Новую спецыяльнасць — “Лабарант хімічнага аналізу 5-га разраду” — могуць асвоіць будучыя навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дырэктар Аляксандр Аляксандравіч Горленка расказаў, што каледж штогод выконвае план прыёму навучэнцаў, што пацвярджае стабільную, трывалую дзейнасць установы адукацыі. Цяпер у каледжы вядзецца падрыхтоўка кадраў на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі па запатрабаваных на рынку працы прафесіях. Навучальная ўстанова рыхтуе лабарантаў хімічнага і хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, апаратчыкаў хімводаачысткі, гальванікаў, электраманцёраў ахоўна-пажарнай сігналізацыі, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрамантажнікаў па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, токараў, шліфоўшчыкаў, слесараў-рамонтнікаў, электразваршчыкаў ручной зваркі, электразваршчыкаў на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах, ліцейшчыкаў пластмас, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў і інш.
— Працаўладкаванне і замацаванне выпускнікоў на прадпрыемствах — галоўны напрамак работы навучальнай установы, — падкрэсліў А.Горленка. — Геаграфія месцаў работы нашых выпускнікоў пашыраецца і ахоплівае прадпрыемствы ва ўсіх рэгіёнах краіны. Сярод іх ААТ “Гомельскі хімічны завод”, ААТ “Гомсельмаш”, ААТ “ГЗЛіН”, ААТ “БелАЗ”, ААТ “МТЗ”, ААТ “Інтэграл”, Дэпартамент аховы МУС Рэспублікі Беларусь, ААТ “Ваўкавыскі машынабудаўнічы завод”, ААТ “Віцязь” (Віцебск) і многія іншыя.
З дня свайго заснавання каледж рыхтуе спецыялістаў для хімічнай прамысловасці. Для арганізацыі падрыхтоўкі навучэнцаў па спецыяльнасці “Лабараторны аналіз” установа мае ўсе неабходныя рэсурсы: абсталяванне, сучасную матэрыяльна-тэхнічную інфраструктуру, інфармацыйнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне. Гэта дае магчымасць удасканальваць якасць вучэбнага працэсу і дасягаць поспехаў.
Навучэнка каледжа Варвара Суздалева з’яўляецца залатым прызёрам V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2023 па кампетэнцыі “Лабараторны хімічны аналіз”. Выкладчык спецдысцыплін Наталля Аляксандраўна Яраслаўцава — галоўны і міжнародны эксперт конкурсу ў гэтай кампетэнцыі. Яна прадстаўляла каманду Рэспублікі Беларусь на ўсерасійскім чэмпіянаце прафесійнага майстэрства “Прафесіянал-2023” у Санкт-Пецярбургу, дзе яе навучэнка заваявала сярэбраны медаль і заняла 2-е месца ў міжнародным заліку спаборніцтваў па напрамку “Лабараторны хімічны аналіз”.
З укараненнем новых тэхналогій, абсталявання, метадаў даследавання павялічваецца попыт прадпрыемстваў на рабочыя высокакваліфікаваныя кадры хімічнай прамысловасці. У сувязі з гэтым упершыню ў краіне каледж плануе адкрыццё ў 2024/2025 навучальным годзе падрыхтоўкі рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасці “Лабарант хімічнага аналізу 5-га разраду”. Гэта дазволіць найбольш поўна задаволіць патрэбнасці заказчыкаў кадраў у спецыялістах такога ўзроўню. Усе выпускнікі названай спецыяльнасці будуць на 100% забяспечаны працоўнымі месцамі.
Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва каледжа