У сваёй дзейнасці Гомельскі каледж бытавога абслугоўвання арыентуецца не толькі на грунтоўную прафесійную падрыхтоўку будучых спецыялістаў, але і на цеснае супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прафесійныя пробы
На пачатку сакавіка ў каледжы адбыўся чарговы выпуск: накіраванні на першыя рабочыя месцы атрымалі 49 маладых спецыялістаў па спецыяльнасці “Цырульнік, швачка”. Дарэчы, асаблівасць сёлетняга выпуску якраз у тым, што дзяўчаты вучыліся ў інтэграванай групе, а значыць, могуць працаваць па любой з вызначаных кваліфікацый.
Самы буйны заказчык кадраў Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання — вытворчае швейнае аб’яднанне “Камінтэрн”. Штогод разам са спецыялістамі прадпрыемства ў каледжы абмяркоўваюць актуальныя пытанні падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. Сярод важных момантаў — арганізацыя адукацыйнага працэсу, умовы праходжання вытворчай практыкі, працаўладкаванне выпускнікоў. Са слоў дырэктара Гомельскага каледжа бытавога абслугоўвання Аляксандра Гурына, сёння ўстанова працуе над павышэннем якасці падрыхтоўкі навучэнцаў: важна, каб на першае рабочае месца малады спецыяліст прыйшоў з тым узроўнем ведаў і ўменняў, якога ад яго чакаюць работадаўцы.
“У аснове адукацыйнага працэсу каледжа — практыка-арыентаванае навучанне, якое дазваляе рыхтаваць запатрабаваных высокакваліфікаваных работнікаў, канкурэнтаздольных на рынку працы, — расказвае Аляксандр Гурын. — Дасягнуць высокіх паказчыкаў у гэтым напрамку дазваляе актыўны ўдзел навучэнцаў у конкурснай і валанцёрскай дзейнасці. Што тычыцца работы з работадаўцамі, то наш асноўны заказчык кадраў — “Камінтэрн”. Карэкціроўка вучэбных праграм, калі гэта трэба, таксама праводзіцца разам са спецыялістамі прадпрыемства. Здараецца, што для работы на швейным аб’яднанні патрабуюцца адзінкавыя кваліфікацыі, напрыклад, тэрмаапрацоўшчык. У межах вучэбнай праграмы мы даём сваім навучэнцам базавыя веды па гэтым кірунку, а ўжо на прадпрыемстве яны павышаюць кваліфікацыю і разрад. Раней на “Камінтэрне” быў дэфіцыт кадраў, але сёння мы сумесна вырашылі гэтую праблему”.
За два месяцы да заканчэння каледжа ў маладых спецыялістаў пачынаецца практыка на “Камінтэрне”. Як правіла, яна арганізуецца для большасці дзяўчат. Гэта робіцца для таго, каб на прадпрыемстве таксама маглі правесці адбор і прапанаваць работу самым зацікаўленым і матываваным.
“Я ўпэўнены, што работадавец мае права выбіраць лепшых з лепшых, бо ўзамен прапануе добрыя ўмовы для работы”, — сцвярджае Аляксандр Гурын.
Дарэчы, дзякуючы супрацоўніцтву з “Камінтэрнам” і яго спонсарскай дапамозе, на пачатку бягучага навучальнага года ў каледжы быў рэалізаваны сумесны праект “Дрэс-код” па вырабе школьнай формы для навучэнцаў першага курса. Акцыя атрымала шырокі рэзананс і не засталася незаўважанай не толькі ў вобласці, але і ў краіне.
“Мы арыентуемся на запыты прадпрыемства і, зыходзячы з гэтага, будуем вучэбны працэс, — падзяліўся Аляксандр Гурын. — Я ўпэўнены, што трэба не проста вучыць запраўляць нітку ў іголку, а максімальна наблізіць навучанне да таго тэхналагічнага працэсу, які створаны на фабрыцы. Гэта няпроста, але навучэнцы павінны дасканала разумець працэсы аўтаматызаванай сістэмы аўтакрою, мець навыкі ў аўтаматызаваным вырабе лякал, працаваць з вышывальнай машынай і інш”.
