Геаграфічны дэтэктыў, сторытэлінг, ТікТок: як зрабіць вывучэнне геаграфіі больш эфектыўным, ведае Аляксандр Самайловіч

- 9:00Главная, Образование

Як эфектыўна сумясціць вучобу з гульнёй, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў настаўнік геаграфіі Аляксандр Самайловіч з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава.

Для павышэння пазнавальнай актыўнасці школьнікаў педагог распрацаваў шэраг прыёмаў пад агульнай назвай “ЭдзьюГеа”, якія зрабілі вывучэнне геаграфіі больш эфектыўным. Па яго словах, гэтыя прыёмы дазваляюць паспяхова кампенсаваць недахоп часу пры ацэньванні ведаў, замяняючы традыцыйныя формы праверкі дамашніх заданняў і замацавання матэрыялу на больш дынамічныя і цікавыя.

— Даволі часта педагогі не ведаюць, каго выклікаць для праверкі дамашняга задання, — працягвае Аляксандр Самайловіч. — Калі тэма дамашняга параграфа простая для разумення, жадаючых адказваць шмат, а вось складаныя тэмы зніжа­юць колькасць жадаючых. Бывае, што вучні крыўдзяцца: маўляў, чаму выклікалі мяне, а не ка­госьці іншага.

Паспяхова вырашае гэтую праблему “Генератар лічбаў” — спецыяльны дадатак. Праграма выпадковым чынам выбірае адну лічбу, якая супастаўляецца з нумарам вучня ў журнале. Гэты вучань і адказвае. Такі спосаб падабаецца дзецям, бо яны не адчуваюць несправядлівасці ці прадузятасці.

Даволі цікавы прыём “Я цяпер настаўнік”. Адзін ці некалькі вучняў з дапамагой загадзя пад­рыхтаваных пытанняў па пройдзенай тэме пачынаюць франтальнае апытанне ўсяго класа ў форме віктарыны, тэста, рэбусаў, загадак… Правяральшчыкі могуць самі выклікаць тых, хто будзе адказваць, і весці ўлік балаў. Такім чынам школьнікі не толькі спрабуюць сябе ў ролі настаўніка, але і грунтоўна рыхтуюцца па пройдзеным матэрыяле, вучацца правільна складаць пытанні.

Не менш цікавы і “Геаграфічны ТікТок”. Дзеці ствараюць кароткія відэаролікі (да мінуты) на аснове дамашняга задання. Так, вучні тлумачаць у іх, як утвараюцца вулканы, апісва­юць пэўную краіну, расказва­юць цікавыя факты пра розныя геаграфічныя з’явы.

Падчас прыёму “Геаграфічная карта-пазл” школьнікі атрымліваюць загадзя падрыхтаваныя невялікія стыкеры, дзе адлюстраваны ўжо вывучаныя аб’екты, якія неабходна з дапамогай магнітаў размясціць на карце. Такім чынам размяшчаюцца месцы здабычы карысных выкапняў, прыродныя аб’екты, арэалы распаўсюджання жывёл і раслін, буйныя прамысловыя прадпрыемствы…

— Пабыць у ролі сышчыкаў дазваляе прыём “Геаграфічны дэтэктыў”, — расказвае Аляксандр Самайловіч. — Вучні атрымліваюць справу, якую трэба расследаваць. Справа складаецца з доказаў — пытанняў ці картак з ілюстрацыямі. Абапіраючыся на дамашняе заданне, дзеці павінны разгадаць загадку, каб раскрыць справу. Напрыклад: “Чаму знікае Аральскае мора?”, “Чаму белыя мядзве­дзі не палююць на пінгвінаў?”, “Чаму боль­шасць азёр у Аўстраліі салёныя?” і інш.

Вучні могуць выступаць не толькі ў ролі геаграфічных дэтэктываў. Яны таксама рыхтуюць кароткія выступленні з элементамі гумару на аснове дамашняга задання: “Дзіўныя традыцыі і звычаі краін свету”, “Як бы я выжыў у пустыні Сахара”, “Што я ўзяў бы з сабой у экспедыцыю на Паўднёвы полюс”, “Смешныя геаграфічныя назвы”
і інш.

Уявіць сябе ў ролі журналістаў дазваляе прыём “Геаграфічны рэпартаж”. Вучні вядуць рэпартаж з навінамі пра вывучаныя краіны, рэгіёны, кантыненты і галіны гаспадаркі ці ствараюць газету з актуальнымі навінамі па пройдзеным матэрыяле.

Падчас прыёму “Сторытэлінг” настаўнік расказвае вучням цікавую гісторыю, звязаную з пэўнай тэмай: напрыклад, як экспедыцыя Ф.Магелана дала назву архіпелагу Вогненная Зямля. Затым педагог прапануе дзецям прыдумаць уласныя гісторыі па тэме, якая вывучаецца. Напрыклад, як яны падарожнічалі б па пэўным рэгіёне, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся б, калі б былі першаадкрывальнікамі, якім чынам змаглі б нала­дзіць вытворчасць пэўнай прадукцыі.

— Мемы і розныя геаграфічныя выявы даўно сталі неад’емнай часткай жыцця вучняў, — заўважае Аляксандр Самайловіч. — Іх можна паспяхова выкарыстоўваць і ў вучобе: “Сонца ўстае на ўсходзе, а я на вучобу”, “Гара Эверэст самая высокая, але не настолькі, як мой аднакласнік, што сядзіць перада мной і загароджвае дошку”. Гумар выклікае станоўчыя эмоцыі і дапамагае лепш запом­ніць факт, які выкарыстоўваўся ў меме. А вось інфаграфіка прымяняецца для візуалізацыі складаных даных (геаграфічныя паясы, шчыльнасць насельніцтва, размяшчэнне пустынь).

Не абыходзіць увагай педагог і прыём “Геаграфічныя стэрэатыпы”.

Перш чым перайсці да вывучэння новага матэрыялу, настаўнік прапануе вучням расказаць, што яны ведаюць пра краіну, рэгіён, галіну гаспадаркі і інш. Школьнікі дзеляцца інфармацыяй, якая на працягу ўрока пацвярджаецца ці абвяргаецца. Такі прыём дапамагае школьнікам лепш запомніць асобныя факты і падзеі і правільна ўяў­ляць прыродныя працэсы і з’явы.

— Дзякуючы тэхналогіі эдзьютэйнменту, дзеці ўпэўнена спраўляюцца з вялікім аб’ёмам інфармацыі, добра засвойва­юць сутнасць геаграфічных аб’ектаў і з’яў, знаходзяць прычынна-выніковыя сувязі, лепш арыентуюцца ў геаграфічнай карце, вучацца самастойна шукаць неабходную інфармацыю і вылучаць асноўнае ў тэксце, а галоўнае — праяўляюць пазнавальную цікавасць да прадмета, — падагульняе Аляксандр Самайловіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