На Брэстчыне вызначылі лепшага дырэктара ўстановы прафесійнай адукацыі.
Арганізатарамі абласнога конкурсу, у якім удзельнічалі кіраўнікі 20 ПТНУ і ССНУ, выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай
адукацыі пры падтрымцы галіновых прафсаюзаў і шэрага прадпрыемстваў.
— Конкурс праводзіўся з мэтай павышэння эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці дырэктараў устаноў прафесійнай адукацыі, — расказаў намеснік старшыні журы конкурсу першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук. — Спаборніцтва — добрая магчымасць для развіцця творчых і прафесійных кампетэнцый кіраўнікоў, фарміравання пазітыўнага іміджу ПТНУ і ССНУ, распаўсюджвання эфектыўнага кіраўніцкага вопыту.
Конкурс складаўся з двух этапаў — завочнага і вочнага. Удзельнікі першага этапу рыхтавалі відэаролікі пра сябе, праекты будучыні (уласнай і ўстаноў адукацыі), а таксама інфармацыю пра выніковасць работы ПТНУ і ССНУ і свае прафесійныя дасягненні. Пераможцамі завочнага этапу сталі Ігар Генадзьевіч Сібіроў з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, Аляксандр Пятровіч Юшчук з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Таццяна Рыгораўна Карабанава з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці, Святлана Сцяпанаўна Нікалайчык з Абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Драгічына і Станіслаў Мечыслававіч Козел з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Фіналісты сустрэліся ў заключным этапе конкурсу, які праходзіў у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Удзельнікі рыхтавалі самапрэзентацыі, разважалі пра важнасць захавання гістарычнай памяці, адказвалі на пытанні экспертаў, якія тычыліся рэгулявання адукацыйных адносін, арганізацыйна-гаспадарчай дзейнасці і арганізацыі работы ўстановы адукацыі, давалі рэкамендацыі і парады калегам па кіраванні працоўным калектывам, шукалі выйсце з розных прафесійных сітуацый, дзяліліся планамі па развіцці сваіх устаноў, агучвалі жыццёвыя прынцыпы…
Канкурсанты гаварылі, што стратэгія развіцця іх устаноў і самаразвіцця як кіраўнікоў улічвае інтарэсы навучэнцаў, бацькоў, педагогаў і заказчыкаў кадраў, а паспяховы і эфектыўны кіраўнік павінен глядзець на перспектыву, бачыць канкрэтныя мэты сваёй работы, не баяцца вялікай нагрузкі і адказнасці, дзейнічаць рашуча і заўсёды завяршаць справу перамогай, вызначаць высокія ўнутраныя стандарты прафесійнай дзейнасці і чакаць таго ж ад падначаленых, мабілізаваць іх на дасягненні.
Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў лепшым дырэктарам стала Т.Р.Карабанава з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці. Астатнія фіналісты былі адзначаны ў розных намінацыях. Канкурсанты атрымалі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.
— У сістэме прафесійнай адукацыі Брэстчыны шмат таленавітых кіраўнікоў, здольных з дапамогай сваіх калектываў паспяхова вырашаць актуальныя задачы не толькі сённяшняга, але і заўтрашняга дня, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.