Голас маладога пакалення: у Ціманаўскай сярэдняй школе дзейнічае сапраўдны прэс-цэнтр

- 9:04Главная, Образование

Пад куратарствам педагогаў навучэнцы Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна выпускаюць газету, ствараюць аўтарскія радыёэфіры і тэлеперадачы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Навучэнец 7 класа Арсеній Будагоўскі

— У сучасных рэаліях выключную значнасць набывае фарміраванне ў вучняў інфармацыйнай культуры. Дзяцей трэба вучыць арыентавацца ў шматлікіх патоках інфармацыі, аналізаваць і адрозніваць праўду ад фэйкаў. Для гэтага і быў адкрыты прэс-цэнтр. Дарэчы, ідэя яго стварэння належыць моладзі: у нас шырока развіта вучнёўскае самакіраванне. Пяць гадоў назад старшакласнікі-актывісты выступілі з такой прапановай і мы ўсебакова падтрымалі яе. Вялікае садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятывы аказаў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Пётр Леанідавіч Шашкоў, які ў той час узначальваў нашу навучальную ўстанову, — паведаміла дырэктар Ірына Ільюшчанка.

Першым крокам навучэнцаў у журналістыцы стала стварэнне радыё­лінеек. У эфірах яны агучвалі навіны з жыцця школы і анонсы мерапрыемстваў, віншавалі настаўнікаў і аднакласнікаў са святамі.

Праз год вырашылі пайсці далей і арганізавалі выпуск сваёй газеты. А ў 2022-м вучні паспрабавалі сябе і ў якасці тэлерэпарцёраў. Дзякуючы падтрымцы неабыякавых педагогаў, у дзяцей усё атрымалася, — расказала Ірына Васільеўна.

З асаблівай цікавасцю калектыў школы зараз чакае свежы нумар газеты “Весці з-пад парты”. Выданне выходзіць раз на месяц, над выпускамі карпатліва працуе сапраўдная міні-рэдакцыя.

Рэдакцыя школьнай газеты “Весці з-пад парты” на чале з бібліятэкарам Наталля Красналуцкай

— У камандзе імправізаванай рэдакцыі дзе­вяць захопленых хлопцаў і дзяўчат. Зыходзячы са сваіх здольнасцей, яны самі размеркавалі паміж сабой абавязкі. Кожны ўзяўся за тое, што яму даспадобы і па сілах. У нас ёсць галоўны рэдактар і яго намеснік, карэспандэнты, карэктар, вярстальшчыкі. Змест нумароў навучэнцы прадумваюць цалкам самастойна. З адказнасцю яны займаюцца зборам тэкставага матэрыялу, апрацоўкай фатаграфій, афармленнем і друкам газеты. Педагогі ажыццяўляюць толькі агульны кантроль за гэтай дзейнасцю, — адзначыла бібліятэкар Наталля Красналуцкая.

Сваю газету навучэнцы стараюцца рабіць актуальнай і цікавай. У выданні ёсць рэгулярныя рубрыкі “Падзеі месяца”, “Імі ганарыцца школа”, “ПрафАрыенцір”, “Цікава ведаць”. Акрамя таго, на старонках размяшчаюцца артыкулы аб спорце, мастацтве, выбітных людзях і адметных фактах.

Вучымся знаходзіць у штодзённас­ці яскравыя моманты. Расказваем пра поспехі настаўнікаў і вучняў, пра знакавыя школьныя падзеі. Даём інфармацыю, якая павышае матывацыю да вучобы. У мяне ў газеце пасада карэспандэнта. Я добра пішу сачыненні, а яшчэ мне падабаецца гутарыць з людзьмі. Развіваюся ў гэтым кірунку і нават задумваюся аб прафесіі журналіста, — падзяліўся вучань 7 класа Арсеній Будагоўскі.

Паглядзець “Весці з-пад парты” могуць усе жадаючыя. Друкаваныя экзэмпляры нумароў вывешваюць на стэндах у рэкрэацыях, перадаюць у бібліятэку і настаўніцкую, а электронную версію размяшчаюць у сацыяльных сетках і на сайце ўстановы.

— Паступова газета ператварылася ў своеасаблівы летапіс школы. У яе стварэнні задзейнічаны ўжо некалькі пакаленняў навучэнцаў. Для дзяцей гэта выдатная пляцоўка для сацыялізацыі і праяўлення сябе. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца асэнсоўваць атрыманую інфармацыю, выказваць думкі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання, — заўважыла Наталля Віктараўна.

Важныя навыкі, звязаныя з фарміраваннем медыякампетэнцый і асобасным станаўленнем, вучні набываюць і пры распрацоўцы тэлевізійных праграм. Пачыналі дзеці з кароткага выпуску школьных навін, а сёння яны маюць эфірны час на рэгіянальным тэлеба­чанні.

Педагог-арганізатар Анастасія Варапаева разам з юнымі карэспандэнтамі

— Усяляк папулярызуем дасягненні раённай сферы адукацыі, трансліруем вучэбна-пазнавальныя сюжэты. Летась запусцілі тэлеперадачу “Моладзь.life”, у межах якой расказваем пра тое, што хвалюе маладое пакаленне. Рэпартажы вучні нязменна ствараюць у фармаце “роўны вучыць роўнага”: у асноўным іх глядзяць аднагодкі нашых юнкараў. Такі падыход дазваляе выбудаваць даверлівыя зносіны з аўдыторыяй, — растлумачыла куратар праекта “ВучаньТБ” педагог-арганізатар Анастасія Варапаева.

Працягваюцца ў школе і штотыднёвыя радыёэфіры. Прэс-цэнтр і інфармацыйныя прадукты, якія там выпускаюцца, вельмі згуртоўваюць удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Сваю датычнасць да вырашэння школьных задач адчуваюць і дзеці, і настаўнікі, і бацькі. Далучанасць да патрэбнай справы фарміруе ў вучняў актыўную грамадзянскую пазіцыю, выхоўвае патрыятызм. Гэта і эфектыўная прафарыен­тацыя. Канечне, прафесію, звязаную са СМІ, выберуць адзінкавыя навучэнцы, але ўменні пісаць тэксты, рабіць фатаграфіі і відэа, бяспечна ўзаемадзейні­чаць з лічбавым асяроддзем вельмі
спатрэбяцца ім у будучыні, — пераканана Ірына Ільюшчанка.

Кіраўнік гуртка “Юныя журналісты” настаўніца пачатковых класаў Людміла Казадоева са сваімі падапечнымі

Пакуль у складзе прэс-цэнтра задзейнічаны старшакласнікі і вучні сярэдняга звяна. Але ва ўстанове працуюць над падрыхтоўкай іх змены. З верасня тут пачаў функцыянаваць гурток “Юныя журналісты”, які наведваюць навучэнцы 3 класа.

— Плануем далейшае развіццё прэс-­цэнтра, — падкрэсліла дырэктар. — У найбліжэйшай перспектыве імкнёмся наладзіць выпуск яркага займальнага часопіса.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара