Інжынерны клас адкрыецца ў сярэдняй школе № 52 Мінска ў наступным навучальным годзе

- 9:00Образование

У інжынерным класе, які адкрыецца ў сярэдняй школе № 52 Мінска ў наступным навучальным годзе, на павышаным узроўні будзе выкладацца фізіка і матэматыка і праводзіцца факультатыў «У свеце тэхнікі і тэхналогіі», паведамілі карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» ва ўстанове адукацыі.

А з гэтага навучальнага года тут функцыянуе 8-ы клас дапрофільнай падрыхтоўкі па працоўным навучанні з абавязковым вывучэннем 3D-мадэлявання. Праз два гады і гэты клас стане інжынерным, набудзе адпаведную профільную накіраванасць. З хлопчыкамі працуюць настаўнікі працоўнага навучання Васіль Нявера і малады спецыяліст Арцём Кароткі.

Урокі працы ў дапрофільным працоўным класе праходзяць па парах (2 урокі на тыдзень) плюс факультатыў па 3D-мадэляванні. У гэты клас прыйшлі падрыхтаваныя вучні, якія на працягу двух гадоў, з 6-га па 8-ы клас, наведвалі заняткі працоўнага навучання дадаткова, рэалізоўвалі творчыя праекты на базе школьнага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, — адзначае В. Нявера. — Дзякуючы такому сучаснаму падыходу, калі дзеці навучаюцца не толькі ручной працы, але і праектаванню дэталей на камп’ютары, у іх фарміруецца інжынернае мысленне, тэхналагічная культура. Гэта дазволіць вучням пасля 9-га класа зрабіць усвядомлены выбар, напрыклад, працягнуць навучанне ў індустрыяльна-педагагічным або машынабудаўнічым каледжах. А той, хто вырашыць застацца ў школе, будзе займацца ў профільным інжынерным класе.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА