У сярэдняй школе № 6 Мінска склалася эфектыўная сістэма метадычнай работы з маладымі спецыялістамі. Акрамя заняткаў у школе маладога настаўніка, замацаваныя за пачаткоўцамі вопытныя педагогі праводзяць для іх індывідуальныя кансультацыі. Аб нюансах работы па падрыхтоўцы і правядзенні ўрока расказвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Ніла АНДРЫЯНЧЫК.

Пра структуру ўрока
Чаму ж варта вучыць маладога калегу? Усяму! Памятаць, што веды ў маладога спецыяліста ў асноўным тэарэтычныя, упэўненасці яму часта не хапае. Розныя ўмовы дыктуюць розныя формы дапамогі, але ёсць і нешта агульнае, з чым трэба лічыцца. Ключавым фактарам у арганізацыі дапамогі маладому настаўніку з’яўляецца папярэдняя практычная работа з ім.
Як правіла, структуру ўрока малады педагог ведае добра, але яе прымяненне часцей за ўсё выклікае цяжкасці. Вопыт паказвае, што памылкі ў большасці тыповыя. Мы адпрацоўваем асобныя элементы ўрока, а не ўвесь урок. Пракантраляваў і адпрацаваў адзін этап урока — перайшоў да наступнага. Пераканаліся, што такі падыход дае больш карысці, бо адпрацоўка і правільнасць правядзення аднаго этапу ўрока падцягвае за сабой астатнія. Пачынаем са складання схемы часавых рамак асобных этапаў вучэбных заняткаў. Напрыклад, апытанне не павінна перавышаць 15 мінут, дамашняе заданне і яго інструктаж — да 5 мінут, новая тэма з этапамі яе адпрацоўкі — да 20 мінут, рэфлексія — да 2 мінут. Паступова адпрацоўваем розныя этапы ўрока. Пачынаем з завяршальнага этапу — дамашняе заданне і інструктаж па ім. Чаму? Таму што пачатак урока і яго канец узаемазвязаны. Часцей за ўсё, захапляючыся тлумачэннем, малады настаўнік забывае, што менавіта своечасовы запіс дамашняга задання (памятаем пра дзённік) і паспяховы інструктаж прынясе задаволенасць ад правядзення апытання на наступным уроку. У нас вусны ўрок, таму рэкамендуем маладому калегу цесна працаваць з падручнікам і пытаннямі да яго. Маладыя настаўнікі любяць дэталізацыю і часта забываюць аб асноўнай мэце ўрока, адыходзяць убок. Атрымліваецца, што абмяркоўвалі ў канцы ўрока адно, а пытаюцца потым зусім іншае.
Пра апытанне
Адпрацоўваем абавязковы алгарытм гэтага этапу ўрока. Неабходна загадзя прагледзець журнал, адзначыць, каго мы хочам выклікаць, падумаць, якія паняцці, даты, тэрміны трэба прагаварыць да асноўнага апытання. Мы ўлічылі інструктаж папярэдніх заняткаў, навучэнцы ведаюць пытанні апытання. Якія ўзнікаюць праблемы? Апытанне зацягнута. Доўга чакаем адказу на пытанне ці зусім не чакаем і або пачынаем адказваць самі, або найбольш падрыхтаваны вучань выкрыквае адказ з месца. Настаўніку рэкамендуецца ўключыць секундамер і засячы, колькі часу праходзіць ад пытання да яго ўласнага адказу. Затым прапануецца павялічыць час напалову і ўзяць яго за аснову чакання адказу навучэнца. А “тарапыгу”, калі ён ёсць, можна сцішыць дадатковым заданнем. Сшыткі на друкаванай аснове не абавязковыя, але лепш мець і выкарыстоўваць заданні любога ўзроўню для такіх выпадкаў. Памятаем, што ўсе заданні індывідуальныя, як і самі вучні. Форму апытання адпрацоўваем паступова. Сёння вуснае, заўтра — спалучэнне вуснага з індывідуальнымі заданнямі, потым лічбавае (“Лаві памылку”) і сама-, узаемакантроль і г.д. Лічбавую дыктоўку можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы да тэматычнага кантролю. Формула адказу “0110110110” лёгка правяраецца і выяўляе памылкі для наступнай карэкцыі. Кожную з форм апытання лепш прымяніць да 3—5 разоў. Адпрацаваныя формы апытання ўваходзяць у скарбонку і выкарыстоўваюцца па выбары настаўніка.
Пра новую тэму
Малады калега старанна і часцей за ўсё добра выкладае матэрыял. Але, акрамя пасіўнага ўспрымання вучэбнага матэрыялу навучэнцамі, неабходна арганізаваць работу па фарміраванні ў іх ведаў, навыкаў, уменняў. Матэрыял па тэме дзеліцца на асобныя часткі і элементы. Паколькі мы працуем з падручнікам, то абавязкова ўлічваем пытанні з рэкамендаваных да дамашняга задання па асобных частках новага матэрыялу. Загадзя прадумваем, што запісаць у канспект і якое пытанне падрыхтаваць да таго ці іншага этапу ўрока. Асобна высвятляем, што будзе на тэматычным кантролі, і вылучаем, каб потым было лягчэй рыхтавацца. Падкрэсліваем дату або паняцце ў сшытку, карцінку ў падручніку або запісваем нумар старонкі і абзац. Так мы фарміруем у вучняў уяўленне аб будучай пісьмовай рабоце. Можна адразу даць вучням форму задання і растлумачыць, як правільна яго выконваць.
Пра тайм-менеджмент
Пачынаючы настаўнік ведае, што ён павінен мець у сваім арсенале больш аднатыпных заданняў, чым яго вопытны калега. Так, на ўсялякі выпадак. У першыя часы на ўроку можа застацца час і трэба запоўніць паўзу. Лепш навучыць маладых калег 2—3 прыёмам для работы напрыканцы ўрока. Рэкамендуем выкарыстоўваць “Падарожжа па астравах”, “Воблака слоў” або “Стужку часу (таймлайн)” — гэта нескладана, зручна, заняты ўвесь клас, да таго ж выдатная зваротная сувязь для праверкі засваення матэрыялу. Прыём “Падарожжа па астравах”: пяць лістоў паперы кладуцца на падлогу, і, пераходзячы з ліста на ліст, вучань павінен назваць пяць фактаў з урока (паўза паміж фактамі не большая за 10 секунд). Не паспеў — “патануў у балоце”. “Воблака слоў” — візуальнае прадстаўленне спісу тэрмінаў, паняццяў. Паколькі прынтар чорна-белы, можна мяняць памер, шрыфт і кірунак слоў у воблаку, калі воблака адно, а варыянтаў заданняў некалькі. Можна вывесці слайд на экран тэлевізара (адзін варыянт). Акцэнтаваць увагу на важных датах, падзеях, ключавых момантах вучэбных заняткаў і сістэматызаваць іх па самастойна вызначаных або выбраных настаўнікам крытэрыях дапамагае прыём “Стужка часу (тайм-лайн)” — часавая шкала, на якую ў храналагічнай паслядоўнасці наносяцца падзеі. Вынік — візуальная карцінка пра тое, як развівалася пэўная падзея.
Пра рэфлексію
Пра яе часта забываюць або праводзяць толькі эмацыянальную рэфлексію. Рэкамендуецца па магчымасці выкарыстоўваць на ўсіх этапах урока два віды: фізічную (паспеў-не паспеў) і інтэлектуальную рэфлексію, якая складаецца з аднаго сказа. Чаму? Навучэнцы могуць адзначыць самыя нечаканыя рэчы, што якраз і дае зваротную сувязь па адпрацоўцы розных этапаў урока. Такая форма правядзення дапамагае настаўніку вызначаць эфектыўнасць сваёй работы і ступень засваення матэрыялу класам.
Усё гэта спрыяе стварэнню педагагічна камфортнага асяроддзя, забяспечвае паспяховасць адаптацыі маладога настаўніка ва ўстанове адукацыі і рост яго прафесіяналізму.
Матэрыялы Наталлі КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.





