Ірына Снігірэвіч пра падрыхтоўку алімпіяднікаў: «Самае галоўнае для настаўніка — знайсці свайго вучня»

- 9:03Главная, Образование

Пра нюансы падрыхтоўкі школьнікаў да рэспубліканскай алімпіяды карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 18 Баранавіч Брэсцкай вобласці Ірына Снігірэвіч.

Вучні І. Снігірэвіч неаднаразова станавіліся пераможцамі алімпіяд рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародных. Так, летась Аляксандра Багданава заваявала залаты медаль на Х Еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе (EGEO-2024). Падрастае ў педагога новая змена. Сёлета на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды дзесяцікласнік Дзмітрый Яўсей стаў уладальнікам дыплома ІІІ ступені.

Усе думаюць, што ў пытаннях падрыхтоўкі да алімпіяд ёсць пэўныя сакрэты. Аднак ніякіх сакрэтаў тут няма, — адзначае Ірына Анатольеўна. — Самае галоўнае для настаўніка — знайсці свайго вучня, быць з ім на адной хвалі і размаўляць на адной мове. Цікава, што многія мае выхаванцы, якія дасягнулі поспеху, нарадзіліся са мной у адзін месяц, у нас было шмат агульных захапленняў: мы любілі адны і тыя ж фільмы, нам падабалася ігра на гітары і інш.

Калі вучні прыходзяць да мяне ў 6-м класе, я назіраю за імі, імкнуся прадугледзець, хто б з іх мог дасягнуць поспеху ў геаграфіі. Геаграфія — унікальная навука, у якой інтэграваны веды з фізікі і хіміі, літаратуры і гісторыі, матэматыкі і біялогіі. Яна не вельмі патрэбная для паступлення, аднак такая неабходная ў жыцці. Важна, каб у дзіцяці былі развіты кругагляд і дапытлівасць. А калі яшчэ ў школьніка матэматычны склад розуму, то я прыкладу ўсе намаганні, каб ён захапіўся прадметам.

Прапаноўваю вучням наведваць факультатыўныя заняткі (у 6—7-м класе — «Рашэнне задач па фізічнай геаграфіі»). Звычайна дзеці не адмаўляюцца, бо ім цікава самім. Адначасова адбываецца стварэнне творчай групы. Нягледзячы на тое, што асноўнай формай падрыхтоўкі да алімпіяды з’яўляецца індывідуальная работа, наяўнасць каманды мае вялікае значэнне. Яна дапамагае рэалізаваць узаемадапамогу, аказаць псіхалагічную падтрымку. У сярэдніх класах шырока выкарыстоўваю элемент спаборнасці. Арганізую віктарыны, конкурсы, гульні: хто хутчэй справіцца з задачай, хто дакладна пакажа на карце геаграфічныя аб’екты і інш. Навучэнцы-алімпіяднікі з’яўляюцца маімі памочнікамі на ўроках. Яны прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі мерапрыемстваў тыдня геаграфіі. Вучні ўдзельнічаюць у інтэрнэт-алімпіядах, конкурсах, з 8-га класа — у абласных алімпіядах. Па выніках такіх спаборніцтваў школьнікі бачаць свой узровень ведаў, месца ў рэйтынгавай табліцы, што з’яўляецца магутным стымулам для далейшай работы.

З 9-га класа пачынаецца сур’ёзная індывідуальная работа. Паглыбленае вывучэнне матэрыялу адбываецца ў любых формах і па любых крыніцах інфармацыі. І тут вельмі важная падтрымка бацькоў.

Рыхтуючыся да алімпіяды, мы бяром компас і робім здымку мясцовасці, раздрукоўваем Google-карту і праводзім функцыянальнае заніраванне тэрыторыі. Прыдумваем праект па паляпшэнні гэтай тэрыторыі. Уменні разважаць, лагічна мысліць, бачыць прычынна-выніковыя сувязі развіваюцца на аснове базавых ведаў. Звяртаюся да электронных рэсурсаў, рэсурсаў геаграфічных груп, на якіх настаўнікі дзеляцца сваім вопытам, дапамагаюць у рабоце курсы лекцый Вышэйшай школы эканомікі, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, расійскія падручнікі па геаграфіі В. Холінай. Вялікай падмогай з’яўляюцца семінары і курсы, якія праводзяцца для педагогаў на базе БДУ.

Мультымедыйны тур падабаецца навучэнцам, але паспяхова спраўляюцца з ім тыя вучні, якія маюць шырокі кругагляд. Калі раней дзеці часцей выязджалі з бацькамі на экскурсіі ў краіны блізкага і далёкага замежжа і бачылі тыя ці іншыя аб’екты, то сёння ў іх менш такіх магчымасцей. Яшчэ вельмі засмучае, што няма доступу да новых статыстычных даных.  

Лічу неабходным выхаваць у алімпіяднікаў пачуццё здаровай амбіцыйнасці, імкнення да перамогі. Навучыць іх верыць у свае сілы, пераканаць, што яны здольныя перамагаць. Аднак важна падкрэсліць, што пераможцамі бываюць не ўсе. І ў выпадку няўдачы не варта адчайвацца, а трэба працаваць далей.

Добрая задума — вочна-завочная школа алімпіяднага руху. У яе першай змене прынялі ўдзел усе мае навучэнцы, а вось у другую змену — толькі адзін. Гэта тлумачыцца тым, што вучні хочуць бачыць вынікі адразу. Думаю, больш мэтазгодна было б прамежкавыя вынікі падводзіць пасля кожнай змены. Больш таго, паказваць іх у рэйтынгавай табліцы, як гэта робіцца на міжнародных спаборніцтвах. У вучняў з’явіўся б стымул да далейшага ўдзелу. Акрамя таго, у дзяцей адбіваюць ахвоту заданні, якія выходзяць далёка за межы школьнай праграмы. Магчыма, такіх заданняў павінна быць працэнтаў 20. І тады б удзел у школе алімпіяднага руху можна было пачынаць з 6-га класа.  

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва педагога