Грацыя. Як добра гэтае слова пасуе да швейнага майстэрства. Колькі сінонімаў яму ўласціва! Грацыёзнасць, вытанчанасць, элегантнасць і, урэшце, хараство. Грацыя бясконцага руху, удасканалення прафесійнага майстэрства — такія вобразы сугучныя з дзейнасцю Мінскага дзяржаўнага каледжа індустрыі моды.
Яшчэ жывыя ўспаміны, свежыя эмоцыі ва ўдзельнікаў Размеркаванага Еўразійскага чэмпіянату, які нядаўна прайшоў у расійскім Саранску. Нашы канкурсанты з устаноў прафесійнай адукацыі выступілі там вельмі ўдала. У спісе лідараў — Таццяна Цішкавец, нядаўняя навучэнка мінскага каледжа, а сёння яго выпускніца. Неаднаразовая пераможца шматлікіх конкурсаў, яна і на гэты раз стала лепшай у кампетэнцыі “Тэхналогія моды” і ў напружанай барацьбе сярод дзясятка ўдзельнікаў заваявала залаты медаль.
Як толькі дзяўчына прыйшла вучыцца ў каледж, педагогі адразу заўважылі, што яна па-сапраўднаму захоплена швейнай справай, мае прыродны дар. Ужо на першым курсе Таццяна многае ўмела. Папярэдне яна вучылася шыць дома, у школьнай майстэрні, і прамая строчка давалася ёй лёгка. Але самае каштоўнае, што было ў Таццяне, — гэта неабмежаваная фантазія, невычарпальная энергія, жаданне ствараць новае, здзіўляць і ўражваць іншых. Усе гэтыя якасці дазвалялі дзяўчыне імкнуцца да ўдасканалення, да новых вяршынь у сферы моды. Яна стала пастаяннай удзельніцай шматлікіх конкурсаў, алімпіяд па працоўным навучанні, пачала прымаць удзел у міжнародным руху прафесійнага майстэрства, і кожны раз яе адзначалі высокімі ўзнагародамі. Цяпер яна — майстар вытворчага навучання.
— Яшчэ задоўга да выпускнога я ведала, што застануся ў каледжы працаваць майстрам, — расказвае Таццяна. — З першых дзён установа стала для мяне родным домам, сям’ёй, тым больш што і мая мама таксама тут вучылася і стала сапраўднай майстрыхай. І вось цяпер я рыхтую свой працяг — новых майстроў швейнага майстэрства!
Таццяна з задавальненнем расказвае пра сваю вучэбную групу і лічыць, што ёй пашанцавала: у яе самыя разумныя, творчыя дзеці, якія імкнуцца дасканала навучыцца швейнаму майстэрству, стаць сапраўднымі прафесіяналамі. У адказ іх майстар аддае ўсё тое, што ведае і ўмее сама.
Чытайце матэрыял Алы Клюйко ў нумары ад 28 кастрычніка 2022 года.