Калі слова — з любячага сэрца

- 9:20Адукацыйная прастора

У Белай зале храма-помніка ў гонар Усіх Святых прайшло ўрачыстае закрыццё VIII Міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства “Хрустальная чарніліца”. Сёлета конкурс быў прысвечаны творчасці Ф.М.Дастаеўскага і прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

На конкурс педагогамі з розных краін былі прадстаўлены 273 урокі па творчасці класіка рускай літаратуры. Па традыцыі пляцоўкай для правядзення фінальных мерапрыемстваў стала сярэдняя школа № 70 Мінска імя Л.М.Гурцьева. 12 настаўнікаў-славеснікаў з Расіі, Кыргызстана, Казахстана, Узбекістана, Турцыі, Італіі, Славакіі, Арменіі, Украіны,  Беларусі правялі ўрокі для школьнікаў. На працягу года педагогі рыхтавалі матэрыялы па творчасці Ф.М.Дастаеўскага і дасылалі на адрас аргкамітэта конкурсу відэазапіс і канспект урока. У выніку міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты ў галіне педагогікі, літаратуразнаўства, пераможцы конкурсу мінулых гадоў, прадстаўнікі дзяржструктур і грамадскіх арганізацый, выбрала 12 лепшых работ. Кожны прадстаўлены ўрок, згодна з палажэннем аб конкурсе, доўжыцца 30 мінут. За гэты час педагогу трэба раскрыць тэму, прадэманстраваць методыку навучання. У фінале ўрок праходзіць у незнаёмым класе. 

“Мы не ведалі, з чым да нас прыедзе кожны з настаўнікаў. Наша задача была ў тым, каб падабраць неабходнае абсталяванне для ўрока і клас, — адзначае дырэктар школы Яўгенія Рудава. — Ф.М.Дастаеўскі — складаны пісьменнік. Але як цудоўна канкурсанты прадставілі яго творчасць вучням 6—11 класаў нашай школы! Яны раскрылі асобу аўтара з розных бакоў, з дапамогай розных прыёмаў і метадаў. Нашы шасцікласнікі, напрыклад, спасцігалі перыпетыі жыцця і выпрабаванняў Дастаеўскага на прыкладзе яго апавяданняў на ўроку ў педагога з Італіі Юліі Іларыёнавай. Трэба было бачыць, як ззялі ад шчасця іх вочы. Пасля дзеці пыталіся, ці можна будзе яшчэ раз сустрэцца з гэтым настаўнікам. 

Традыцыйна ў сценах храма-помніка ў гонар Усіх Святых праходзіць цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. У крыпце храма, узяўшыся за рукі, мы гаварылі пра подзвіг нашых прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне, які звязвае нашы народы моцнымі вузамі. Была арганізавана паездка ў Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе знаходзіцца радавы маёнтак Дастаеўскіх і народны літаратурна-краязнаўчы музей у сярэдняй школе, якая носіць імя пісьменніка. У праграме паездкі таксама былі майстар-класы членаў журы”.

У зале прысутнічаў шаноўны настаяцель храма-помніка, кіраўнік Сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, протаіерэй Фёдар Поўны, які сказаў: “Успамінаюцца словы Фёдара Міхайлавіча: “Без зачатков положительного и прекрасного нельзя выходить человеку в жизнь из детства, без зачатков положительного и прекрасного нельзя пускать поколение в путь”. Вы, настаўнікі рускай мовы і літаратуры, перадаяце вучням вялікае багацце шырокай душы народа, якая ўмяшчае Бога. Калі наша слова ідзе з любячага сэрца, яно ўпрыгожвае свет. Калі яно да таго ж звернута да Духа Святога і праз яго шукае свой змест і сэнс, яно становіцца прарочым. Многія пісьменнікі і паэты ў шчырым духоўным парыве часта станавіліся прарокамі, бо спасцігалі сутнасць слоў, закладзеную ў іх ісціну, Боскі вобраз. Такім быў Дастаеўскі, які адкрыў для нас вельмі складаны ўнутраны свет чалавека — святы і грахоўны адначасова. Ён апісаў духоўны пошук з такой дзіўнай рэалістычнасцю, нібы чуў думкі ўсіх людзей. Значэнне слова, пісьменнасць і чысціня маўлення сёння — гэта згубленыя навыкі чалавецтва. Людзі пішуць з памылкамі, падтрымліваюць зносіны смайламі, думаюць абрыўкамі сэнсаў, падмяняюць паняцці. Вось чаму школа абавязана вучыць дзяцей гаварыць, падбіраць правільныя словы, адвучаць ад брыдкаслоўя, паказваць прыгажосць маўлення, тэкстаў паэтаў і празаікаў”. 

“Ва ўсе часы гаварылася аб высокай ролі настаўніка, які фарміруе будучага чалавека. Вы клапоціцеся пра тое, каб не проста даць дзецям інфармацыю, а данесці да іх сэрцаў веды і вечныя каштоўнасці. Вобразна кажучы, вы акультурваеце дзікую прыроду, ператвараючы яе ў дзівосны сад душы дзейсным і самым прыгожым спосабам — словам”.

Па выніках конкурсу ўладальніцамі дыплома ІІІ ступені і “Хрустальнай чарніліцы” ў бронзе сталі Ганна Скарападская, выкладчыца Петразаводскага дзяржуніверсітэта (Расія), і Анаргуль Айтбаева, настаўніца Мічурынскага комплексу “Школа — яслі  — дзіцячы сад” (Казахстан). Дыпломы ІІ ступені і “Хрустальную чарніліцу” ў серабры атрымалі Святлана Фатахава, настаўніца прыватнай Міжнароднай сярэдняй школы “Класіка-М” (Турцыя), і Анаргуль Джалдубаева, настаўніца сярэдняй школы № 9 імя Абдыкадыра Садыкава горада Нарын (Кыргызстан). “Хрустальная чарніліца” ў золаце і дыплом І ступені ўручаны Нігоры Халмухамедавай, настаўніцы недзяржаўнай установы адукацыі Ташкента — школы “Сехрые” (Узбекістан).

Лаўрэаты і пераможцы конкурсу ўзнагароджаны прызамі Міжнароднага педагагічнага клуба. 

У наступным годзе Міжнародны педагагічны конкурс “Хрустальная чарніліца” зноў збярэ ўдзельнікаў на ўдзячнай беларускай зямлі, у Мінску. 9-ы сезон будзе прысвечаны творчасці Канстанціна Паўстоўскага. Нагадаем, што заснавальнік конкурсу “Хрустальная чарніліца” — Аляксандр Кандракоў, педагог з Украіны, які прайшоў шлях ад настаўніка геаграфіі да дырэктара школы. Усе гады ён быў нязменным старшынёй журы конкурсу. Члены журы і аргкамітэта прынялі рашэнне, згодна з якім з наступнага года конкурс будзе насіць імя А.М.Кандракова.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.