Уменне візуалізаваць вучэбную інфармацыю з’яўляецца адной з неабходных якасцей настаўніка хіміі. Дыдактычная значнасць працэсаў візуалізацыі праяўляецца перш за ўсё ва ўвасабленні прынцыпу нагляднасці ў навучанні. Аднак сучасныя ўмовы патрабуюць яго рэалізацыі на якасна новым узроўні: варта не проста выкарыстоўваць візуальныя сродкі для ілюстрацыі вучэбнага матэрыялу, а садзейнічаць актывізацыі разумовай і пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.
Адным з сучасных спосабаў візуалізацыі вучэбнай інфармацыі з’яўляецца кросенс. Яго называюць асацыятыўнай галаваломкай, якая створана па аналогіі з крыжаванкай, пры гэтым адрозненне ад крыжаванкі ў тым, што ў кросенсе замест слоў перасякаюцца выявы. Існуюць розныя варыянты такіх галаваломак па структуры.
Класічны кросенс уяўляе сабой стандартнае поле з дзевяці квадратаў, у якіх размешчаны выявы. Паміж сабой выявы ў кросенсе могуць быць звязаны трыма спосабамі (мал. 1).
Задача навучэнцаў — растлумачыць кросенс, скласці тэкст — асацыятыўны ланцужок праз узаемасувязь выяў. Дзевяць выяў расстаўлены такім чынам, што кожная карцінка мае сувязь з папярэдняй і наступнай, а цэнтральная аб’ядноўвае па сэнсе адразу некалькі. Сувязі могуць быць як павярхоўнымі, так і глыбіннымі, але ў любым выпадку гэта выдатнае практыкаванне для развіцця лагічнага мыслення і творчых здольнасцей.
Кросенсы можна выкарыстоўваць на розных этапах урокаў і пазаўрочнай дзейнасці:
• праверка дамашняга задання (з дапамогай кросенса расказаць аб матэрыяле мінулага ўрока — функцыя апорнай вобразнай схемы);
• фармулёўка тэмы ўрока, пастаноўка мэты ўрока (знайдзіце сувязь паміж выявамі і вызначыце тэму ўрока; вызначыце, што мы будзем рабіць);
• раскрыццё інфармацыйнага блока тэмы, пошук праблемы (віды, прычыны, рысы, наступствы чаго-небудзь у вобразах і сімвалах);
• абагульненне матэрыялу, замацаванне (кросенс складаецца з выяў, якія з’яўляліся падчас урока на розных этапах, навучэнцы па іх абагульняюць матэрыял і робяць выснову);
• арганізацыя групавой работы (складанне кросенса на зададзеную тэму з прапанаваных выяў, параўнанне кросенсаў груп);
• творчае дамашняе заданне (складанне кросенса ў друкаваным або электронным выглядзе на зададзеную тэму, на адвольную тэму, па гістарычнай асобе або эпосе);
• пабудова структуры ўрока (дзевяць элементаў кросенса могуць змяшчаць у сабе паслядоўнае адлюстраванне структуры ўрока з іменем, мэтай або праблемай усярэдзіне).
Кросенс можа быць складзены як настаўнікам, так і навучэнцамі. Кросенс, складзены вучнем, спрыяе развіццю лагічнага і вобразнага мыслення, павышае матывацыю і развівае здольнасць самавыяўлення. Імкнучыся адлюстраваць сваё бачанне, вучні шукаюць цікавы дадатковы матэрыял, праяўляюць нестандартнае мысленне і павялічваюць узровень уласнай эрудыцыі. Як любое творчае заданне, кросенсы павышаюць ініцыятыўнасць, крэатыўнасць і развіваюць уяўленне.
Прывяду некаторыя варыянты выкарыстання кросенса.
1. Фармулёўка тэмы ўрока, пастаноўка мэты ўрока.
Настаўнік прапануе знайсці сувязь паміж выявамі і вызначыць тэму ўрока, а таксама меркаваны вынік. Для гэтага можна выкарыстоўваць кросенс “Солі” ў 7 класе, а таксама пры паўтарэнні тэмы “Солі” ў 8 класе (мал. 2).
Адказы на кросенс: 1. Сонца. 2. Мора. 3. Кара-Багаз-Гол — салёнае возера Кара-Багаз-Гол. 4. Салюс — багіня ў старажытных рымлян. 5. У Італіі — “сольдзі”, у Францыі — “солід” і французскае слова “салер” — “жалаванне”. 6. Маскоўскае паўстанне 11 чэрвеня 1648 г. пазней назавуць гэтым бунтам. 7. Фізіялагічны раствор. 8. Прадстаўнікі гэтага класа злучэнняў. Адказ — соль.
2. Раскрыццё інфармацыйнага блока тэмы “Хлор як хімічны элемент і простае рэчыва” ў 9 класе можа ажыццяўляцца на аснове кросенса (мал. 3). Настаўнік прапануе адказаць на пытанне “Які хімічны элемент выяўлены на карцінцы ў левым верхнім вугле?” Далей паслядоўна вывучаецца будова атама хлору, яго фізічныя і хімічныя ўласцівасці як простага рэчыва. Па выніку ўрока робіцца агульная выснова па тэме. На наступным уроку магчыма выкарыстанне гэтага кросенса для праверкі дамашняга задання ў якасці апорнай схемы.
3. Для замацавання матэрыялу тэмы “Чыстыя рэчывы і сумесі” ў 7 класе настаўнік прапануе навучэнцам наступны шэраг паняццяў: аднародная і неаднародная сумесь, масавая доля кампанента, чыстыя рэчывы. Задача — скласці кросенс. Потым клас абменьваецца выкананымі работамі, праводзіцца іх аналіз (мал. 4). Такі варыянт работы можна прапанаваць і ў якасці творчага дамашняга задання.
4. У ходзе праверкі дамашняга задання па пытанні “Алатропія” ў 9 класе навучэнцам пры адказе прапануецца выкарыстоўваць кросенс, у якім зашыфраваны алатропныя мадыфікацыі (мал. 5).
Прымяненне кросенсаў аказвае станоўчае эмацыянальнае ўздзеянне на навучэнцаў, дазваляе больш эфектыўна засвойваць матэрыял, што спрыяе фарміраванню неабходных кампетэнцый. Прыём з’яўляецца ўніверсальным, бо можа выкарыстоўвацца для розных ступеней навучання, пры вывучэнні розных курсаў, а таксама для навучэнцаў з рознымі ўзроўнямі падрыхтаванасці.
Вікторыя МАСТАБАЙ,
настаўніца хіміі Стралічаўскай сярэдняй школы імя У.М.Марчанкі
Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.