Узаемны інтарэс
У тым, што супрацоўніцтва заказчыка кадраў з установай адукацыі павінна пачынацца з першага года навучання і працягвацца да выпуску маладых спецыялістаў, упэўнены прадстаўнікі “Камінтэрна”.
“Больш за ўсё маладых спецыялістаў да нас прыходзіць менавіта з Гомельскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання, — расказала намеснік дырэктара па кадрах вытворчага швейнага аб’яднання “Камінтэрн” Ірына Абрамцава. — Чвэрць супрацоўнікаў на прадпрыемстве — гэта дзяўчаты да 30 гадоў”.
Размеркаванне на прадпрыемства дае маладым спецыялістам магчымасць атрымаць дадатковыя прафесіі аператара раскройнага комплексу і насцільшчыка, якім у ССНУ не вучаць. Для таго каб стаць майстрамі ў вызначаных кірунках, маладыя спецыялісты павінны год адпрацаваць па той спецыялізацыі, якую атрымалі ў каледжы, а пасля вучыцца новаму.
“Павышэнне кваліфікацыі адбываецца згодна з зацверджанымі вучэбнымі праграмамі, — зазначыла Ірына Абрамцава. — Наша прадпрыемства — адзінае, дзе выдаюць не проста даведку, што малады спецыяліст асвоіў новую прафесію, а пасведчанне дзяржаўнага ўзору”.
Месяц назад на “Камінтэрн” былі размеркаваны Марыя Любін і Кацярына Сініцына. Жаданне стаць часткай каманды прафесіяналаў у дзяўчат з’явілася пасля таго, як прыйшлі сюды на практыку.
“Калі першы раз прыйшлі на практыку, нас здзівілі маштабы прадпрыемства, — дзеліцца Марыя Любін. — Калі нешта было незразумела ў рабоце, звярталіся па дапамогу да старэйшых калег, якія ніколі не адмаўлялі і заўсёды дапамагалі. Убачыўшы ўсё на свае вочы, мы вырашылі, што хочам сюды прыйсці на работу”.
У адрозненне ад сваёй калегі, Кацярына Сініцына думала, што стане цырульнікам, але ўсё змянілася пасля паступлення ў каледж.
“Я паступала на спецыяльнасць “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў. Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” і хацела стаць цырульнікам, бо гэты кірунак здаваўся больш цікавым, — успамінае малады спецыяліст. — Ніколі б не падумала, што мае жаданні зменяцца. Любоў да швейнага мастацтва нам прывіла майстар Наталля Андрэеўна Шапавалава, якая выкладае ў каледжы. Яна сапраўдны прафесіянал, які жыве сваёй справай. Наталля Андрэеўна заўсёды дапамагала і тлумачыла ўсё з самага пачатку і да канца, калі нешта незразумела. Мы нават сёння, калі ўжо працуем на “Камінтэрне”, можам ёй пазваніць і папрасіць дапамогі. І яна дапаможа. Яшчэ больш упэўніцца ў тым, што стаць швачкай — гэта правільны выбар, дапамаглі спецыялісты “Камінтэрна”. Пасля першай практыкі я вырашыла, што хачу тут працаваць. Дзякуючы кваліфікацыям, якія атрымалі падчас вучобы ў каледжы, нашы мары збыліся. Сёння мы частка адной вялікай сям’і”.
Урокі для школы
Для павышэння якасці падрыхтоўкі маладых спецыялістаў у каледжы быў адкрыты цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій швейнай вытворчасці. Сёння яго дзейнасць накіравана на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, якія валодаюць перадавымі тэхналогіямі ў галіне лёгкай прамысловасці.
“На базе цэнтра кампетэнцый рэалізуюцца адукацыйныя праграмы па падрыхтоўцы швачак, краўцоў, аператараў швейнага абсталявання, раскладчыкаў лякал, раскройшчыкаў, — зазначыў дырэктар каледжа. — Пачынаючы з 2013 года тут прайшлі навучанне 1546 чалавек”.
Ужо на працягу некалькіх гадоў каледж арганізуе заняткі па прафесійнай падрыхтоўцы для школьнікаў. Навучанне вядзецца па такіх кірунках, як “Швачка”, “Майстар па манікюры”, “Візажыст”. Сёлета атрымаць базавыя навыкі ў гэтых кірунках змаглі больш чым 180 вучняў са школ Гомеля і Гомельскага раёна. Аляксандр Гурын лічыць, што арганізацыя адпаведных заняткаў робіць значны ўклад у павышэнне якасці адукацыі, дапамагаючы старшакласнікам вызначыцца з выбарам прафесіі.
Дарэчы, па асобна распрацаванай праграме ў мінулым годзе ў цэнтры кампетэнцый каледжа ўпершыню былі арганізаваны заняткі для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Такая сістэма работы — важны крок, які дапамагае не толькі больш глыбокай сацыялізацыі вызначанай групы дзяцей, але і дазваляе ім знайсці сябе ў свеце прафесій.
“Што тычыцца ўзаемадзеяння са школамі, то яно дае старшакласнікам магчымасць атрымаць пачатковыя навыкі ў тых рабочых прафесіях, якія сёння запатрабаваны на рэгіянальным рынку працы, — запэўнівае дырэктар установы. — У сваю чаргу каледж, дзякуючы такому супрацоўніцтву, атрымлівае магчымасць не ўпусціць творчую асобу з улікам спецыфікі нашых спецыяльнасцей”.
У мінулым навучальным годзе ў сярэдняй школе № 1 Веткі імя А.А.Грамыкі была ўведзена новая форма арганізацыі і правядзення вучэбных заняткаў па прафесійнай падрыхтоўцы ў рамках працоўнага навучання — выязныя ўрокі.
“Такое супрацоўніцтва грунтуецца на дагаворных асновах, згодна з якімі ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі выдзяляе памяшканне для правядзення вучэбных заняткаў, — тлумачыць Аляксандр Гурын. — Каледж, у сваю чаргу, дапамагае абсталяваць працоўныя месцы, а таксама забяспечвае абслугоўванне абсталявання і праводзіць вучэбныя заняткі па тэарэтычным і вытворчым навучанні”.
Адным з актуальных напрамкаў у фарміраванні прафесійнага светапогляду дзяцей з’яўляецца далучэнне іх да ўдзелу ў конкурсах прафесійнага майстэрства яшчэ падчас навучання ў школе. Міжнародны фестываль прыгажосці “Ружа вятроў”, абласны конкурс прафесійнага майстэрства “Юністайл”, конкурс JuniorSkills у рамках правядзення рэгіянальнага адборачнага тура WorldSkills Belarus — гэта ўсё цудоўны шанс прадэманстраваць свае таленты ў швейным і цырульніцкім майстэрстве.
“Мы практыкуем сустрэчы прадстаўнікоў заказчыкаў кадраў з тымі навучэнцамі 11 класаў, якія ў школе праходзілі навучанне па нашых праграмах, — акцэнтуе ўвагу кіраўнік установы. — Такія мерапрыемствы дазваляюць навучэнцам абмеркаваць з работадаўцамі далейшыя месцы працаўладкавання, умовы працы, заработную плату. Безумоўна, навучэнцаў хвалююць перспектывы развіцця прафесій і рынку працы, асаблівасці прафесійнай дзейнасці, а таксама пытанні паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Наладзіўшы такое супрацоўніцтва са школамі і заказчыкамі кадраў, мы працягваем рухацца ў правільным кірунку, своечасова вырашаючы пастаўленыя задачы. А яны ўсе, між іншым, накіраваны на падрыхтоўку вучняў да ўсвядомленага выбару прафесіі і паступлення ў тую ўстанову адукацыі, якая дазволіць атрымаць грунтоўныя веды і дапаможа рэалізавацца ў жыцці”.
Наталля САХНО
Фота аўтара