Каля 500 факультатываў сення прапануюць школьнікам. Пра цікавыя і новыя распрацоўкі расказалі ў Акадэміі адукацыі

- 9:00Главная, Образование, Факультатив

Сёння школьнікам прапануецца каля 500 факультатываў па самых розных напрамках. Аб самых цікавых і новых распрацоўках карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі адукацыі доктар педагагічных навук Вольга Зелянко.

Магчымасць паглыбіць веды

— Сённяшняе багацце праграм факультатываў дазваляе прапаноўваць вучням заняткі ў адпаведнасці з іх разнастайнымі інтарэсамі і адукацыйнымі патрэбамі, — гаворыць Вольга Ула­дзіміраўна. — Адны курсы дапамагаюць развіць цікавасць да навукі і даследчай дзейнасці, іншыя звязаны з мастацтвам і творчасцю, знаё­мяць дзяцей з прафесіямі або вучаць прымяняць веды і ўменні ў штодзённым жыцці.

Поўны спіс вучэбных праграм факультатываў, а таксама вучэбна-метадычных комплексаў, якія ўключаюць, акрамя праграм, дыдактычныя матэрыялы і метадычныя рэкамендацыі для педагогаў, размешчаны ў свабодным доступе на нацыянальным адукацыйным партале. Распрацоўкай вучэбных праграм факультатыўных заняткаў займаецца рабочая група, якая аб’ядноўвае спецыя­лістаў з розных устаноў адукацыі.

Сярод курсаў, якія сталі традыцыйнымі і трывала ўвайшлі ў школьную практыку, — так званыя прадметныя факультатывы. Асаблівае месца займаюць абагульняючыя факультатывы для старшакласнікаў, якія дапамагаюць сістэматызаваць веды, уменні і навыкі пры падрыхтоўцы да выніковай атэстацыі — ЦЭ (ЦТ) па прадмеце. Адзін з яркіх прыкладаў — факультатыў па новым вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі: абагульняючы курс” у 11 класе. На занятках арганізоўваецца самастойная практыка-арыентаваная дзейнасць вучняў па правядзенні вучэбнага даследавання з выкарыстаннем гістарычных крыніц і прадстаўленні яго вынікаў у выглядзе праекта, рэферата ці эсэ. Педагогам рэкамендуюць праводзіць з вучнямі дыскусіі, дэбаты, тэматычныя экскурсіі, наведваць музеі і выставы.

Для навучэнцаў 10—11 про­фільных класаў прафесійнай накіраванасці распрацаваны факультатывы па розных напрамках: аграрным, ваенна-патрыятычным, інжынерным, педагагічным, спартыўна-педагагічным. Акцэнт у іх зроблены на фарміраванні матывацыі да ўсвядомленага прафесійнага выбару і практычным навучанні — узаемадзеянні з прадпрыемствамі, вайсковымі часцямі, гаспадаркамі і г.д. Асаблівая ўвага ўдзяляецца рэгіянальнай спецыфіцы, спецыяльнасцям і сферам дзейнасці, запатрабаваным у канкрэтным рэгіёне.

— Распрацаваны курсы, арыен­таваныя на дапрофільную пад­рыхтоўку ў базавай школе. Іх асноўная задача — забяспе­чыць рэалізацыю пазнавальнай цікавасці школьнікаў, дапамагчы вызначыцца з будучым профілем, — адзначае Вольга Ула­дзіміраўна. — У якасці прыкладу можна назваць новыя факультатывы “Юны інжынер-фізік” для сямікласнікаў і “Свет сельскай гаспадаркі” для навучэнцаў 7—9 класаў. Так, школьнік у 5 класе можа наведваць заняткі па вывучэнні асноў робататэхнікі. Яны прызваны фарміраваць цікавасць да інжынернай дзейнасці, але не абавяз­ваюць да выбару профілю навучання. У 6—7 класах вучань можа змяніць сферу інтарэсаў і ўвогуле выбраць факультатыўныя заняткі музычнай, тэатральнай, харэаграфічнай ці мастацкай накіраванасці. Чым больш напрамкаў вучань паспрабуе, тым лепш раскрые свае таленты.

Для рэальнага жыцця  

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Факультатывы, як правіла, ствараюцца ў рамках правя­дзення навукова-даследчай работы і рэалізацыі навуковых праграм. Так, вынікам пяцігадовай навуковай праграмы “Функцыянальная адукава­насць”, якую рэалізавала Акадэмія адукацыі, стала стварэнне серыі факультатываў. Функцыянальная адукаванасць вызначае гатоў­насць і здольнасць выкарыстоўваць веды і ўменні ў рэальных жыццё­вых сітуацыях. У ходзе даследаванняў стала відавочна, што фарміра­ваць яе толькі на ўроках недастаткова. Для згаданых факультатыўных курсаў былі распрацаваны вучэбна-метадычныя комплексы, якія сталі для настаўнікаў гатовым інструментам для работы.

— У гэтых ВМК няма прывязкі да асобных прадметаў. Напрыклад, курсы “Я і мая краіна ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт”, “Прадпрымальніцтва ў дзеянні” фарміруюць інтэгратыўную якасць — здольнасць прымя­няць комплекс ведаў з розных галін для вырашэння жыццёвых задач. Яны адначасова міжпрадметныя і метапрадметныя, — падкрэслівае суразмоўніца. — На факультатыўных занятках “Экалагічная бяспека і здароўе чалавека” вучні 8—11 класаў засвойваюць тэмы, звязаныя з экалагічнай адукаванасцю, разважаюць аб Мэтах устойлівага развіцця, выконваюць экалагічныя праекты. Пры вывучэнні курса “Сусвет Тэкст” у 10—11 класах вучні працуюць з рознымі відамі тэкстаў і ствараюць уласныя — ад рэзюмэ да сацыяльнай рэкламы. Прычым пад тэкстам варта разумець яшчэ і дыяграмы, схемы, інфаграфіку і інш.

З’явіліся новыя факультатывы па функцыянальнай адукаванасці для навучэнцаў з асаблівас­цямі псіхафізічнага развіцця з 1 па 11 клас, дзе акцэнт робіцца на камунікатыўным і сенсорным развіцці, бяспецы жыццядзей­насці, выбары прафесіі, падрыхтоўцы да самастойнага жыцця ў грамадстве. Так, навучэнцы 7 класа з АПФР падчас заняткаў “Школа бяспекі” вучацца распазнаваць і пазбягаць небяспекі ў побыце, на вуліцы і ў інтэрнэце, адпрацоўваюць алгарытмы дзеянняў у над­звычайных сітуацыях.

Па лесвічцы да поспеху

Асаблівую цікавасць уяўляе вучэбна-метадычны комплекс для 3—4 класаў “Калі вучыцца лёгка. У свеце ведаў і пазнання”, які змяшчае пяць модуляў з ключавым словам “вучуся”: лагічна і творча думаць, плана­ваць і асвойваць спосабы дзеянняў, працаваць з тэкстам і інфармацыяй, мець зносіны і супрацоўні­чаць, спазнаваць і развіваць сябе. Модулі накіраваны на фарміраванне галоўнай для пачатковай школы кампетэнцыі — умення вучыцца. У рамках серыі “Калі вучыцца лёгка” распрацаваны факультатыў “У свеце фінансаў”, які дапаможа вучням 3—4 класаў у вырашэнні задач фінансавага зместу, навучыць адказна ставіцца да грошай. Вучняў чакаюць дзелавыя гульні, кейс-метады, вучэбныя дыскусіі і праектная дзейнасць.

Акцэнт на факультатывах выхаваўчай накіраванасці “Лесвічка да поспеху” для 2 і 4 класаў і “Лесвіца да поспеху. Фарміруем функцыянальную адукаванасць вучняў” для 5—9 класаў зроблены на развіцці soft skills — уменняў вучыцца, пераадольваць цяжкасці, навыкаў крэатыўнага і крытычнага мыслення, эмацыя­нальнага і сацыяльнага інтэлекту, каманднага ўзаемадзеяння і г.д.

Папулярны сёння ў школах курс “Шчаслівы беларусам звацца” для 5—9 класаў. У распрацаваным для гэтага факультатыву ВМК пераважае рэгіянальны кампанент. Вучні ствараюць гістарычны пашпарт або карту сваёй мясцовасці, фотаальбом з нацыя­нальным адзеннем, энцыклапедыю дзіцячых гульняў і забаў, кулінарную кнігу мясцовых страў, а таксама рыхтуюць спектаклі аб мясцовых абрадах, экскурсійныя маршруты па славутых мясцінах, пішуць краязнаўчыя нарысы (нататкі) для газеты і распрацоўваюць рэкламныя стэнды аб прадпрыемствах рэгіёна.

Доступ да сучасных тэхналогій

— Асобныя факультатывы з’яўляюцца адказам на актуальныя патрэбы часу, — працягвае Вольга Уладзіміраўна. — Мы ра­зумеем, што дзеці жывуць у рэальным свеце, сочаць за навінамі, хочуць мець доступ да сучасных тэхналогій. Міністэрства адукацыі прапанавала нам распрацаваць факультатыў “Асновы кіравання квадракоптарам” для 8 і 9 класаў. У рабочую групу ўвайшлі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, у тым ліку Акадэміі авіяцыі, а таксама спецыялісты дзіцячага тэхнапарка і іншых арганізацый.

Праграма курса пабудавана так, каб крок за крокам вучні станавіліся аператарамі дронаў. Пачынаецца ўсё з трэнажора — віртуальнай пляцоўкі, дзе падлеткі вучацца кіраваць квадракоптарам без рызыкі пашкодзіць сапраўдны апарат.

Гэта як відэагульня, толькі з рэальнай мэтай — асвоіць асновы пілатавання. Навучэнцы знаё­мяцца з асноўнымі камандамі, вучацца адчуваць апарат, яго водгук на рух пульта. Затым яны бу­дуць працаваць з вучэбнымі мадэлямі на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, напрыклад, у спартыўных залах.

Сёння ў работу ўзяты новы, не менш актуальны факультатыўны курс, звязаны з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва гераіні