Гісторыя і штучны інтэлект: як з яго дапамогай вучні на ўроках Веранікі Бабіч становяцца навукоўцамі-дэтэктывамі

- 9:05Главная, Образование

На ўроках настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Копішча Мінскага раёна Веранікі Бабіч дзеці выходзяць да дошкі не для таго, каб пераказаць завучаны параграф, — яны самастойна шукаюць адказы на гістарычныя загадкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Такі падыход Вераніка Аляксандраўна палюбіла, калі сама была школьніцай. Нас­таўніца ўспамінае:

— Я захапілася гісторыяй дзякуючы свайму настаўніку Андрэю Уладзіміравічу Крыцкаму. Ён доўгі час працаваў у Карацкай сярэдняй школе Клецкага раёна. Менавіта Андрэй Уладзіміравіч стаў тым чалавекам, які паказаў мне, наколькі гісторыя можа быць жывой і глыбокай. Ён рыхтаваў мяне да алімпіяд, і на ўроках свайго нас­таўніка я ўпершыню ўбачыла, што за датамі стаяць лёсы, характары, рашэнні людзей. Дзякуючы яму я адчула прагу да даследаванняў і зразумела, што ў будучыні хачу натхняць вучняў гэтак жа, як ён натхніў мяне. Прыклад педагога стаў лёсавырашальным: пасля школы я паступіла на гістарычны факультэт БДПУ.

Свой першы ўрок маладая настаўніца ўспамінае з лёгкім хваляваннем: такія моманты не забываюцца.

— Мой першы ўрок праходзіў у сярэдняй школе № 3 Клецка, куды прыехала па размеркаванні, — працягвае Вераніка Бабіч. — Гэта быў сапраўдны эмацыянальны віхор: хваляванне, радасць, адказнасць. Я тады вельмі старалася, каб усё прайшло ідэальна, каб дзецям было цікава. Помню вочы навучэнцаў, насцярожаныя, але цікаўныя. Ужо тады я зразумела: галоўнае — устанавіць кантакт і паказаць, што гісторыя можа быць займальнай, жывой і зразумелай кожнаму. У сярэдняй школе № 3 Клецка працавала не вельмі доўга. Маё станаўленне як настаўніка адбывалася ў Рассветаўскай сярэдняй школе.

У гэтым педагогу дапамаглі яе аўтарскія прыёмы і падыходы. Вераніка Бабіч упэўнена: дзейсны метад — гэта калі гісторыя перастае быць проста наборам дат. Каб па­шырыць фармат урока, настаўніца ажыўляе падзеі: выкарыстоўвае візуалізацыю, сучасныя тэхналогіі, гульнявыя формы.

— Напрыклад, мы арганізоўваем гістарычныя квесты, інтэрактыўныя карты, міні-дэбаты ад асобы гістарычных персанажаў, — дзеліцца настаўніца. — Часта дзеці становяцца навукоўцамі-дэтэктывамі і шукаюць адказы на гістарычныя загадкі. Ім такая роля вельмі падабаецца. Калі яны адчуваюць, што гісторыя — гэта пра людзей, эмоцыі, выбар, то цікавасць да яе ўзнікае сама сабой.

У залежнасці ад таго, што запланавана на ўрок, Вераніка Аляксандраўна па-рознаму да яго рыхтуецца: падбірае неабходныя матэрыялы, нагляднасць, дэталёва прапісвае, што чакае ад заняткаў і з якімі ведамі пасля іх заканчэння навучэнцы выйдуць з класа.

— Настаўнік, для якога важныя выніковасць, эфектыўнасць урока, заўсёды да яго рыхтуецца загадзя, і гэта абавязковы момант, — разважае настаўніца гісторыі. — Цяпер у мяне гэты працэс праходзіць значна лягчэй і хутчэй, чым па першым часе, таму што ўжо ёсць шмат матэрыялаў і напрацовак. Але я ўсё роўна кожны раз старанна падбіраю матэрыялы пад кожны клас, бо ўспрыманне ў кожным з іх, нават у адной паралелі, зусім рознае. Для мяне важна не проста адпрацаваць тэму, а праду­маць, якія формы і прыёмы будуць эфектыўнымі менавіта для гэтых вучняў. Часам адна дэталь — цікавая ілюстрацыя або гістарычны факт — можа стаць тым кручком, за які зачэпіцца ўвага дзяцей.

Сярод вучняў ёсць тыя, каму падабаецца гісторыя, хто ўважліва слухае на ўроках, і тыя, хто не любіць прадмет. Гэта не зале­жыць ад настаўніка: ім проста не цікава. Што рабіць у такім выпадку? Якія крокі бу­дуць педагагічна правільнымі, каб выпра­віць сітуацыю?

— Галоўнае — старацца не навязваць і не папракаць, — упэўнена Вераніка Бабіч. — Звычайна спрабую зразумець, што менавіта не зайшло, не знайшло водгуку: можа, цяжка з храналогіяй ці дзіцяці здаецца, што гісторыя — гэта не пра яго. У такім выпадку шукаю агульныя падыходы — праз кіно, музыку, сучасныя мемы, гісторыі аднагодкаў з мінулага. Часам дастаткова аднаго прыкладу, каб дзіця раптам сказала: “А гэта цікава!” Але, вядома, гэта ўдаецца не заўсёды. Тады стараюся звярнуць увагу на нейкія іншыя перавагі навучэнцаў і выкарыстоўваць іх на ўроках. Калі гаварыць пра матываваных дзяцей, то з імі часта выходзім за межы праграмы. Такія школьнікі самі прапануюць тэмы, удзельнічаюць у алімпіядах, праектах. Для іх падбіраю гістарычныя дакументы, фільмы, ра­зам разбіраем спрэчныя моманты, вучымся фармуляваць аргументы — гэта ўжо бліжэй да даследчай работы. Часам ствараем сумесныя міні-праекты або прэзентацыі, дзе яны адчуваюць сябе сапраўднымі экспертамі.

З назіранняў настаўніцы, самы складаны ўзрост — гэта 6—7 класы. Сёлета на Вераніку Аляксандраўну ўскладзена адказная місія: яна стала класным кіраўніком 6 класа. Гэта пераходны этап, калі ў падлеткаў мяняюцца інтарэсы, светаўспрыманне, іх увага становіцца больш выбіральнай, ім хочацца дынамікі, эмоцый. Што ў такой сітуацыі ра­біць педагогу? Відавочна, што трэба прыдумваць нешта новае — ад міні-гульняў да лічбавых праектаў, каб гісторыя не здавалася ім сумнай. У педагога гэта атрымлі­ваецца лёгка: яна не баіцца прымяняць новыя тэхналогіі, што ў сваю чаргу пашырае магчымасці выкладання. А пачыналася ўсё з захаплення скрайбінгам — візуальным канспектаваннем.

— Я вывучала праграмы для скрайбінгу, пісала артыкулы на гэтую тэму, право­дзіла майстар-класы, актыўна ўкараняла названы метад на ўроках, каб рабіць матэрыял наглядным і запамінальным, — дзеліцца вопытам настаўніца гісторыі. — Потым з’явілася ідэя выкарыстоўваць графічныя планшэты на ўроках гісторыі, і гэта стала новым крокам, дазволіла дабавіць у адукацыйны працэс інтэрактыўныя карты, схемы, візуальныя апавяданні.

З развіццём штучнага інтэлекту Вераніка Бабіч пачала вывучаць інструменты, якія дапамагаюць эканоміць час пры падрых­тоўцы да ўрокаў, але не на шкоду іх зместу, наадварот, яны робяць іх больш цікавымі, сучаснымі і разнастайнымі. Стварэнне тэстаў, візуальных матэрыялаў, сцэнарыяў урокаў, інтэрактыўных карт, відэа- і фотаматэрыялаў — усё гэта папоўніла метадычны партфель настаўніцы.

— З дапамогай штучнага інтэлекту можна ў прамым сэнсе гэтага слова ажывіць гісторыю, — запэўнівае настаўніца. — Многім інструментам, дарэчы, я навучылася ў сваіх вучняў, якія прыносілі на ўрокі цікавыя распрацоўкі, створаныя пры дапамозе розных праграм, у якія ўкаранёны ШІ. Напрыклад, з дапамогай 3D-мадэлей у Unity або Unreal Engine я ствараю рэканструкцыі гарадоў, бітваў або артэфактаў. Уявіце, як здорава паказаць вучням Старажытны Рым або бітву пры Ватэрлоа ў поўным аб’ёме.

Для больш жывых, яркіх уражанняў і эмоцый настаўніца выкарыстоўвае нейрасеткі накшталт DALL·E ці MidJourney — яны дапамагаюць ствараць рэалістычныя парт­рэты гістарычных персанажаў, а ElevenLabs агучвае іх маўленне. Так клас знаёміцца з жывымі героямі мінулага. Для віртуальных экскурсій Вераніка Аляксандраўна карыстаецца VR- і AR-тэхналогіямі — алгарытмы штучнага інтэлекту хутка генерыруюць туры па музеях або месцах падзей, што робіць урокі інтэрактыўнымі.

— Таксама прымяняю штучны інтэлект для аналізу гістарычных крыніц: ён дапамагае расшыфроўваць старажытныя рукапісы, параўноўваць розныя версіі па­дзей і выяўляць фальсіфікацыі, — працягвае знаё­міць з метадамі выкладання нас­таўніца.

У навучанні важная індывідуаль­насць, таму педагог выкарыстоўвае адаптыўныя тэсты і заданні: ШІ падбірае пытанні пад узровень кожнага вучня, што робіць навучанне камфортным і прагрэсіўным. Урокі гісторыі — гэта яшчэ і пра ролевыя гульні. Уявіце, як уражвае школьнікаў, калі на занятках з імі пачынаюць размаўляць знакамітыя гістарычныя асобы.

— Для ролевых гульняў ствараю дыялогі з дапамогай ChatGPT, напрыклад, паўстаю перад вучнямі ў вобразе Напалеона або Кацярыны II, — дадае Вераніка Бабіч. — Аўтаматычная праверка эсэ дапамагае ацаніць аргументацыю і факты.

Гейміфікацыя на ўроках таксама вельмі эфектыўная: вучні кіруюць дзяржавамі ў стратэгіях з ШІ-апанентамі або даследу­юць альтэрнатыўныя сцэнарыі гісторыі: што было б, калі не было б рэвалюцыі 1917 года? Гэта стымулюе цікавасць і крытычнае мысленне вучняў. Аналіз вялікіх даных дапамагае выяўляць заканамернасці ў гістарычных працэсах, напрыклад, у міграцыі ці ў дэмаграфічных змяненнях. А стварэнне гістарычных карт паказвае гандлёвыя шляхі і перамяшчэнне насель­ніцтва.

— Усе гэтыя інструменты не замяня­юць настаўніка, а дапамагаюць зрабіць урокі больш яркімі і цікавымі. Важна крытычна падыходзіць да выкарыстання ШІ, бо часам ён дамалёўвае дэталі ці памыляецца, — адзначае педагог. — Але разам мы можам выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі для лепшага разумення гісторыі.

Гісторыя — не адзінае захапленне Веранікі Аляксандраўны. Настаўніца вельмі любіць кнігі і вядзе літаратурны блог у Instagram. Для каго ён быў задуманы і якую ідэю нясе?

— Для мяне гэта перш за ўсё тое месца, дзе я адпачываю, пераключаю думкі, — прызнаецца настаўніца гісторыі. — Я вельмі люблю чытаць, і блог стаў месцам, дзе магу цалкам расслабіцца і падзяліцца сваімі ўражаннямі. Там я раю кнігі рознай накіраванасці — ад падлеткавых да сур’ёзных гісторыка-псіхалагічных раманаў, дзялюся падборкамі, рэкамендацыямі. Акрамя гэтага, з’яўляюся пазаштатным карэспандэнтам раённай газеты Клецкага раёна “Да новых перамог”, дзе вяду сваю літаратурную рубрыку. Гэта дае мне магчымасць падтрымліваць зносіны з чытачамі ў іншай, больш творчай плоскасці.

Стварыць інтэрактыўную адукацыйную прастору, дзе штучны інтэлект будзе дапамагаць адаптаваць матэрыял пад узровень і інтарэсы кожнага вучня — вось што ў найбліжэйшых планах перспектыўнай настаўніцы.

— Хачу паспрабаваць аб’яднаць элементы гейміфікацыі, дапоўненай рэальнасці і штучнага інтэлекту, каб зрабіць вывучэнне гісторыі максімальна жывым. А яшчэ буду працягваць пісаць і дзяліцца вопытам з калегамі, бо абмен ідэямі — гэта тое, што рухае адукацыю наперад, — пераканана Вераніка Александраўна. — Вядома, на ўсё гэта трэба шмат часу, але дарогу адужае той, хто ідзе, галоўнае — пачаць нешта рабіць і ўсё атрымаецца!

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА