Гаварыць шчыра, ад сэрца: педагог са Славенскай школы — пра заняткі па духоўна-маральным выхаванні

- 10:06Духовность и патриотизм, Образование, Факультатив

У Cлавенскай сярэдняй школе імя П.А.Галецкага Талачынскага раёна працуе абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-­маральным выхаванні, якім кіруе настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Вырвіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У кабінеце асноў духоўна-маральнай культуры пануе ажыўленне. Толькі што завяршыліся факультатыўныя заняткі па курсе “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” для шасцікласнікаў, але разыходзіцца ніхто не спяшаецца. Хлопчыкі і дзяўчынкі акружылі свайго педагога Наталлю Іванаўну, працягва­юць абмяркоўваць хвалюючыя пытанні.

— Сёння мы гаварылі пра тое, што такое вера і што такое вер­насць, — дзеліцца Наталля Іванаўна. — Гэтыя вучні займаюцца ў мяне на факультатыве з 5 класа. 45 мінут праляцелі незаўважна. Дзеці ўважліва слухалі. У канцы ўрока ўжо я слухала іх развагі і лавіла сябе на думцы, што падобныя разважанні сустракала ў святых айцоў. А тут дзеці самі да такіх ісцін даходзяць.

40 гадоў Наталля Вырвіч прысвяціла школе. На заслужаным адпачынку з любімай справай не расстаецца.

— Адчуваю, што яшчэ патрэбна, прыношу карысць дзецям, — гаворыць педагог.

І сапраўды, акрамя факультатыву, яна вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, праграму якога сама распрацавала. Да таго ж ужо шмат гадоў Наталля Іванаўна выкладае ў нядзельнай школе Пакроўскага манастыра ў Талачыне.

— Увесь час жыву ў вёсцы Славені. І кожны дзень удзячна за тое, што ў нашай мірнай краіне хаджу па зямлі сваіх продкаў. Ад сваіх бабуль і дзядуляў, глыбокіх вернікаў, уцаркоўленых людзей, я атрымала велізарны зарад духоўнасці, які нясу праз усё жыццё, — адзначае Наталля Іванаўна. — Памятаю, як з бабуляй хадзіла маліцца ў вялікі прыгожы храм Святых апосталаў Пятра і Паўла ў нашай вёсцы — адзін з самых старажытных на талачынскай зямлі. У памяці назаўсёды засталася і іншая карціна — разбуранага храма. Тады я была ў 1 класе. Храма не стала, але вера з людскіх сэрцаў нікуды не прапала. У нашы дні галоўная святыня вёскі Славені адраджаецца, вядзецца будаўніц­тва храма. 

На стале ў педагога заўважаю невялікую кнігу “Псалтыр” на царкоўнаславянскай мове.

— Гэта з маёй дамашняй бібліятэкі, — тлумачыць педагог. — Ва ўніверсітэце — на рускім аддзяленні філфака БДУ — мы вывучалі стараславянскую мову, з якой узнікла царкоўнаславянская. Асвойвалі яе на прыкладзе евангельскіх тэкстаў.

У канцы 1980-х, калі краіна стаяла на парозе вялікіх перамен, а савецкая сістэма адукацыі страчвала ранейшыя апоры, настаўнікам упершыню дазволілі самастойна выбіраць напрамкі выхаваўчай работы. Хтосьці захапляўся музычнай дзейнасцю, хтосьці — спортам. Наталля Вырвіч выбрала духоўна-маральнае выхаванне. Гатовых праграм, метадычных дапаможнікаў па гэтым напрамку тады не было, усё даводзілася распрацоўваць самой. Пазней, калі з’явіліся зацверджаныя Міністэрствам адукацыі праграмы, перайшла на іх.

Як настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна далікатна, ненадакучліва ўмее ўносіць духоўныя сэнсы ў звычайныя ўрокі. На прыкла­дзе евангельскіх прытчаў яна разбірала з вучнямі моўныя з’явы, вучыла адчуваць глыбіню слова, супастаў­ляць біблейскія вобразы з матывамі рускай класікі. Творы многіх пісьменнікаў літаральна пранізаны маральным пошукам, хрысціянскай этыкай. Так, апавяданне А.П.Чэхава “Паніхіда” заклікае задумацца аб міласэрнасці і спагадзе ў нашым жыцці. Асноўная праблема ў творы звязана з думкай аб адказнасці бацькоў за лёс дзяцей. Кранальны твор Васіля Шукшына “Гора” — пра страту блізкіх і спачуванне да чужога гора. Апавяданне К.Г.Паўстоўскага “Тэлеграма” вымушае падумаць пра нашых блізкіх, якое гэта шчасце — быць з імі побач.

— Гады ішлі, выпускнікі з 90-х выраслі, разляцеліся хто куды. І раптам прыйшла нечаканая навіна: мой вучань Віталь Пасюцін, якому сёння за 50, паступіў у Віцебскую духоўную семінарыю, ужо заканчвае навучанне. Задумалася міжволі: можа, гэта тое насенне, якое было пасеяна на нашых уроках, знайшло добрую глебу, — працягвае Наталля Іванаўна.

Вучаніца Ганна Чырыкава, з якой педагог займалася даследчай дзейнасцю, скончыла Інстытут тэалогіі БДУ, працуе ў Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, працягвае займацца навуковымі пошукамі ў галіне царкоўнай культуры.

Як жа сучасным дзецям расказаць пра Бога, пра Біблію як невычэрпную крыніцу мудрасці?

— Гаварыць шчыра, ад сэрца, — упэўнена педагог. — Для 5—7 класаў падбіраю ілюстрацыі, кароценькія павучальныя гісторыі. Са старэйшымі вядзём больш філасофскія размовы пра сур’ёзныя і глыбокія рэчы. Складальнікам праграмы факультатыўнага курса хачу сказаць дзякуй за вялікую працу, якую яны выканалі. Узроставыя асаблівасці вучняў у ёй улічаны вельмі дакладна, ні адно паняцце не ўводзіцца раней, чым трэба. Сёння дзеці жывуць у інтэрнэце, але гэты рэсурс трэба выкарыстоў­ваць на карысць. Так, на адных занятках я знаёміла вучняў з паэзіяй іераманаха Рамана, папрасіла паслухаць яго вершы ў інтэрнэце, а потым падзяліцца ўражаннямі.

У кабінеце асноў духоўна-маральнай культуры праходзяць выставы творчых работ дзяцей, прысвечаныя святу Нараджэння Хрыстова, Вялікадню, дзяржаўным святам, сям’і і школе. Разам з выхаванцамі Наталля Вырвіч наладзіла выпуск насценгазеты “У пачатку было Слова” і штомесячнай газеты “Светлячок”.

Для юных аўтараў гэта не проста творчая пляцоўка — тут фарміруецца ўменне сувымяраць сэнс напісанага слова і адказ­насць за яго. На старонках выданняў хлопчыкі і дзяўчынкі расказва­юць пра хрысціянскія святы і традыцыі, дзеляцца навінамі, публікуюць уражанні ад краязнаўчых паездак. Тут жа з’яўляюцца вынікі навукова-даследчых работ, вершы і апавяданні школьнікаў.

Амаль 20 гадоў працягваецца супрацоўніцтва школы з Талачынскім благачыннем. Навучэнцы рэгулярна сустракаюцца з благачынным Талачынскай акругі, настаяцелем Свята-Увядзенскага храма, протаіерэем Аляксандрам Лазукам. Абмяркоўваюць тое, што сапраўды хвалюе падлеткаў: выбар жыццёвага шляху, адносіны ў сям’і, унутраныя арыенціры. Для школьнікаў на базе раённага Цэнтра дзяцей і моладзі протаіерэй вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Прытчы Ісуса Хрыста”.

У рамках удзелу ў рэспубліканскім конкурсе сацыяльных мала­дзёжных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці” летась у Славенскай школе быў арганізаваны маладзёжна-падлеткавы клуб “Ра­зам чытаем Евангелле” для вучняў 7—11 класаў. Для разгляду адбіраюцца ўрыўкі з Евангелля па чатырох напрамках: літаратурным, гістарычным, навуковым і біблейскім.

Днямі протаіерэй Аляксандр правёў пасяджэнне клуба, дзе шасцікласнікі прачыталі прытчу пра багацея і Лазара. Ідзе Калядны пост — час падрыхтоўкі да сустрэчы прыходу ў свет Хрыста. Прытча дапамагае зразумець, як і для чаго жыве і павінен жыць чалавек на зямлі.

Годам раней у школе адкрыўся літаратурны салон “Паэзія веры”. Так з’явілася новая магчымасць для арганізацыі вольнага часу: творчая, змястоўная, заснаваная на развіцці прыродных здольнасцей дзяцей і іх паспяховай сацыялізацыі. Сёлета Славенская школа зноў удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе сацыяльных маладзёжных праектаў з ініцыятывай “Традыцыйная сям’я як каўчэг выратавання”.

— Падчас краязнаўчай работы мы вывучаем гісторыю храмаў, арганізуем экскурсіі, паломніцкія паездкі і паходы па памятных гістарычных мясцінах роднага краю, — расказвае Наталля Вырвіч. — З 2003 года разам з вучнямі збіраем матэрыялы з гісторыі храма Святых апосталаў Пятра і Паўла вёскі Славені. Нам дапамог наш протаіерэй. Гэтая тэма атрымала працяг у рабоце “Святыні малой радзімы: храм Архангела Міхаіла в.Маляўка”. Цікавая і пазнавальная работа па гісторыі царкоўнапрыходскай школы в.Славені выканана да 145-годдзя нашай установы, якая была заснавана на базе такой школы пры мясцовым храме. Сабраны і сістэматызаваны матэрыялы па біяграфіі іераманаха Іосіфа Пракопава, які прыйшоў у Славені з Бялыніч і быў святаром нашага храма ў 30-я гады мінулага стагоддзя. У 1937 го­дзе арыштаваны і пакараны смерцю за тое, што не адрокся ад Хрыста.

Ёсць у школе цікавы матэрыял пра лёс Соф’і Мацюшэўскай, жыхаркі вёскі Ламіншчына, якая ў гады вайны была вывезена на работы ў Германію. Характэрна, што яна з’яўляецца сваячкай Героя Савецкага Саюза Пятра Антонавіча Галецкага, імя якога носіць Славенская школа. Даследаванне “Старонкі гісторыі маёй Радзімы” прысвечана нашай зямлячцы Ганне Жукоўскай, якая была сувязной партызанскіх атрадаў № 1 імя М.І.Кутузава і №№ 3, 4, 7 брыгады М.П.Гудкова Віцебскай вобласці з чэрвеня 1943 па 1 ліпеня 1944 года, а пасля вызвалення мясцовасці ад немцаў кіравала Славенскай школай. На аснове даследчых работ вучні распрацавалі віртуальныя маршруты “Святыні малой ра­дзімы”, з якімі выступаюць у ролі экскурсаводаў.  

Школьнікі пад кіраўніцтвам Наталлі Вырвіч прымаюць удзел у конкурсах па духоўна-маральным выхаванні ад раённага да міжнароднага ўзроўню. Вопытам, назапашаным у рамках дзейнасці рэсурснага цэнтра, калектыў установы дзеліцца на метадычных мерапрыемствах.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара