. Толькі ў маленькім узросце мы не ведаем, як яны ўплываюць на цела, якія мышцы задзейнічаюць. Мы робім акцэнт на нейкім адным практыкаванні і пасля ўстаўляем яго ў комплекс. Пры гэтым я агучваю яшчэ раз, што працуе, як правільна выконваць, таму што ў ёзе важныя пастаноўка рук, ног, часам нават пальцаў. На занятках кожны займаецца для сябе, у нас няма нарматываў, і таму кожны, паглыбляючыся ў сябе, чагосьці дасягае. Напрыклад, дзяўчына прыйшла 1 верасня і магла стаяць у планцы 30 секунд, у маі яна павялічвае час да 5 мінут”.
Ёга дапамагае ўзмацніць падоўжныя мышцы, робіць людзей гнуткімі, стройнымі і падцягнутымі. Таму не дзіва, што ў большасці да Алены Валоха прыходзяць на заняткі дзяўчаты, а вось юнакі чамусьці саромеюцца. Хтосьці пачынае трэніравацца разам з сяброўкай, хтосьці проста ўбачыў аб’яву ў інтэрнэце. Для педагога больш важна не чаму дзеці прыходзяць, а чаму яны застаюцца. “У нас цяпер такая праблема, асабліва ў школьнікаў, — парушэнне паставы. Адна дзяўчына пасля паўгода заняткаў мне сказала: “Я толькі цяпер зразумела, што такое прамая спіна”. Для мяне гэта станоўчы вынік, — дзеліцца Алена Міхайлаўна. — Гэта не значыць, што ёга — панацэя, але кожны можа для сябе нешта ўзяць: у кагосьці паляпшаецца настрой, у кагосьці фізічная форма, хтосьці знаходзіць сяброў. Быў выпадак, калі дзве дзяўчыны пазнаёміліся ў нас на занятках, яны самі з Брэста, вучацца ў розных універсітэтах. І калі абедзве паехалі дадому, то там сустрэліся, гулялі. Прыемна, калі вучні маюць зносіны не толькі на занятках, але нават у іншым горадзе”.
Цікава, што трэніроўкі праходзяць не пад музыку ці шум ветру, дажджу, а пад удары метранома. 54 у мінуту, як біццё сэрца. Такое інструментальнае суправаджэнне дазваляе засяродзіцца і адключыцца ад бытавых, знешніх праблем.
Схавацца ад усяго свету
З-за эпідэмічнай сітуацыі не ўсе маглі наведваць заняткі, таму педагогу прыйшлося працаваць у двух напрамках. З тымі, хто прыходзіў у залу, усё праходзіла, як і раней, астатнім жа Алена Міхайлаўна дасылала комплексы практыкаванняў (у карцінках), каменціравала, што рабіць і як. Асаны знаёмыя, галоўнае пры выкананні некаторых знайсці таго, хто падстрахуе. Напрыклад, той жа масток — даволі складаная скрутка. У аб’яднанні дзейнічае правіла: “Не ўпэўнены — не абганяй”. Калі ты не ведаеш, зможаш бяспечна выканаць пэўную асану ці не, то лепш пачакай.
“Часцей за ўсё пытаюцца пра пастаноўку рук. Чаму, напрыклад, трэба складаць вялікі і сярэдні палец разам і што гэта азначае. У індуізме і будызме сімвалічнае размяшчэнне рук называецца мудрай. Бываюць і больш празаічныя пытанні: як выканаць асану, калі яна не атрымліваецца, як падрыхтавацца да заняткаў дома, колькі можна займацца, ці трэба падкладаць падушкі і г.д.”.
Самае складанае практыкаванне для дзяцей — бакасана — гэта стойка на руках. Для яе патрэбен добра развіты плечавы корпус. Бывае цяжка ўстаць у позу плуга — гэта калі ногі закідваюцца за галаву. А вось самае лёгкае і самае любімае — шавасана. Людзі не здагадваюцца, але ў нейкім сэнсе шавасану яны робяць кожны дзень. Гэта поза цішыні: чалавек ляжыць на спіне з заплюшчанымі вачыма, рукі на шырыні плячэй, ногі на шырыні плячэй, далоні глядзяць уверх. Паляжаць, памарыць, расслабіцца — каму гэта не спадабаецца?
“Па колькасці трэніровак абмежаванняў няма. Гэта павінна быць унутраная патрэба. Часам прыходзіць дзяўчына і гаворыць, што сябе не вельмі добра адчувае і пэўнае практыкаванне рабіць не будзе. Я яе падтрымліваю, бо калі рабіць праз сябе, то стане толькі горш. І сапраўды: калі ўвечары адпачыць, то раніцай знойдуцца жаданне і сілы”, — лічыць Алена Валоха.
Ёга дазваляе знайсці раўнавагу паміж унутраным і знешнім светам праз спакойныя, плаўныя практыкаванні. Пагадзіцеся, у нашым свеце існуе шмат прычын для стрэсу. Адным з лепшых лекаў ад яго з’яўляюцца фізічныя нагрузкі. Хаця б падчас заняткаў можна забыць пра ўсё і думкамі быць ці нідзе, ці ў нейкім вельмі прыемным месцы, гэта ўжо як каму падабаецца. А калі сябе правільна настроіць на работу, то і пасля трэніроўкі станоўчы эфект не знікае: застаюцца натхненне, пазітыўны настрой і напоўненасць энергіяй. “Мне здаецца, ёга падыходзіць тым, хто хоча займацца і весці здаровы, актыўны лад жыцця. “Самае складанае ў ёзе — разаслаць дыванок, усё астатняе даецца лёгка” — мне вельмі падабаецца гэты выраз. Калі табе лянота, калі хочацца проста паспаць, то разаслаць дыванок і праўда вельмі складана. Калі ты яго разаслаў, то ты гатовы займацца. Мне вельмі прыемна, калі на занятках збіраецца поўная зала. Гэта значыць, што мае веды патрэбны і я правільна іх даю”.
Адчуць энергію
Цігун, як і ёга, — усходняя сістэма практыкаванняў. Слова створана з двух кітайскіх іерогліфаў: “ці” — жыццёвая энергія, “гун” — рух. Знайсці розніцу паміж цігун і ёгай не так проста, але калі ўлічваць сучаснае ўяўленне пра гэтыя практыкі, то першая больш накіравана на работу з душэўнай раўнавагай, якая добра ўплывае на ўсе сістэмы арганізма, а другая — на работу з целам, якая ўплывае на псіхіку.
Гімнастыка, дыхальныя практыкаванні і медытатыўныя практыкі — вось што ўяўляе сабой цігун. Сістэмай цікавяцца ў большасці людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, бо яна патрабуе асэнсавання і доўгай статычнай работы. Да Сяргея Лунцэвіча, педагога фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маскоўскага раёна Мінска, часцей за ўсё прыходзяць жанчыны. Некаторыя хочуць паправіць сваё здароўе, некаторыя — раскрыць сябе творча. Сярод выхаванцаў Сяргея Уладзіміравіча былі мастакі, музыканты, настаўнікі па вакале, псіхолагі і многія іншыя.
“У цігун даступныя, простыя практыкаванні, — расказвае педагог. — Калі чалавек можа падняцца на трэці паверх без старонняй дапамогі — значыць, ён падыходзіць да заняткаў. Наша задача — гарманізаваць сябе з навакольным светам. Сама прырода сцвярджае, што ва ўсім неабходна гармонія. Падобнаму я і вучу людзей”.
Самастойна засвоіць цігун будзе цяжка. Спачатку без дапамогі спецыяліста не абысціся, потым, калі метадалогія будзе зразумелай, можна ўдасканальваць сябе самастойна. “Кнігі па цігун я лічу візітнай карткай, дзе чалавек можа азнаёміцца з нейкімі відамі практыкаванняў, але пачынаць і працягваць трэба пры падтрымцы трэнера. Толькі навучыць і расказаць мала. Павінен быць пэўны ўнутраны кантакт паміж вучнем і настаўнікам. Апошняму неабходна ўмець перадаць свае веды, дастаўляць іх не ў галаву, а ў душу”.
Заняткі ў Сяргея Лунцэвіча праходзяць 2 разы на тыдзень, але гэта мінімум для асабістага росту. Цігун трэба практыкаваць пастаянна, яно варта таго.
Можна падзяліць цігун на ўнутраны і знешні. Знешні, па словах Сяргея Уладзіміравіча, звязаны з фізічным праяўленнем цвёрдасці, за ім стаяць дыханне, рухі і разгойдванне энергіі (набор энергіі і выкід). Унутраны — больш мяккі падыход. Ён можа быць выкананы ў розных варыянтах, там шмат статычных практыкаванняў, стваральных, якія разлічаны на інтуіцыю, дзе можна пранікнуць у вялікія прасторы, набіраць энергію, ураўнаважваць сябе. Чырвонай рысы паміж унутраным і знешнім няма, ёсць проста змена станаў, пераход з аднаго ў другі.
“Магу сказаць па сабе і некаторых маіх вучнях, што людзі пачынаюць адчуваць сябе лепш. У маладосці ў нас быў вельмі вялікі выкід энергіі, але набрацца яе было складана, таму што не было навыкаў, у канчатковым выніку псавалася нервовая сістэма. Калі ты пачынаеш вучыцца аднаўляцца, папаўняць свае энергазапасы (не тыя калорыі, якія мы прывыклі разлічваць, а духоўныя сілы), ты становішся больш моцным”.
Свет усходніх практык вельмі шырокі, таму, калі вам нешта не падабаецца ў адной, вы абавязкова знойдзеце замену. Галоўнае — шукаць і не ляніцца раскладаць дыванок.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.М.Валоха.