Гаворым, гуляючы

- 11:35Адукацыйная прастора

Ранні ўзрост вельмі важны для маўленчага развіцця дзяцей. Задача выхавальніка — дапамагчы ім авалодаць роднай мовай, назапасіць значны слоўнікавы запас, навучыць правільна вымаўляць гукі, развіць звязнае маўленне.

Паколькі малышам цяжка доўга ўтрымліваць увагу, звяртаюся да кароткіх, але інфарматыўных, яркіх і запамінальных гульняў. Так, гульні “Чароўны мяшэчак” і “Куб з сюрпрызам” ператвараюць любыя заняткі ў чараўніцтва. У “Прышчэпках” звычайная бытавая рэч становіцца птушкай, хмаркай, елачкай ці машынкай, якія “садзяцца” на пальчыкі, “пералятаюць” з аднаго на другі і інш. Такія нескладаныя дзеянні станоўча ўплыва­юць на маторыку рук і дапамагаюць лягчэй навучыцца маляваць і пісаць. 

“Вясёлыя фрутанакрыўкі” не толькі добра развіва­юць дробную маторыку, але і станоўча ўздзейніча­юць на маўленне. Расказваючы казачную гісторыю, напрыклад, пра машынкі, якія трэба адрамантаваць, дзеці раскладваюць накрыўкі на карцінцы, каб дабрацца да чароўнага доміка. І вось ужо машынкі пачынаюць ажы­ваць, перадаючы з дапамогай малышоў свой гук.

Чароўныя тактыльна-гукавыя дарожкі, зробленыя з фетру, гузікаў, бісеру і стужак, ператвараюць кожную дарожку ў асобную захапляльную гісторыю, напрыклад, пра кацяня, якое па слядах адшуквае сваю маму (мяў-мяў), звонкі дожджык (крап-крап), пеўніка і зярняткі (ку-ка-рэ-ку).

Яркія гульнявыя дапаможнікі імгненна прыцягваюць увагу выхаванцаў. Працуючы з імі, акцэнтую ўвагу на гульнявой матывацыі. Так, малышы вельмі лю­бяць сумку-гулялку “Садавіна, фрукты і ягады”, з якой адпраўляюцца за пакупкамі ці збіраюць ураджай, а потым раскладваюць усё па кішэньках. З такім наборам можна гуляць у некалькі гульняў. Адна з любімых — “Кухараняты”, падчас якой дзеці з педагогам ва­раць у каструлі суп, ягадны кампот ці варэнне, ро­бяць пюрэ з агародніны. Дзеці самі выбіраюць неабходныя інгрэдыенты для кожнай стравы.

Асобнай увагі заслугоўвае дапаможнік “Цудоўнае дрэва”: захапляльны гульнявы набор для развіцця маўлення, дробнай маторыкі, назіральнасці і ўяўлення. Дзякуючы дапаможніку, дзеці даведваюцца пра асаблівасці кожнай пары года, а таксама пра змяненні, якія адбываюцца ў залежнасці ад сезона ў прыродзе і жыцці людзей.

З дапаможнікам “Вясковы падворак” малышы адпраўляюцца ў падарожжа ў вёску, прагульваюцца па сялянскім падворку, разглядваюць домік, дзе жыве бабуля, называюць усіх свой­скіх птушак і жывёл, гукападражаючы ім, а таксама звяртаюць увагу на градкі, дрэўцы, палянку, абавязкова называючы ўсё, што бачаць. Дапаможнік фарміруе ў дзяцей пазнавальную цікавасць, развівае ўвагу, маўленне, мысленне і дробную маторыку.

У нашай групе шмат гульняў і дапаможнікаў для развіцця маўлення, ад якіх малышы атрымліва­юць вялікае задавальненне, што вельмі важна ў рабоце педагога.

Ларыса МАКАРАВЕЦ,
выхавальніца Пінкавіцкага ясляў-сада Пінскага раёна.