Смаргонскі раён багаты на таленавітых, творчых педагогаў. У кожнай установе адукацыі працуюць прафесіяналы, якія не толькі даюць дзецям якасныя веды, але і далучаюць да свайго хобі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як выглядаў анёл, які абвясціў пастухам пра нараджэнне Божага Сына, мы дакладна не ведаем, аднак цалкам верагодна, ён быў такім жа чароўным і абаяльным, як гліняныя анёлы Настассі Бандарэнка.

Форма іх крылаў, узоры на адзенні і нават усмешка — унікальныя. Такія не сустрэнеш ні ў работах іншых майстроў, ні ў інтэрнэце, паколькі ўсе ідэі для хобі метадыст Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі чэрпае са свайго багатага ўнутранага свету.
— Для мяне праца з глінай — гэта своеасаблівае сузіранне, не толькі магчымасць самавыяўлення, але і нагода ва ўтульнай атмасферы абдумаць тыя ці іншыя падзеі ўласнага жыцця, — падзялілася Настасся Сяргееўна.
Кераміка — не адзінае яе захапленне. У школьныя гады актыўна малявала, затым асвоіла работу з пап’е-машэ. Падчас вучобы ў БДУКіМ знаёмілася з рознымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, шукала сваю творчую сцяжыну. Спынілася на баціку, але ў рэшце рэшт роспіс па тканіне саступіў пальму першынства кераміцы.
— Тут заслуга таты. Ён чалавек адораны, займаецца жывапісам, стварае цікавыя рэчы з металу і дрэва. Гадоў 10 назад захапіўся керамікай. З чароўнымі ўласцівасцямі гліны мы з ім знаёміліся разам. Пачыналі з дробнай пластыкі, затым удасканальвалі майстэрства. Сёння мой канёк — гэта невялікая гліняная скульптура. А вось тата можа і посуд зляпіць, і нечым больш значным заняцца. Цяпер, напрыклад, узводзіць у маштабе 1:10 макет Крэўскага замка. Выкарыстоўвае для гэтага невялікія цаглінкі, — з гордасцю паведаміла дачка.
З такой жа самай гліны калісьці рабілі і сапраўдную цэглу, якая ішла на будаўніцтва замка. Наогул ваколіцы Крэва з даўніх часоў славяцца радовішчамі эластычнага прыроднага матэрыялу. З мясцовай гліны Настасся Сяргееўна стварае арыгінальныя пано і магніцікі з выявамі архітэктурных жамчужын малой радзімы, чароўных анёлаў, мядзведзяў (галоўнага сімвала Смаргоні), розных жывёл у вобразе калядоўшчыкаў.

Ёсць нават створаныя па ініцыятыве навучэнцаў фігуркі князёў, у жыцці якіх Крэўскі замак адыграў ключавую ролю. Як выглядалі Вітаўт, Гедымін, Кейстут, мы таксама дакладна не ведаем, бо іх прыжыццёвых партрэтаў не захавалася. Але, магчыма, вобразы гэтых гістарычных асоб блізкія да арыгінала.
Што дакладна атрымаецца ў канцы заняткаў з кавалка гліны, мая суразмоўніца ніколі не ведае, бо працуе не па шаблонах. Прывучае да гэтага і сваіх выхаванцаў. Калі ўважліва прыгледзецца да яе работ (тых жа анёлаў), то можна лёгка заўважыць аўтарскі стыль, але пры гэтым кожная фігурка непаўторная, адметная і, што самае важнае, нібыта жывая. За гэта Настасся Сяргееўна і любіць кераміку.
— Палюбуйцеся маімі анёламі, — звяртае ўвагу суразмоўніца. — Здаецца, яны зараз сапраўды ўсміхнуцца, замахаюць крылцамі і паляцяць абвяшчаць усяму свету, што нарадзіўся Хрыстос.
У Настассі Бандарэнка ёсць мара — арганізаваць персанальную выставу. Спадзяемся, у новым годзе яна спраўдзіцца.
Стварэнне такіх мілых фігурак — працэс творчы, захапляльны, але няпросты. Пачынаецца ён… у кар’еры каля Крэва, дзе мясцовыя майстры, у тым ліку супрацоўнікі цэнтра творчасці, бяруць матэрыял для будучых работ. Здабытую гліну размочваюць два-тры тыдні ў вялікіх ёмістасцях да смятанападобнага стану, затым прапускаюць праз спецыяльнае сіта, каб пазбавіцца каменьчыкаў, дробнага смецця.
— Пасля некаторы час гліна знаходзіцца ў вёдрах, гусцее. З такой масай ужо і пачынаюць працаваць, але перад гэтым месяць да аднароднага стану, — тлумачыць Настасся Бандарэнка.
Працэс падрыхтоўкі матэрыялу няпросты, працяглы, але ён таго варты, усе старанні шчодра ўзнагароджваюцца. Для маёй суразмоўніцы гэта не толькі дыпломы за ўдзел у конкурсах, выставах (напрыклад, “Калядная зорка”). Самы лепшы паказчык — шчырая зацікаўленасць дзяцей. Аб’яднанне па інтарэсах “Кераміка” — адно з самых запатрабаваных у цэнтры. Па словах Настассі Сяргееўны, у кожнай з дзвюх груп (малодшай і старэйшай) займаецца па 15—18 чалавек.

— Малодшых школьнікаў захапляе сам працэс лепкі, а старэйшыя ўжо нацэлены на вынік. Ім важна не проста цікава правесці час, а ўвасобіць ідэю, ажыццявіць задуму ў гліне, з формай папрацаваць, стварыць свой арыгінальны сувенір. З імі ўдзельнічаем у розных праектах. Адзін з нядаўніх — “Нашчадкі традыцый” — прысвечаны Крэўскаму замку. У рамках яго стварылі дэкаратыўнае пано, наведалі радовішча гліны, вывучылі яе ўласцівасці, асаблівасці апрацоўкі. Завіталі і ў майстэрню майго таты Сяргея Мікалаевіча Бандарэнкі, дзе на падворку ўбачылі той самы макет замка, — паведаміла метадыст.
Не ўсе юныя керамісты звязваюць прафесійнае жыццё з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Сярод выхаванцаў Настассі Бандарэнка ёсць пераможцы алімпіяд, напрыклад, па хіміі, біялогіі, якія збіраюцца стаць медыкамі. Ці спатрэбяцца будучаму хірургу навыкі работы з глінай? Адказ відавочны. Развіццё дробнай маторыкі, уседлівасці, фантазіі, прасторавага мыслення — вось некаторыя плюсы захаплення керамікай.
Для Настассі Бандарэнка гэтае хобі стала прафесіяй, чаму яна вельмі рада. Нядзіўна, што падчас нашай размовы выпраменьвала шчырую, радасную ўсмешку. Параўнайце яе з усмешкай гліняных анёлаў. Хіба можна не заўважыць падабенства?

Каляднымі матывамі напоўнены і работы выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Школа дадатковай мастацкай адукацыі”, якім кіруе Ніна Станіславаўна Міронава.
Па яе словах, дзеці вельмі любяць свята Нараджэння Хрыстова. Тэматычная выстава гэта пацвярджае. Вось анёлы нясуць радасную вестку. Побач коцікі любуюцца рознакаляровымі гірляндамі. На суседнім малюнку вераб’і скачуць на снезе каля святочнай ёлкі. Ад гэтых простых вобразаў вее ўтульнасцю, цеплынёй, атмасферай добрага, светлага свята.
— Усе творчыя работы абавязкова ўдзельнічаюць у конкурсах, якія мы праводзім сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой. На падвядзенне вынікаў прыходзіць бацюшка і разам з педагогамі ўзнагароджвае падарункам кожнага юнага ўдзельніка. Акрамя таго, у цэнтры традыцыйна для навучэнцаў нядзельнай школы і іх бацькоў праводзяцца майстар-класы, даюцца тэмы будучых работ. Цяпер гэта “Добрыя справы”. Спачатку мы абмяркоўваем з дзецьмі, як важна падчас посту напоўніць кожны свой дзень карыснымі ўчынкамі — пакарміць птушак, дапамагчы бацькам у хатніх клопатах. Усё гэта яны потым паказваюць у малюнках, — паведаміла Ніна Станіславаўна.

Святлана Шчастная, начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама:
— Наш раён багаты на таленавітых, творчых педагогаў. У кожнай установе адукацыі працуюць прафесіяналы, якія не толькі даюць дзецям якасныя веды, але і далучаюць да свайго хобі: чароўнага свету дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падарожжаў па малой радзіме, валанцёрскай дзейнасці.
Так, Тамара Пастарнак паспяхова сумяшчае работу педагога-псіхолага ў сярэдняй школе № 2 Смаргоні з роляй педагога дадатковай адукацыі ў Смаргонскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тут яна кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Акадэмія валанцёрства”. Валанцёрствам, а дакладней дапамогай бадзяжным жывёлам, займаецца педагог-арганізатар сярэдняй школы № 6 Смаргоні Наталля Станевіч.
Выхавальнік групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 2 Вольга Высоцкая захапляецца фларыстыкай, сваімі ведамі і ўменнямі дзяліцца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Кветкаводства і фітадызайн”. У Смаргонскай пачатковай школе працуе педагог-арганізатар Надзея Маркевіч, якая знаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з тэхнікамі лепкі, вучыць працаваць з колерам і формай.
Цудоўныя вершы складае настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Смаргоні Таццяна Высоцкая. Сваіх вучняў яна запрашае ў захапляльнае падарожжа ў свет мастацкага слова. Сын вядомага паэта, ганаровага грамадзяніна нашага горада Мар’яна Дуксы Аляксандр не толькі выкладае матэматыку ў Сольскай сярэдняй школе, але і сур’ёзна займаецца інтэлектуальнымі гульнямі.
Надзвычай таленавіты педагог працуе ў сярэдняй школе № 5 райцэнтра. Ілья Барысаў захапляецца мастацкай разьбой па дрэве, піша карціны алеем і акварэллю, а ў школьныя гады спрабаваў сябе і ў вышыўцы. Пад яго кіраўніцтвам вучні ствараюць цудоўныя дыярамы гістарычных мясцін Смаргоншчыны, розныя пано і маляўнічыя палотны. Акрамя таго, ён цудоўна грае на акустычнай і электрагітарах, піша музыку.
Мы ганарымся нашымі педагогамі і садзейнічаем развіццю іх талентаў.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





