Кантраляваць расход камунальных паслуг стане куды прасцей.
Выпускнік Мінскага каледжа прадпрымальніцтва Міхаіл Голуб прыдумаў утыліту, здольную адсочваць спажыванне камунальных рэсурсаў у рэальным часе. Яе карыстальнікі змогуць убачыць статыстыку як у лічбах, так і ў дыяграмах і нават у грашовым эквіваленце, што дазволіць максімальна хутка вырашыць пытанне аплаты паслуг.
Прас не перашкода
— SWE — не толькі мабільны дадатак, — расказаў аўтар праекта. — Гэта цэлы комплекс праграм, які дапамагае аб’яднаць усю інфармацыю па жыллёва-камунальнай гаспадарцы ў цэласную структуру. Яго аснова — дадатак для карыстальнікаў, які дазваляе адсочваць расход камунальных рэсурсаў і аплачваць запазычанасці. Таксама SWE дапамагае супрацоўнікам сферы камунальнай гаспадаркі кантраляваць спажыванне рэсурсаў і своечасова спаганяць аплату. У перспектыве з выкарыстаннем маёй распрацоўкі можна будзе перакрыць водазабеспячэнне, калі ў доме прарвала трубу. З электраэнергіяй такая ж гісторыя. Спыніць яе падачу здольна як камунальная служба, так і карыстальнік. Напрыклад, забыў чалавек прас выключыць, а ўспомніў толькі на рабоце. І дзякуючы SWE, ён спыніць падачу электрычнасці.
Тры ў адным
Такая прарыўная ідэя прыйшла Міхаілу падчас удзелу ў эканамічным праекце “Лесвіца поспеху”. Перад яго камандай стаяла задача стварыць бізнес, які спрыяў бы развіццю “зялёных” тэхналогій і захаванню прыродных экасістэм.
— Мы стараліся прыдумаць праект, які стаў бы не занадта дарагім у рэалізацыі, але ў той жа час спрыяў і эканамічнаму развіццю, і стабілізацыі экалагічнага становішча. Тады нарадзілася ідэя дадатку SWE, які дазваляе берагчы грошы і прыродныя рэсурсы, — прыгадаў Міхаіл. — Затым я працягнуў працаваць над ім самастойна і вырашыў мадэрнізаваць першапачатковую задуму — зрабіць цэлую платформу, якая аб’яднае некалькі сістэм. Напрыклад, сайт, які цяпер ствараецца для таго, каб кожны мог без спампоўвання карыстацца нашай распрацоўкай.
У праекце SWE ёсць нават гульня для самых маленькіх. Яна дапамагае навучыць дзіця адключаць электрапрыборы, якія не выкарыстоўваюцца, і перакрываць ваду, каб пазбегнуць перарасходу рэсурсаў. У ёй можна выбраць некалькі ўзроўняў складанасці — у залежнасці ад гэтага будзе генерыравацца лакацыя. На лёгкім узроўні вам неабходна адключыць усе прыборы ў аднапакаёвай кватэры, а на складаным — справіцца з вялікім загарадным домам. Як толькі дзіця выканае задачу, яно ўбачыць, які ўплыў могуць аказаць простыя штодзённыя дзеянні на навакольнае асяроддзе.
Не спадабалася — перарабіў
Міхаіл захапіўся праграмаваннем у час вучобы ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва. На занятках ён у дасканаласці асвоіў аб’ектна-арыентаваную мову C Sharp, а таксама шмат дадатковага матэрыялу, дзякуючы якому хлопец можа сам выбіраць, як будзе выглядаць яго ўтыліта і што будзе ў яе ўваходзіць.
— Да нядаўняга часу я ў адзіночку займаўся праграмаваннем дадатку, — адзначыў Міхаіл. — Ён напісаны праз платформу React Native, у аснове якой ляжыць мова JavaScript. Цікава, што першая версія SWE стваралася на C Sharp, але мы вырашылі яе перарабіць — не падабаўся дызайн і інтэрфейс. Цяперашняя праграма не толькі лепшая і больш зручная, але і настроена на збор інфармацыі з усіх тарыфаў.
Для практычнага выкарыстання гэтай тэхналогіі нам спатрэбіліся разумныя лічыльнікі. Гэтыя прылады прывязваюцца да нашай платформы і перадаюць сабраныя даныя на сервер. Таксама з дапамогай іх можна дыстанцыйна перакрываць падачу электраэнергіі, а ў перспектыве і вады. Прыйшлося доўга думаць над рэалізацыяй, але мне дапамог бацька, які працуе інжынерам у гэтай сферы. Ён падказаў, што можна знайсці пэўныя клапаны, якія дапамаглі б увасобіць гэтую ідэю ў жыццё.
Сакрэт ва ўніверсальнасці
З дадаткам SWE Міхаіл удзельнічаў у конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Перамог на раённым і гарадскім этапах, але ў фінале крыху не пашанцавала. Ідэя аказалася вельмі перспектыўнай і жыццяздольнай, не хапіла толькі больш глыбокай прапрацоўкі.
— На момант удзелу ў конкурсе мой праект уключаў у сябе толькі дадатак і быў накіраваны выключна на дапамогу людзям. Сайта таксама не існавала. Тады я не падазраваў, што мая задума можа разрасціся да такіх маштабаў. Перад самім фіналам прыйшла ў галаву думка, што трэба глядзець шырэй, але было позна мяняць канцэпцыю.
Зараз я сканцэнтраваны на дапрацоўцы праекта. Каб укараніць SWE, неабходна дарабіць сайт і дадатак, затым паглядзець, як ён сябе пакажа на рынку. Я ўпэўнены, што ў гэтым плане ўсё пройдзе добра. У далейшым магчыма дабаўленне новых паслуг. Напрыклад, па аналогіі з вадой і электрычнасцю хочам увесці кантроль за расходам газу. Таксама з дапамогай разумных датчыкаў плануем адсочваць стан трубаправодных камунікацый.
Мэтавая аўдыторыя SWE ўжо выяўлена. У першую чаргу рэсурс дапаможа маладым людзям, якія толькі знаёмяцца са сферай ЖКГ. Таксама ён спатрэбіцца сем’ям, якія хочуць навучыць дзяцей эканоміць.
У выпадку прарыву трубы яны дапамогуць хутка знайсці слабае месца, а значыць, скароцяць час, неабходны на выпраўленне аварыйнай сітуацыі. За кошт універсальнасці і карысці для навакольнага асяроддзя SWE чакаюць вялікія перспектывы, — выказаў упэўненасць Міхаіл.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.