Год e-Learning у БДПУ

- 8:52Наша пошта

БДПУ імя Максіма Танка абявіў год e-Learning

У межах аб’яўленага года ў БДПУ запланавана правесці цэлую серыю мерапрыемстваў, якія стануць лагічным працягам укаранення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Цэнтральным мерапрыемствам года e-Learning, якое выклікае самы вялікі інтарэс і студэнтаў, і выкладчыкаў, ды і грамадскасці ў цэлым, стане педагагічны эксперымент па выкарыстанні планшэтных персанальных камп’ютараў Рrestigio.

Эксперымент “Планшэт” праводзіцца ў БДПУ сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі. Кампанія Рrestigio ўжо перадала ва ўніверсітэт 45 планшэтаў, якіх, дарэчы, яшчэ няма на рынку Беларусі. Эксперымент бу­дзе праводзіцца на факультэце прыродазнаўства, дзе з групай студэнтаў будуць працаваць 12 выкладчыкаў. Усе ўдзельнікі атрымаюць планшэты.

Як у БДПУ будуць выкарыстоўваць планшэтныя камп’ютары, расказаў прарэктар універсітэта па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай рабоце Валерый Зелянкевіч: “Мы распрацавалі дыстанцыйны курс “Сеткавыя тэхналогіі Web 2.0 у педагагічнай дзейнасці”. Яго асноўная мэта — асваенне розных сродкаў сацыяль­нага інтэрнэту, якія выкладчыкі маглі б выкарыстоўваць у сваёй рабоце са студэнтамі. У ходзе вывучэння гэтага курса выкладчык арганізоўвае сваю web-лабараторыю, ці віртуальны кабінет, асабістую інфармацыйную прастору, а таксама блог для педагагічнай дзейнасці з эксперыментальнай групай студэнтаў. Мы чакаем, што выкладанне з выкарыстаннем web-дыдактычных тэхналогій і новага тэлекамунікацыйнага інструментарыю набудзе новы якасны ўзровень і дазволіць вырашыць многія педагагічныя праблемы”.

На думку В.М.Зелянкевіча, сучасныя студэнты ледзь не жывуць у інтэрнэце і сацыяльных сетках, і трэба лічыцца з гэтым фактам. Задача педагогаў — выкарыстаць гэтае захапленне маладога пакалення для педагагічных мэт і адукацыі, для арганізацыі сеткавых педагагічных супольнасцей. “Бурнае развіццё сеткавых тэхналогій нельга спыніць, ды і не варта. Трэба ўзначаліць гэты працэс”, — лічыць Велерый Міхайлавіч.

Вялізная ўзроставая розніца паміж студэнтамі, актыўнымі карыстальнікамі сеткі, і выкладчыкамі, многія з якіх на “вы” з інтэрнэтам, — прычына “лічбавай няроўнасці”, падкрэслівае прарэктар. Многія выкладчыкі мала ведаюць аб дыдактычных магчымасцях сацыяльных сетак. Тым не менш найбольш прасунутыя педагогі ў БДПУ ўжо выкарыстоўваюць web-тэхналогіі — напрыклад, асвоілі адзін з сэрвісаў Google, Apps-Google-Sites, які прадастаўляе магчымасць калектыўна ствараць мультымедыйныя прадукты на базе калектыўнага сайта. Дзякуючы напрацаваным тэхналогіям, і стала магчымым правядзенне эксперымента з планшэтамі, бо мабільныя камп’ютары найлепш пыдыходзяць для выкарыстання сеткавых тэхналогій у педагагічнай дзейнасці.

Нездарма эксперымент праводзіцца на факультэце прыродазнаўства — гэта адзін з факультэтаў БДПУ, які актыўна развівае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Як расказала дэкан Наталля Уладзіміраўна Навуменка, на факультэце нормай з’яўляецца выкарыстанне электронных падручнікаў, электронных прэзентацый і мультымедыйных праектараў, інтэрактыўнай дошкі. У выкладчыкаў — свае сайты, праз якія яны наладзілі інтэрактыўныя зносіны са студэнтамі, у тым ліку і па спецыяльных дысцыплінах. На факультэце працуе лабараторыя інфармацыйных тэхналогій у прыродазнаўча-навуковай адукацыі, дзе праводзяцца заняткі за камп’ютарамі, а электронныя лабараторныя практыкумы створаны самімі выкладчыкамі з дапамогай праграмістаў і метадыстаў. Планшэтныя камп’ютары стануць наступным крокам у асваен­ні новых тэхналогій.

Першы вопыт прымянення планшэтаў паказаў перспектыўнасць іх выкарыстання па цэлым шэрагу крытэрыяў: павышаецца кампетэнтнасць выкладчыкаў і студэнтаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій; фарміруюцца навыкі супрацоўніцтва ў навучанні; у выкладчыкаў і студэнтаў павышаецца матывацыя да самаразвіцця; ствараюцца ўмовы для асобасна-арыентаванага навучання.

У ходзе эксперымента плануецца вывучаць і верагодныя адмоўныя наступствы ад выкарыстання планшэтных камп’ю­тараў. Усяго павінна быць у меру, лічаць у БДПУ. Планшэт — гэта не панацэя, а адзін з разнастайных інструментаў адукацыйнага працэсу. Яго эфектыўнасць у выкладанні розных курсаў можа быць рознай, у залежнасці ад іх мэты, кантэнту.

Сярод  мерапрыемст­ваў года e-Learning у БДПУ запланаваны конкурс на стварэнне лепшага электроннага вучэбна-метадычнага комплексу. Першы такі конкурс прайшоў у мінулым го­дзе, і каб заахвочваць выкладчыкаў да гэтай дзейнасці, высокіх патрабаванняў да канкурсантаў не прад’яўлялі. На думку рэктара ўніверсітэта П.Д.Кухарчыка, кожны выкладчык, які чытае лекцыі, абавязаны мець свой вучэбна-метадычны комплекс, даступны для студэн­таў. У распрацоўку ВМК паступова ўключаюцца ўсе выкладчыкі ўніверсітэта, фарміруецца іх інфармацыйная культура. Таму ў гэтым годзе патрабаванні на конкурсе “Лепшы электронны ВМК” ужо будуць павышаны. “Галоўнае — выпрацаваць у выкладчыкаў патрэб­насць у выкарыстанні электронных рэсурсаў у педагагічнай дзейнасці. Тады яны будуць іх ства­раць і ўдасканаль­ваць”, — лічыць В.М.Зелянкевіч.

На працягу года будуць далей укараняцца інтэрактыўныя дошкі на факультэтах, мадэрнізавацца дыстанцыйныя курсы для магістрантаў. Некалькі груп магістраў пройдуць падрыхтоўку з выкарыстаннем дыстанцыйнага курса “Сеткавыя тэхналогіі Web 2.0 у педагагічнай дзейнасці”. Акрамя таго, сёлета плануецца правесці інтэрнэт-алімпіяды для школьнікаў па фізіцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі і іншых прадметах. Першую інтэрнэт-алімпіяду ўніверсітэт правёў па гісторыі — у ёй узялі ўдзел больш за 600 школьнікаў, прычым нават з Расіі.

Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by