Пад кіраўніцтвам Ігара Малініна мінскія школьнікі асвойваюць агнявую падрыхтоўку, вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, пераносіць раненых, збіраць аўтамат, укладваць парашут, а таксама спасцігаюць сакрэты шыфроўкі і дэшыфроўкі інфармацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Так насычана і разнастайна праводзяць час пасля ўрокаў члены ваенна-патрыятычнага клуба “Мужнасць”, які быў заснаваны кіраўніком профільнага напрамку сярэдняй школы № 30 Мінска Ігарам Уладзіміравічам Малініным на базе 742-га палявога вузла сувязі сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пры ўзаемадзеянні з в/ч 5448 унутраных войск МУС у лістападзе мінулага года.
Сёння заняткі ў клубе наведваюць 27 чалавек, сярод якіх школьнікі з розных устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы. А ў цэлым сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстанове пабудавана так, што ахоплівае навучэнцаў з 3 па 11 клас. Гэта забяспечвае пераемнасць на розных узроўнях адукацыі.
Стварэнню клуба “Мужнасць” папярэднічала пэўная работа, якую Ігар Уладзіміравіч пачаў праводзіць ва ўстанове адукацыі з першага дня працаўладкавання ў верасні 2021 года. На яго занятках школьнікі вывучаюць гісторыю стварэння Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асновы ваеннай справы, займаюцца агнявой, страявой, фізічнай і ваенна-медыцынскай падрыхтоўкай.
Чытайце матэрыял Марыны КУНЯЎСКАЙ у нумары ад 21 лютага 2023 года.