Калі выхоўвае байка: вопытам выкарыстання гэтага сродку падзялілася Алена Шэшка

- 15:22Образование

Байка — эфектыўны сродак выхавання не толькі на ўроках літаратуры, але і на класных і інфармацыйных гадзінах.

У метадычным арсенале педагога шмат цікавых форм, метадаў і прыёмаў дзейнасці. Сярод іх найбольш запатрабаваны прэзентацыі, квесты, анлайн-экскурсіі, відэаролікі, адкрытыя мікрафоны і інш. Але не варта адмаўляцца і ад звыклых, звязаных, напрыклад, з чытаннем і абмеркаваннем мастацкіх твораў.

Добрым выхаваўчым патэнцыялам у гэтым плане валодае байка. Невялікі памер, гумар, простыя і зразумелыя персанажы набліжа­юць яе да кліпавага інтэрнэт-кантэнту, які любіць сучасная моладзь. А разнастайнасць тэматыкі і маральна-этычнай праблематыкі баек дазваляе выкарыстоўваць іх не толькі ў вырашэнні выхаваўчых задач, але і ў папулярызацыі чытання.

Да сатырычных твораў айчынных байкапісцаў можна паспяхова звяртацца на класных і інфармацыйных гадзінах. Так, байка Уладзіміра Корбана “Данясенне” расказвае пра мужнага і рашучага кавалерыста, які, нягледзячы на варожы пераслед і небяспеку, не павярнуў каня назад, а справіўся з даручаным заданнем: “…Назад вяртацца — дрэнная прыкмета. // Але салдат з прыкметамі не знаўся. // Назад ад’ехаў, разагнаўся. // І пераскочыў роў шырокі ўраз. // Пакет у штаб дастаўлен быў у час…”

Імкненнем да міру і спакою, згоды і талерантнасці прасякнута байка “Рака і Мора”, дзе паказаны дзве стыхіі: спакойная і лагодная Рака і бушуючае Мора: “…І я таксама бушавала, // Бушуючы, карысць прыношу людзям я. // А што нясе раз’юшанасць твая? // Апроч бяды — нічога?”

Паважаць закон і традыцыі вучыць байка “Крыклівы Ішак”. Яе галоўны герой разам з Авечкай не дае спаць іншым: “Другія бу­дуць ­спаць, а гэтая ўсё — бе ды бе! // Чаго? — яна й сама не знае. // Бязглузды пустазвон авечы розум мае. // Ён бекаць без прычын гатовы тут і там. // Спытайце ж у яго — не скажа вам, // Чаго яму, брыдоце, не хапае”.

Творы У.Корбана вучаць працавітасці і стараннасці, вытрымцы і трываласці. У байцы “Тона попелу” асуджаецца марнаванне часу на працоўным месцы: “Я працаваць сюды з’явіўся. // І ведаю, ў чым абавязак мой. // А вы трывогі тут паддалі. // Спяшацца ў калгас патрэбна мне: // Дзе тону попелу назасядалі, // Там, пэўна, ужо не рыхтаваліся к вясне”.

У творах У.Корбана асуджаюцца абыякавасць (“Ініцыятыва”, “Сямён”), бяздумная і неспланаваная работа (“Дрывасекі”, “Барбосава праца”), самаўпэўненыя лайдакі, якія займаюць чужыя месцы (“Па плячы”, “Свінні ў рэпе”). Добра раскрываецца ў байках і тэма сямейных каштоўнасцей. Так, цікавыя жаночыя вобразы прадстаўлены ў творы “Бабрыха і Ліса”. Яго персанажы не разумеюць адно аднаго. Бабрыха — верная жонка, памочніца мужа, клапатлівая маці, а Ліса даўно пакінула свайго Ліса і жыве са старым, але багатым ільвом. Яе клопат — гэта знешні выгляд, манікюр, прычоска і новае футра.

Нашы продкі выхоўвалі дзяцей без празмернай апекі, прывуча­ючы змалку да самастойнасці. Пра гэта байка “Ружа”. Дубок гартаваўся за акном, а прыгажуню Ружу даглядалі, чаем палівалі і ад усяго аберагалі. Кветка яшчэ кпіла з дрэўца, што яму цяжка жывецца. Але аднойчы праз незачыненую фортку прабраўся мароз — і самаўпэўненай красуні не стала, а дуб вясной зазелянеў.

У байках “Музычная гісторыя” і “Мамчын клопат” ідзе размова пра выбар будучай прафесіі і жыццёвага шляху дзяцей, калі ўсё выраша­юць бацькі без уліку іх здольнасцей і інтарэсаў. Праблема чалавечай пасiўнасці і нерашучасці ўзнята ў байцы “Мурлыка”, галоўны персанаж якой жыве па прынцыпе “мая хата з краю”, пакуль чужая бяда не зачэпіць і яго.

Творы У.Корбана вучаць не мірыцца з уласнымі і грамадскімі недахопамі, а выпраўляць іх, працаваць над сабой, імкнуцца штосьці змяніць у сваім характары і жыцці.

У беларускай літаратуры дастаткова баек, якія можна выкарыстоўваць як аснову для абмеркавання пэўнай выхаваўчай праблемы. Зразумела, што падбіраць твор на тую ці іншую тэму трэба з улікам узросту вучняў, паколькі ад іх творчага патэнцыялу залежыць інтэрпрэтацыя байкі. Галоўнае — эмацыянальна і па-мастацку прачытаць твор і данесці аўтарскую задуму. Гэта можа зрабіць класны кіраўнік ці падрыхтаваны вучань. Задача педагога — падвесці выхаванцаў да праблемы і дазволіць ім самім вырашыць яе, абапіраючыся на сюжэт і вобразы байкі.

Алена ШЭШКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Жарабковіцкай сярэдняй школы імя М.Г.Мінкевіча Ляхавіцкага раёна