На першай Міжнароднай алімпіядзе па хіміі для школьнікаў імя Абу Райхана Беруні навучэнец 10-га класа гімназіі № 10 Маладзечна Павел Батура заваяваў сярэбраны медаль, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Гэта не першая значная перамога нашага вучня, — з гонарам кажа дырэктар гімназіі Таццяна Камкова. — На 57-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, якая праходзіла ў Астане, Павел Батура таксама стаў уладальнікам сярэбранага медаля.
У інтэлектуальным спаборніцтве, якое праходзіла з 11 па 17 чэрвеня ў Хіве (Узбекістан), прымалі ўдзел 130 школьнікаў з 15 краін.

Веды ўдзельнікаў ацэньвалі 7 міжнародных суддзяў. Таксама ў межах алімпіяды прайшлі майстар-класы ад прафесараў-хімікаў і маладых вучоных.
— Паўла Батуру да спаборніцтваў рыхтавалі настаўніца хіміі Аксана Каляда і выкладчык БДУ кандыдат хімічных навук Аляксандр Падцяроб, — падкрэсліла Т. Камкова.
Наталля САХНО
Фота прадастаўлены гімназіяй





