Калі гаджэты не канкурэнты: як інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаюць педагогам школы № 1 Бялыніч

- 9:00Главная, Образование

Каб ісці ў нагу з часам, быць цікавымі школьнікам, размаўляць з імі на адной мове, педагогі сярэдняй школы № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага актыўна прымяняюць інфармацыйныя тэхналогіі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніцкі блог

— Калі яшчэ пару дзесяцігоддзяў назад педагог канкурыраваў за ўвагу навучэнцаў толькі з тэлебачаннем і радыё, то зараз камп’ютары, смартфоны, плэеры і іншыя лічбавыя прылады больш прыцягваюць школьнікаў, — гаворыць настаўніца інфарматыкі Алена Зміёва. — У гэтых умовах для паспяховай работы настаўніку варта не толькі самому актыўна выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, але і прыцягнуць і навучыць дзяцей прымяняць розныя гаджэты ў адукацыйных мэтах.

Сёння кожны другі школьнік хоча стаць блогерам. Па меркаванні А.М.Зміёвай, гэтае жаданне трэба выкарыстоўваць у карысных мэтах. А значыць, і настаўніку варта стаць блогерам. У выніку быў створаны блог Алены Зміёвай, які знаходзіцца па адрасе info-rma-tika.blogspot.com і з’яўляецца пляцоўкай для арганізацыі ўзаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Тут можна знайсці матэрыял па розных напрамках работы настаўніцы (укладка “З вопыту работы”), фрагменты нестандартных урокаў, распрацаваных і апрабаваных педагогам (“Настаўнікам”). Ва ўкладцы “Бацькам” размешчаны артыкул выпускнікоў школы, якія былі першымі навучэнцамі ад установы і раёна, што прайшлі вучобу ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Блог садзейнічае развіццю індывідуальных адукацыйных траекторый школьнікаў: у большай ступені адаптуе змест вучэбнага матэрыялу да асаблівасцей навучэнцаў, узроўню іх ведаў і ўменняў.

На старонках класаў, у якіх працуе А.Зміёва, па інфарматыцы і матэматыцы размяшчаюцца спасылкі на дадатковы матэ­рыял, тэсты, заданні. Школьнікі могуць загадзя падрыхтавацца да самастойнай ці праверачнай работы, тэсціравання або проста да наступнага ўрока: старонка “Сёння на ўроку” дае адказы на шматлікія пытанні. Асаблівае месца адведзена ў блогу даведачнай інфармацыі, якая прадстаўлена ў выглядзе схем, графікаў, табліц, кластараў і інш.

— Стварыўшы блог, запаўняю яго старонкі спасылкамі на інтэрнэт-рэсурсы, якія потым выкарыстоўваю на ўроках. Арганізаваць працэс навучання так, каб старшакласнік з захапленнем працаваў на ўроку, бачыў плён сваёй працы, дазваляе адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс. Чаму менавіта ён? Па-першае, я з’яўляюся членам творчай групы матэматыкаў раёна, якая распрацоўвала главу “Выразы. Ураўненні” для 5 класа. І магу з упэўненасцю сказаць, што вучэбныя матэрыялы прайшлі экспертызу, што сведчыць пра іх высокую якасць. Па-другое, спосаб прадастаўлення матэрыялаў адпавядае патрабаванням сучаснага ўрока: падабраны відэафрагменты з тлумачэннем матэрыялу, тэставыя заданні, якія могуць выкарыстоўвацца для самаправеркі, дадатковыя матэрыялы. Па-трэцяе, мяне прыцягвае якасная візуалізацыя матэрыялу. На розных этапах заняткаў выкарыстоўваю асобныя кадры і фрагменты відэароліка па тэме. Дапытлі­васць прымушае навучэнцаў праглядзець увесь відэаролік, — адзначае Алена Мікалаеўна.

Каб прыцягнуць навучэнцаў у тэму заняткаў і хутка праверыць іх веды, для размінкі і замацавання вывучанага педагог прымяняе інтэрактыўныя практыкаванні. Для стварэння такіх практыкаванняў выкарыстоўвае спецыяльныя сэрвісы-канструктары, сярод якіх — LearningApps. Графічны калькулятар Mathway дазваляе імгненна будаваць графікі для матэматычных задач, праверыць правільнасць выканання задання або яшчэ раз паўтарыць тэму. Для карыснага адпачынку на старонках блога настаўніца размяшчае розныя займальныя практыкаванні. Асабліва навучэнцам падабаюцца крыжаванкі і рэбусы (праграма Rebus1.com).

Алена Зміёва: Самым шкодным інтэрнэт-кантэнтам з’яўляецца “Решеба”. Лічаныя школьнікі разбіраюць прапанаваныя там рашэнні. Спадзяюся, інфармацыя блога будзе цікавай і карыснай маім навучэнцам і яны забудуць пра гэты рэсурс.

У дапамогу — штучны інтэлект

— Мой кабінет абсталяваны інтэрактыўнай дошкай, таму ў мяне ёсць магчымасць выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, — расказвае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Марына Маркевіч. — Я магу прапанаваць навучэнцам прэзентацыю, напрыклад, па тэме “Культура Беларусі XIII—XV стагоддзяў”. Дэманструю розныя мастацкія плыні, архітэктурныя стылі, творы гэтага перыяду, партрэты гістарычных асоб і г.д. Практыка паказвае, што ў дзяцей спрацоўвае зрокавая па­мяць і яны лепш запамінаюць тую ці іншую інфармацыю. Замацаваць матэрыял мы можам таксама ў гульнявой форме: навучэнцам прапануецца мультымедыйны тэст з ілюстрацыямі, і неабходна выбраць правільны адказ з некалькіх варыянтаў. Часта праводжу ўрокі ў выглядзе “Сваёй гульні”, у якой прадстаўлены розныя намінацыі, напрыклад, раздзелы падпунктаў нашага параграфа. Пытанні ў кожным падпункце маюць розную вартасць у залежнасці ад складанасці. Чым складаней пытанне, тым больш балаў зарабляе каманда. На інтэр­актыўнай дошцы мае выхаванцы ахвотна разгадваюць крыжаванкі на гістарычную тэматыку, самі складаюць іх. 

Педагогі школы адчулі перавагі выкарыстання ў адукацыйным працэсе тэстаў, створаных з дапамогай Google-формы. Такая работа дазваляе вызначыць, хто са школьнікаў не асвоіў праграмны матэрыял, хто поўнасцю і ўпэўнена валодае ведамі і ўменнямі, а хто можа прымяніць іх у новай сітуацыі; як адказаў на тое ці іншае пытанне кожны вучань, з якім заданнем справіўся лепш за ўсё, над чым яшчэ настаўніку неабходна папрацаваць. У перыяд падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяды па фінансавай адукаванасці, да нацыянальнага даследавання якасці адукацыі тэсты з выкарыстаннем Google-формы перыядычна размяшчаюцца на сайце ўстановы і прымяняюцца для падрыхтоўкі навучэнцаў як у школе на розных занятках, так і дома.

У практыку работы настаўнікаў 1-й бялыніцкай школы паступова ўваходзіць і штучны інтэлект. Адной з першых пачала выкарыстоўваць яго магчымасці настаўніца пачатковых класаў Вольга Грыгор’ева:

— Лічбавыя тэхналогіі нам, настаўнікам, значна аблягча­юць работу. З дапамогай штучнага інтэ­лекту (ChatGPT, DeepSeek і інш.) можна згенерыраваць нагляд­насць, дыдактычныя матэрыялы, творчыя заданні, гульні. Так, напрыклад, у план-канспект урока для 1 класа можна падабраць патрэбныя фізкультхвілінкі. Можна скласці план-канспект урока, калі мы адправім у чат здымкі старонак падручніка па тэме, якая вывучаецца. А дадаўшы інструктыўна-метадычнае пісьмо па выхаваўчай рабоце, табліцу з графамі, колькасць гадзін на вывучэнне той ці іншай тэмы, можна атрымаць план выхаваўчай работы, які потым адрэдагаваць. І гэта за 5 мінут! Генерацыя ілюстрацый дапамагае ў стварэнні лэпбукаў, якія робяць засваенне малодшымі школьнікамі вучэбнага матэрыялу цікавым і займальным.

Хвілінка прафарыентацыі

Магчымасці ІТ-тэхналогій выкарыстоўваюцца ў школе і для прафарыентацыі навучэнцаў. Гэтую дзейнасць курыруе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Мандрыкава.

— У вялікай разнастайнасці спецыяльнасцей, якія прапануюць сёння каледжы і УВА для навучання маладым людзям, можна проста разгубіцца. Навучэнцам вельмі складана вызначыцца з выбарам будучай прафесіі, — адначае Таццяна Васільеўна. — Таму мы імкнёмся выкарыстоўваць розныя метады прафарыентацыйнай работы, у тым ліку і з дапамогай камп’ютара. Так, напрыклад, на некаторых уроках у нас уведзена хвілінка прафарыентацыі, калі вучні заходзяць на сайты навучальных устаноў у раздзел “Абітурыентам” і знаёмяцца з прафесіямі. І калі іх штосьці зацікавіла, то дома яны змогуць падрабязней даведацца пра тую ці іншую спецыяльнасць.

Практыкуецца ў школе і правядзенне вэб-квестаў, якія распрацоўваюць педагогі.

— Звычайна гэта доўгатэрміновыя праекты, якія право­дзяцца класнымі кіраўнікамі ў адным класе альбо ў некалькіх класах, што спаборнічаюць паміж сабой, — тлумачыць Таццяна Мандрыкава. — Навучэнцы атрымліваюць заданні (кожны тыдзень — новае заданне), якія выконваюць як калектыўна, так і індывідуальна, а потым аналізуюць зробленае і падводзяць вынікі. Вэб-квест з’яўляецца інтэрактыўным праектам з выкарыстаннем інтэрнэту, таму супрацоўніцтва паміж удзель­нікамі праекта ажыццяўляецца па правілах сеткавага ўзаема­дзеяння, дзе настаўнік з’яўляецца адмі­ністратарам, а навучэнцы — карыстальнікі і мадэратары.

Цікава прайшоў вэб-квест “Работа ў ААТ “Новая Друць: учора, сёння, заўтра”, падчас выканання якога навучэнцы азнаёміліся са спецыфікай адной з буйных арганізацый у раёне, прааналізавалі ўмовы работы, шляхі кар’ернага росту. У Google Docs была скла­дзена схема кар’ернага росту рабо­чага жывёлагадоўлі, вызначаны ўмовы пераходу на новую пасаду. Гэта дазволіла старшакласнікам усвядоміць, што, маючы рабочую спецыяльнасць, можна дасягнуць рос­ту па службовай лесвіцы і стаць кіраўніком гаспадаркі.

— Мы бачым, што вэб-квесты садзейнічаюць развіццю даследчага мыслення навучэнцаў, універсальных навыкаў самастойнасці, крытычнасці, камунікатыўнасці і супрацоўніцтва, пашырэнню іх кругагляду. Вынікі вэб-квестаў дазваляюць абу­дзіць цікавасць школьнікаў да той ці іншай прафесіі, выхоўваюць адказнасць і ўпэўненасць у сабе. І мы будзем працягваць работу па іх прымяненні, — падкрэсліла Таццяна Мандрыкава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара