Настаўнікі Іна і Павел Цібец ужо 30 гадоў не толькі ідуць поплеч па жыцці, але і выкладаюць у Лагішынскай сярэдняй школе Пінскага раёна. Нягледзячы на насычаную працоўную дзейнасць у школе, пара заўсёды знаходзіць час для сумеснага адпачынку і заняткаў любімым хобі — пчалярствам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Цікавасць да педагогікі ў Іны Станіславаўны ўзнікла дзякуючы маме. Ганна Мікалаеўна і дзве яе сястры — Валянціна і Вера — усё жыццё працавалі настаўнікамі. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер — Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна) лёс раскідаў сясцёр па Савецкім Саюзе, але нябачная сувязь паміж імі захавалася і праз гады.

— Маёй маці пашанцавала вярнуцца ў родную Лагішынскую школу выхавальнікам групы прадоўжанага дня. А з 1988 па 2015 год яна кіравала гэтай установай адукацыі… Ганну Мікалаеўну заўсёды цікавіў педагагічны вопыт іншых устаноў адукацыі. Яна шмат размаўляла са сваёй сястрой, якая выкладала ў Хабараўскім краі, пра школы на Далёкім Усходзе, знаёмілася з работай гімназічных класаў дзякуючы маёй другой цётцы, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў у гімназіі №1 Пінска. У Лагішынскай школе былі адкрыты першыя ў раёне класы з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і матэматыкі. Сёстры да гэтага часу часта вядуць дыскусіі аб выхаванні дзяцей, педагагічнай дзейнасці, — расказвае Іна Цібец.
З будучай прафесіяй яна вызначылася яшчэ ў 10 класе, паступіўшы на завочныя падрыхтоўчыя курсы ў Брэсцкі педінстытут. Навучанне там падарыла сустрэчу з будучым мужам, які аказаўся яе земляком.
— Мой выбар спыніўся на філалагічным факультэце (спецыяльнасць “Беларуская мова і літаратура”). У гэты ж час пасля службы ў арміі на спецыяльнасць “Дапрызыўная і фізічная падрыхтоўка” паступіў і мой будучы муж Павел. Пры першых сустрэчах з ім я адчула, што мы створаны адно для аднаго: у нас былі агульныя інтарэсы і аднолькавая жыццёвая пазіцыя, — паведаміла настаўніца.
Маладая сям’я трапіла па размеркаванні ў Лагішынскую школу, дзе дагэтуль абое працуюць настаўнікамі. Іна Станіславаўна выкладае беларускую мову і літаратуру, а Павел Пятровіч вядзе фізічную культуру і дапрызыўную падрыхтоўку.
— Прыехаўшы на першае працоўнае месца, спачатку адчувала сябе няёмка, бо зусім нядаўна людзі, якія сталі калегамі, былі маімі настаўнікамі. У першы год нам дапамагалі вопытныя педагогі, давалі парады. Дарэчы, да нас дырэктар была больш патрабавальнай, чым да іншых настаўнікаў, — з усмешкай успамінае І.Цібец. — Мы асвойвалі розныя формы і метады правядзення ўрокаў. У школе працавалі выдатнікі адукацыі, метадысты, якія чыталі лекцыі і дзяліліся сваімі напрацоўкамі з педагогамі ў Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Нам было ў каго вучыцца, і, безумоўна, мы дапамагалі адно аднаму.
У сям’і рос сын Валерый, які таксама скончыў Лагішынскую школу. З пачатковых класаў хлопец разумеў, што трэба імкнуцца атрымліваць веды самастойна: гэтаму вучыла і бабуля, і бацькі.
— Працоўнае і сямейнае жыццё ўзаемазвязаныя. Калі ўзнікаюць праблемныя моманты на рабоце, мы заўсёды абмяркоўваем іх дома, — заўважае Павел Пятровіч. — Абавязкова знаходзім час і для заняткаў любімай справай — пчалярствам. Агульныя інтарэсы аб’ядноўваюць, робяць нас яшчэ больш працаздольнымі і творчымі, у тым ліку і ў педагагічнай дзейнасці.
Педагогі адзначаюць: сучасныя дзеці больш патрабавальныя, таму настаўнікам пастаянна трэба ўдасканальваць свае прафесійныя ўменні. Нават зараз, праз 30 гадоў педагагічнай дзейнасці, яны ўвесь час вучацца і авалодваюць новымі ведамі.
Муж і жонка параўноўваюць працу пчол па зборы нектару са сваёй настаўніцкай місіяй.
— Пчала ляціць шмат кіламетраў, каб прынесці нектар у свой вулей. Так і мы: не толькі па крупінцы ўкладваем у дзяцей веды, але і выхоўваем у іх працавітасць, грамадзянскую пазіцыю, прывіваем любоў да родных мясцін, да Беларусі, — падкрэслівае Іна Цібец.
Вучні сямейнай пары перамагаюць на раённых і абласных конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах.
— Многія выпускнікі выбіраюць прафесію педагога. Сярод іх настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Дзмітрый Ясевіч і Аляксандр Ганчар, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лідзія Цэван, настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Папека. А настаўніца пачатковых класаў Юлія Гузарэвіч, настаўніца англійскай мовы Алена Чачотка і настаўнік матэматыкі Іван Лазюк цяпер нашы калегі і таксама працуюць у Лагішынскай школе, — расказвае Павел Цібец.
Ульяна КАСЦЮНІНА
Фота з архіва герояў





