Гісторыя даўжынёй у 160 гадоў. Гэта гады працы, радасць перамог, добрыя традыцыі. Нашчадкамі гэтай гісторыі і традыцый лічыць сябе калектыў Гудзевіцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна, аб чым карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагутарыла з дырэктарам школы С.Г.Мармышам.

— Сяргей Генадзьевіч, 160 гадоў увабралі шмат значных падзей. Якая яна, гэтая гісторыя?
— Першая школа ў Гудзевічах была адкрыта ў 1863 годзе. У ёй вучыліся 54 вучні. Спачатку ў Гудзевічах была народная школа (аднакласная). У 1905 годзе двухкласнае народнае вучылішча, выпускнікі якога маглі паступіць у 6 клас гімназіі. У 1939 годзе пачала працаваць савецкая беларуская школа ў Гудзевічах. Дырэктарам яе была Зінаіда Львоўна Баламут. І тут усе планы і спадзяванні нашага народа перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна.
Новая школа была здадзена ў эксплуатацыю ў 1957 годзе. У школе былі чатыры класы, настаўніцкая, кабінет дырэктара, бібліятэка, клас, дзе захоўвалася нагляднасць. Другі будынак быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1958 годзе. У гэты год 22 вучні атрымалі атэстат сталасці.
Школа ганарыцца сваімі дасягненнямі: з 1999 па 2003 год яна функцыянавала як інавацыйная пляцоўка “Этнашкола”. У 2012 годзе была адзначана дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў выхаванні культуры і здаровага ладу жыцця”. Пачынаючы з 2016 года атрымліваем прызавыя месцы ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы па развіцці сістэмы адукацыі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Як развіваецца школа сёння, якімі бачыце яе перспектывы?
— Сёння ў школе арганізавана работа 11 класаў, у якіх вучыцца 95 вучняў. Адукацыйны працэс забяспечваюць 19 педагогаў. З іх вышэйшую адукацыю маюць 94,7%, першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэго-
рыю — 89,5%.

Наша школа сучасная. Ёсць інтэрактыўныя дошкі, праектары, ноўтбукі, мультыборд. Школа — гэта месца, дзе ў школьніка ёсць мноства магчымасцей праявіць і развіць свой талент. Асабліва хочацца сказаць пра аб’яднанне па інтарэсах па робататэхніцы. Яго наведваюць 15 вучняў ад 10 да 12 гадоў. У якасці асноўнага абсталявання прапануюцца канструктары LEGO.
Вучань Андрэй Солтан з дапамогай папулярнай камп’ютарнай гульні Minecraft стварае славутасці Беларусі. У яго калекцыі ёсць знакамітыя замкі краіны, плошча Перамогі ў Мінску, Мінск-Арэна, Палац Незалежнасці і г.д. Усе віртуальныя аб’екты аб’яднаны ў агульны праект “Беларусь у віртуальнай рэальнасці Minecraft”. Тут публікуюцца карысныя інфармацыйныя артыкулы, відэаролікі з працэсам стварэння беларускіх славутасцей і многа карысных інфармацыйных матэрыялаў. Усе створаныя аб’екты размяшчаюцца на YouTube-канале. Дарэчы, нядаўна Андрэй праходзіў навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.
Гудзевіцкая школа — яшчэ і спартыўная школа. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Анджэя Рышардавіча Занеўскага перамагае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Не раз яго вучні станавіліся пераможцамі ў трэцім і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, заваёўвалі дыпломы ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па валейболе, па летнім мнагаборстве “Здароўе”. Важным спартыўным дасягненнем у мінулым навучальным годзе стала перамога (дыплом III ступені) у спартакіядзе Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва па валейболе ў Смаленску.
У 2022 годзе Анджэй Рышардавіч удастоены нагруднага знака “Выдатнiк адукацыi”.
— Якія традыцыі склаліся ў школе апошнім часам?
— У першую чаргу, гэта актыўнае супрацоўніцтва з мясцовымі арганізацыямі, узаемадзеянне з насельніцтвам аграгарадка. З 2013 года Гудзевіцкая сярэдняя школа рэалізуе інавацыйныя праекты па духоўна-маральным развіцці вучняў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. Адпаведная работа вядзецца пры актыўным удзеле протаіерэя Мікалая Сеня. У цесным супрацоўніцтве з прыходам храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы праводзіць сваю работу валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”.
Прадметам асаблівай гордасці з’яўляецца паспяховы ўдзел у рэспубліканскім конкурсе літаратурных і даследчых работ “Свет праваслаўя” (2021/2022 навучальны год — тры дыпломы I ступені і тры дыпломы II ступені). У 2022 годзе Гудзевіцкая сярэдняя школа ўзнагароджана дыпломам І ступені прэміі імя Героя Беларусі першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта “За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі”.
— На вашу думку, якое месца сельскай школы ў жыцці рэгіёна?
— Важным фактарам сацыяльна-культурнага жыцця вёскі з’яўляецца арганізацыя ўзаемадзеяння школы і іншых структур. Калі школа далёкая ад праблем сельскага жыцця, якія хвалююць людзей, то яна наўрад ці можа разлічваць на падтрымку.
Наша школа цесна супрацоўнічае з ЗАТ “Гудзевічы”. Кожнае лета вучні ў лагеры працы і адпачынку працуюць на палях, па асабістай ініцыятыве ў другой палове лета дапамагаюць пры ўборцы ўраджаю. Штогод на святочных лінейках, прысвечаных заканчэнню навучальнага года, адміністрацыя ЗАТ “Гудзевічы” ўручае грашовыя прэміі вучням, якія маюць высокія адзнакі. Школа мае шмат добрых партнёраў у выхаваўчай прасторы: Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, Гудзевіцкі цэнтр вольнага часу і культуры, Гудзевіцкая сельская бібліятэка.
Мы ганарымся тым, што наша школа стала пляцоўкай у секцыі “Сацыяльная сфера — устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый” на ІІ Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі “Вёска — тэрыторыя развіцця”.
— Сяргей Генадзьевіч, за 160 гадоў сотні вучняў пакінулі сцены Гудзевіцкай школы. А які ён, сучасны школьнік, як з ім трэба працаваць?
— Ён вясёлы, рухавы, энергічны і дапытлівы. Мне падабаецца ў сучасных вучнях самастойнасць, накіраванасць на будучыню, уменне хутка асвойваць новыя інфармацыйныя тэхналогіі, карыстацца імі. Сучасны вучань — гэта не проста чалавек, які атрымлівае веды. Гэта той, хто адстойвае свой гонар, гонар бацькоў, гонар школы. У школе вучань рыхтуецца да будучыні, і мы павінны зрабіць так, каб ён упэўнена крочыў у вялікі дарослы свет.
Дарэчы, выпускнік 1969 года Мікалай Пятровіч Іваноўскі, сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвяціў роднай школе такі верш:
Час наперад нас нясе.
Круцяць лёсу колы.
Тут сягоння вучні ўсе
Гудзевіцкай школы.
Перапынкамі гулі,
Як у вуллі пчолы.
Дзеці мы адной сям’і —
Гудзевіцкай школы.
Вам, настаўнікі, паклон
Ад сяброў Міколы.
Застаецца вучнем ён
Гудзевіцкай школы.
Грай, гармонік, весялей,
Хай трасуцца полы.
Адзначаем юбілей
Гудзевіцкай школы.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ




