Якім павінен быць сучасны настаўнік пачатковых класаў? Па меркаванні Святланы Гурковай з сярэдняй школы № 2 Круглага, трэба быць псіхолагам, арганізатарам, медыятарам, а яшчэ — умець супрацоўнічаць з сям’ёй. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Са школай жыццё Святланы Гурковай звязана больш за 30 гадоў. За гэты час яна выпрацавала ўласную сістэму эфектыўнай работы з класам.
— Ніколі не раздзяляю навучанне і выхаванне. Сустракаючы чарговых першакласнікаў, стаўлю перад сабой мэту — выгадаваць вучняў самадастатковымі асобамі з трывалымі духоўна-маральнымі каштоўнасцямі, высокай эрудыцыяй і шырокім светапоглядам. Пачынаю заўсёды з аб’яднання калектыву. У класе разам збіраюцца абсалютна розныя дзеці, і мне неабходна дапамагчы ім з адаптацыяй, навучыць кантактаваць адно з адным і жыць па школьных правілах, — адзначыла Святлана Аляксандраўна.
Псіхалагічны камфорт дасягаецца праз мноства выхаваўчых мерапрыемстваў. Разнастайныя калектыўна-творчыя справы дазваляюць педагогу не толькі ператварыць клас у адзінае цэлае, але і раскрыць патэнцыял навучэнцаў.
— Заўсёды імкнуся да кожнага падыходзіць індывідуальна, бо штодзень маю справу з вельмі далікатным — дзіцячай душой. Зараз у маім класе 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. Выразна ўсведамляю, што кожнае прозвішча ў журнале — гэта маленькі чалавек са сваім характарам і асаблівасцямі. Штодня імкнуся, каб навучэнцы адчувалі неабыякавасць і клопат. Стараюся быць мудрай, справядлівай, тактоўнай і цярплівай, — расказала Святлана Аляксандраўна.
Яна ўпэўнена: педагогу неабходна быць для дзяцей узорам для пераймання ва ўсім.
— У класным кіраўніцтве, як і ў педагагічнай дзейнасці, першачарговае — шчырасць. Вучняў не падманеш, яны хутка распазнаюць любы фальш. Па гэтай прычыне словы педагога не павінны ісці ўразрэз з дзеяннямі. Нельга вучыць чаму-небудзь і не прытрымлівацца сваіх жа настаўленняў, таму даю арыенціры канкрэтнымі ўчынкамі. Вучу дзяцей быць мэтанакіраванымі, адказнымі, самастойнымі, рашучымі, добрымі і сумленнымі, — падзялілася Святлана Аляксандраўна.
Асаблівую ўвагу Святлана Гуркова ўдзяляе патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Любоў да Радзімы настаўніца таксама прывівае праз асабістыя перакананні.
— Планамерна прыцягваю вучняў да мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму. Мы рэгулярна вядзём тэматычныя гутаркі на класных і інфармацыйных гадзінах, наведваем музеі і падарожнічаем па раёне. Так дзеці далучаюцца да нацыянальных каштоўнасцей, гісторыі і культуры роднай краіны. Ім вельмі падабаецца ўдзел у грамадска карысных справах. Працуючы побач з дарослымі, дзеці вучацца спагадлівасці, узаемадапамозе і згуртаванасці — характэрным рысам беларускага народа, — падкрэсліла настаўніца.
Адметна, што Святлана Гуркова гарманічна спалучае традыцыйныя і сучасныя формы выхаваўчай работы. На думку педагога, у іншым выпадку злавіць хвалю разумення з вучнямі будзе складана.
— Цяперашняе пакаленне адрозніваецца большай ініцыятыўнасцю, уласным поглядам на тое, што адбываецца вакол іх. Настаўнікам трэба гэта ўлічваць і прымяняць займальныя і пазнавальныя методыкі, якія даюць навучэнцам больш прасторы для самарэалізацыі, — патлумачыла Святлана Аляксандраўна.
Адным з ключавых момантаў Святлана Гуркова лічыць узаемадзеянне з сем’ямі вучняў. Яна пераканана: без садружнасці настаўніка і бацькоў не дасягнуць цэласнага развіцця школьнікаў.
— Арганізоўваю адукацыйны працэс у цесным супрацоўніцтве з бацькамі. З мамамі і татамі мы аднадумцы і саюзнікі. Інфармацыйныя тэхналогіі даюць магчымасць бесперапынна быць на сувязі, сумесна ствараць умовы для выніковага навучання і выхавання дзяцей, — заўважыла педагог.
У ліку працоўных прыярытэтаў Святланы Аляксандраўны — прафесійны рост, таму яна пастаянна знаходзіцца ў рэжыме самаўдасканалення: удзельнічае ў конкурсах, семінарах, канферэнцыях. Прычым даволі паспяхова. Так, сёлета яна стала ўладальніцай дыплома І ступені на фестывалі педагагічнага майстэрства “Якасць і творчасць — адзіныя”, прызнана адным з лепшых класных кіраўнікоў у Магілёўскай вобласці.
— У мяне шмат прафесійных узнагарод. Аднак галоўнае настаўніцкае дасягненне і гордасць — навучэнцы, — адзначыла Святлана Гуркова. — За гады працы выпусціла каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Жыццёвыя дарогі яны выбралі розныя, але ўсе сталі дастойнымі людзьмі, усе ўспамінаюць школьныя гады з цеплынёй у сэрцы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара