Каб пашырыць кругагляд вучняў, настаўнік геаграфіі Юрый Мяцельскі далучае іх да распрацоўкі турыстычных маршрутаў

- 9:00Главная, Образование

За час работы настаўнік геаграфіі Палачанскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна Юрый Мяцельскі вызначыў уласныя падыходы ў выкладанні прадмета. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Геаграфічныя маршруты

Калі сам вучыўся ў школе, Юрый Мяцельскі палюбіў геаграфію за тое, што яна дазваляе падарожнічаць па розных краінах, пазнаваць культуру і быт народаў свету, — няхай сабе і завочна, але кругагляд, дзякуючы гэтаму, адназначна пашыраецца.

— А яшчэ я марыў пра тое, каб пабываць у Аўстраліі, — расказ­вае Юрый Міхайлавіч. — Калі вучыўся ў 6 класе, вырашыў, што хачу стаць географам і падарожнікам. Па сутнасці, так і стала. У 1982 годзе паступіў на геаграфічны факультэт БДУ, пасля трэцяга курса быў замацаваны за кафед­рай геалогіі і глебазнаўства.

Атрыманыя веды і імкненне пазнаваць свет прывялі будучага педагога на нафтараспрацоўкі ў Заходнюю Сібір. Праз некаторы час Юрый Міхайлавіч вярнуўся у Беларусь і прыйшоў працаваць у школу, дзе працягнуў разві­ваць сваё захапленне — геаграфічнае краязнаўства, — ім захапіў і вучняў.

— Мне падабаецца, што сістэма адукацыі развіваецца, што з’яўляюцца інавацыі, якія дазваляюць дапаўняць вучэбны працэс наватарскімі ідэямі, распрацоўкамі, — дадае настаўнік. — Прыемна, што да ідэй, якімі акумулююць педагогі, далучаюцца і школьнікі.

Па прызнанні Юрыя Міхайлавіча, для настаўніка, які шчыра любіць сваю справу, свой прадмет, не будзе перашкод у тым, каб зацікавіць вучняў на ўроку. А тых, хто зможа праявіць сябе, педагог заўважае яшчэ ў 5 класе:

— Я звяртаю ўвагу на многія рэчы. Важна, каб дзеці стараліся, вучыліся прыгожа гаварыць, бо гэта неабходна не толькі для таго, каб нешта агучыць, але і каб абараніць свае работы на шматлікіх конкурсах, дзе журы звяртае ўвагу на выразнасць маўлення.

Юрый Мяцельскі — настаўнік-метадыст, аўтар праграмы факультатыўнага курса “Таямніцы прыроды” для навучэнцаў 5—6 класаў, сшыткаў для практычных работ па геаграфіі для 6—11 класаў, краязнаўчых і вучэбна-метадычных артыкулаў на старонках навукова-метадычных часопісаў, суаўтар вучэбна-метадычнага дапаможніка “Агульная геаграфія” для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў адукацыі і інш. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

Шматлікія даследчыя работы, выкананыя вучнямі пад кіраўніц­твам Юрыя Міхайлавіча, неаднаразова былі адзначаны дыпломамі пераможцаў на раённым, абласным і рэспубліканскім этапах конкурсаў навукова-даследчых работ вучняў у секцыі “Геаграфія”, рэспуб­ліканскім і міжнародным конкурсах краязнаўчых даследчых работ. Сапраўдным шэдэўрам для геаграфіі раёна з’яўляецца даследчая работа “Тапанімічны даведнік і ГІС-атлас айконімаў Маладзечанскага раёна” (аўтары Паліна Фалей, Віталій Мяцельскі), а даследчая работа “Стварэнне краязнаўчага інтэрнэт-праекта “Маладзечанскі край у прасторы і часе” з выкарыстаннем мабільных дадаткаў iSpring, izi.Travel, графічнага рэдактара Pano і карта­графічнага рэдактара QGIS” прынесла славу яе аўтару: Паліна Фалей стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Навучэнцы Юрыя Мяцельскага — яго галоўныя паплечнікі і памочнікі ў любых пачынаннях. Разам з педагогам дзеці ходзяць у паходы, распрацоўваюць турыстычныя маршруты і экалагічныя праекты, з якімі перамагаюць на шматлікіх конкурсах.

Сцежкамі славутых землякоў

Геаграфічнае краязнаўства — гэта напоўненая шматгранная палітра знаходак і адкрыццяў. Каб пашырыць кругагляд вучняў, педагог далучыў іх да распрацоўкі турыстычнага маршруту “Сцежкамі славутых землякоў: ад Груздава да Яхімоўшчыны”. Ён пачынаецца са знаёмства з важным не толькі для раёна, але і для краіны помнікам архітэктуры 1871 года — Груздаўскай праваслаўнай царквой. Сярод знакавых прыпынкаў маршруту — касцёл Святога Роха ў Палачанах і ўнікальная страчаная архітэктурная спадчына — вёска Абарок. У ёй знаходзіцца мемарыяльны комплекс Ходзькаў-Дэдэркаў, які быў адкрыты ў 2015 годзе да юбілею Леанарда Ходзькі — асабістага сакратара Міхаіла Клеафаса Агінскага.

Яшчэ адзін важны праект — “Зялёныя маршруты Мала­дзечаншчыны” — быў задуманы як новы эколага-краязнаўчы маршрут па тых прыродных тэрыторыях Маладзечанскага раёна, якія маюць статус асабліва ахоўных.  Пазней гэты праект стаў пераможцам на рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. 

Каб развіць пазнавальную актыўнасць вучняў і стварыць умовы для актыўнага адпачынку, настаўнік геаграфіі распрацаваў стацыянарны квест “Родныя края­віды” на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу “Яхімоўшчына”. Інавацыйным аспектам праекта стаў квест-віктарына “Зялёныя маршруты Маладзечаншчыны”, распрацаваны ў мабільным дадатку izi.TRAVEL з выкарыстаннем Fake GPS-навігатара.

      Для таго каб прай­сці квест у рэальным рэжыме, неабходна згенерыраваць QR-код квеста з izi.TRAVEL на смартфон і рухацца да аб’ектаў згодна з інструкцыяй аўдыягіда, — тлума­чыць Юрый Міхайлавіч. — Пры набліжэнні да аб’екта навігатар падае адпаведны сігнал. За правільны адказ удзельнік атрымае 50 балаў. Для праходжання квеста ў віртуальным рэжыме неабходна загрузіць на смартфон дадатак Fake GPS, зайсці ў меню рэжыму распрацоўшчыка і па­чаць свой рух ад кантрольнага пункта па геаграфічных каардынатах. Пры супадзенні значка навігатара з рэальным аб’ектам на карце удзель­нік таксама пачуе сігнал. Пры правільным адказе на пытанне квеста налічваецца 70 балаў. Калі прайсці ўсе пункты, можна набраць 1610 балаў.

Па словах педагога, гэтая работа павышае ўзровень экалагічнай культуры школьнікаў, а таксама спрыяе развіццю краязнаўчай цікавасці да прыроды малой ра­дзімы, згуртоўвае школьны калектыў і фарміруе працоўныя ўменні і навыкі па ахове прыроднага багацця.

Надаючы многа ўвагі развіццю вучняў, Ю.М.Мяцельскі не забывае і пра самаўдасканаленне — важную частку прафесійнай кампетэнтнасці. Так, у мінулым годзе праходзіў міжнародны конкурс на стварэнне адукацыйных матэрыя­лаў па тэме “Змяненне клімату”, арганізаваны ў межах рэгіянальнага праекта праграмы развіцця ААН для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Юрый Міхайлавіч стаў адным з яго ўдзельнікаў. У конкурсе прымалі ўдзел больш як 100 чалавек. Па выніках ацэнкі два настаўнікі — Юрый Мяцельскі і Аляксандра Клімава з Бараўлянскай сярэдняй школы № 3 — сталі пераможцамі і былі запрошаны для ўдзе­лу ў канферэнцыі, якая праходзіла ў Алматы ў кастрычніку мінулага года.

— На конкурсе сабраліся прадстаўнікі 9 краін: Сербіі, Беларусі, Узбекістана, Арменіі, Таджыкістана, Расіі, Кыргызстана, Туркменістана, Казахстана, — дзеліцца ўспамінамі настаўнік. — Вучні абаранялі экалагічныя праекты, а я прадстаўляў сваю віртуальную гульню па праблемах змянення клімату “Кліматычны калейдаскоп”. 

Разважаючы над тым, як ­адзін школьны прадмет, які палюбіўся яшчэ ў дзяцінстве, можа ­стаць адным з важных сэнсаў жыцця, Юрый Міхайлавіч Мяцельскі літаратурна і па-філасофску гаво­рыць: “Геаграфія — гэта не толькі ўрок, гэта перш за ўсё родны край, у якім мы жывём. Геаграфія — гэта рукзак, палатка, мазалі, стомле­насць і ў той жа час радасць, гордасць за сябе, за сваіх таварышаў. Сёння я ўпэўнена магу сказаць словамі вядомага рускага географа і вандроўца Мікалая Міхайлавіча Пржэвальскага: “А жыццё яшчэ выдатнае тым, што можна падарожнічаць!”

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА