У Брэсцкім політэхнічным каледжы кожны атрымлівае якасную адукацыю, якая пасля дазваляе рэалізавацца ў прафесіі. Пра магчымасці і перспектывы навучэнцаў пагаварылі з дырэктарам установы Віктарам БАСАВЫМ.
– Нашаму політэхнічнаму каледжу 56 гадоў. Канечне, за гэты час ён мяняў назву, кіраўнікоў і прапіску, пашыраў спіс спецыяльнасцей і геаграфію міжнароднага супрацоўніцтва. Але заўсёды нязменным заставаўся высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў.
Арганізавана наша ўстанова ў 1966 годзе, тады гэта быў будаўнічы тэхнікум і рыхтаваў выключна спецыялістаў будаўнічага напрамку. Яго першымі навучэнцамі сталі 130 юнакоў і дзяўчат. Аднак ішоў час, мянялася кан’юнктура рынку працы, і краіне сталі патрэбны спецыялісты іншых профіляў. У 1987 годзе мы адкрылі падрыхтоўку на радыётэхнічным аддзяленні, праз год — на машынабудаўнічым, у 1996 годзе створана юрыдычнае аддзяленне. У 2002 годзе адкрылі спецыяльнасць “Металарэжучыя станкі і інструменты”, а ў 2020-м — “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”. А яшчэ ў 2002 годзе наш політэхнічны тэхнікум быў ператвораны ў каледж, які ў 2014 годзе ўвайшоў у склад Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Зараз у нас 6 спецыяльнасцей на 4 аддзяленнях. Мы вядзём падрыхтоўку спецыялістаў па дзённай і завочнай форме. На кожнай спецыяльнасці, акрамя юрыдычнай, ёсць як бюджэтныя, так і платныя месцы, аднак юрыстаў рыхтуем толькі на платнай аснове. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца спецыяльнасці радыётэхнічнага профілю: “Праектаванне і вытворчасць радыёэлектронных сродкаў” і “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”.
— Сёння існуе пэўны стэрэатып, што ў каледжы ніжэйшы ўзровень адукацыі, чым ва УВА…
— Гэта даволі спрэчнае меркаванне, паколькі разам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй навучэнцы набываюць і замацоўваюць прафесійныя веды і навыкі, у той час як вышэйшая адукацыя больш накіравана на навукова-тэарэтычную падрыхтоўку. Каледжы заўсёды былі і застаюцца практыка-арыентаванымі навучальнымі ўстановамі. Вялікая колькасць часу ў працэсе навучання адводзіцца на розныя віды практык, у тым ліку на вытворчасці. І ў гэтым безумоўная перавага ўстаноў прафесійнай адукацыі. Калі я сустракаюся з заказчыкамі кадраў, то яны заўсёды адзначаюць, што нашы выпускнікі больш прафесійна падрыхтаваныя і добра ведаюць усе неабходныя азы. Таму тут ёсць пэўныя плюсы, а вышэйшую адукацыю можна атрымаць і пасля, прычым у скарочанай форме.
— Напэўна, каб каледж заставаўся запатрабаваным абітурыентамі і канкурэнтаздольным сярод іншых навучальных устаноў, педагагічнаму калектыву даводзіцца пастаянна ўдасканальвацца?
— Сапраўды, каб нашы выпускнікі карысталіся попытам у заказчыкаў кадраў, неабходна пастаянна ўдасканальвацца і нам, своечасова рэагаваць на ўзрастаючыя патрабаванні да ўзроўню кампетэнтнасці і кваліфікацыі спецыялістаў з УССА. Бо наша асноўная задача — падрыхтоўка спецыяліста, які адпавядае сучасным патрабаванням вытворчасці і эканомікі. Яе могуць ажыццявіць толькі высокакваліфікаваныя педагогі, таму асноўнае патрабаванне да іх — бесперапыннае павышэнне свайго прафесійнага ўзроўню.
У каледжы працуе 75 выкладчыкаў і 12 майстроў вытворчага навучання — прафесіяналы і аднадумцы, здольныя вырашаць сучасныя задачы па падрыхтоўцы канкурэнтаздольных спецыялістаў.
— Сёння шмат жадаючых вучыцца ў політэхнічным каледжы?
— Зараз у нас амаль 1300 навучэнцаў. Увогуле, за 56 гадоў існавання каледж выпусціў каля 13,5 тысячы спецыялістаў. Зразумела, што большая частка выпускнікоў актыўна працуе як на айчынных прадпрыемствах і арганізацыях, так і ў міжнародных, мае добрыя вынікі і рэпутацыю. Некаторыя былі ўдастоены звання заслужанага будаўніка Беларусі. Сярод нашых выпускнікоў шмат дырэктараў будаўнічых упраўленняў, нават дэкан машынабудаўнічага факультэта БрДТУ Сяргей Раманавіч Аныська — наш выпускнік. Усе яны заўсёды адзначаюць, што каледж даў штуршок для іх прафесійнага росту.
Абітурыенты Брэста і Брэсцкай вобласці, як правіла, з задавальненнем ідуць вучыцца ў наш каледж. Яны ведаюць: жыццё нашых навучэнцаў складаецца не толькі з вучобы. Кожны мае магчымасць развівацца ў канструктарскай і навукова-даследчай дзейнасці, спорце і мастацкай самадзейнасці. У нас працуюць аб’яднанні па інтарэсах сацыяльна-педагагічнай, фізкультурна-спартыўнай, мастацкай, тэхнічнай, грамадска-гуманітарнай накіраванасці: асацыяцыя “Прававая спадчына”, канструктарскае бюро “Радыётэхнік”, мастацкая майстэрня “Фантазія”. Нашы навучэнцы рэгулярна ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці і займаюць прызавыя месцы.
На працягу апошніх 15 гадоў мы праводзім адкрытую міжнародную навукова-практычную канферэнцыю даследчых работ і канструктарскіх распрацовак “Паспяховы той, хто творыць”, на якую збіраюцца навучэнцы і выкладчыкі розных навучальных устаноў Беларусі і блізкага замежжа.
— Як паступіць у ваш каледж?
— Вельмі проста: прынесці пакет дакументаў, пералік якіх размешчаны на сайце каледжа. Мы набіраем навучэнцаў як на базе 9 класаў, так і пасля 11. У наступным годзе адзінаццацікласнікаў толькі на спецыяльнасць машынабудаўнічага профілю будзем залічваць па выніках ЦЭ, а на іншыя неабходна проста сабраць пакет дакументаў. Дарэчы, кожнаму выпускніку-бюджэтніку гарантавана першае працоўнае месца.
— Каго б хацелі бачыць у ліку паступаючых да вас?
— Зацікаўленых у якаснай адукацыі і матываваных на атрыманне пэўнай прафесіі, тады яны будуць імкнуцца атрымліваць веды і набываць неабходныя навыкі. І ў выніку наша краіна папоўніцца кваліфікаванымі спецыялістамі.
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.