Кампетэнтныя мовазнаўцы — у кожным рэгіёне

- 12:28Адукацыйная прастора, Апошнія запісы

Удзельнікаў ХХХІ Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ў гэтым годзе прымала сталіца. Інтэлектуальныя спаборніцтвы для юных мовазнаўцаў праходзілі на базе гімназіі № 24 Мінска. І трэба адзначыць, што навучальная ўстанова з гонарам справілася з пачэснай місіяй. На працягу ўсяго алімпіяднага тыдня кожны ўдзельнік алімпіяды быў акружаны ўвагай і клопатам.

У Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры сёлета ўдзельнічалі 122 навучэнцы. З Брэсцкай вобласці на алімпіяду прыехалі 18 вучняў, з Віцебскай — 16, Гомельскай — 17, Гродзенскай — 16, з Мінскай і Магілёўскай было па 15 чалавек. Мінск прадстаўлялі 17 лепшых школьных мовазнаўцаў, Ліцэй БДУ — 8. Акрамя таго, у інтэлектуальных спаборніцтвах прынялі ўдзел і польскія школьнікі. Да нас прыехала каманда з комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.
Апелюючы лічбамі, хочацца адзначыць, што сярод удзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды былі 42 адзінаццацікласнікі, 45 дзесяцікласнікаў, 34 дзевяцікласнікі і адзін прадстаўнік 8 класа. Традыцыйна алімпіяда па беларускай мове і літаратуры вылучаецца сваім жаночым складам. І гэты раз не стаў выключэннем. Сёлета ў ёй удзельнічалі 15 юнакоў і, адпаведна, 107 дзяўчат.
Колькасны склад прадстаўнікоў школ гарадской мясцовасці склаў 109 чалавек. У алімпіядзе прынялі ўдзел 13 школьнікаў са школ сельскай мясцовасці, а 105 былі прадстаўнікамі гімназій і ліцэяў. У гэтым годзе ў рэспубліканскай алімпіядзе ўдзельнічалі 28 школьнікаў-прызёраў інтэлектуальных спаборніцтваў мінулага года.
У выніку тыднёвага інтэлектуальнага марафону дыпломы атрымалі 55 юных моваведаў. Дыпломы І ступені былі ўручаны 12 удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды, дыпломы ІІ ступені — 16, ІІІ — 27. Дзесяць навучэнцаў былі адзначаны пахвальнымі водзывамі.
Дыпломы рознай вартасці заваявалі 19 адзінаццацікласнікаў, якія цяпер маюць права быць залічанымі без экзаменаў на адпаведныя спецыяльнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі. Сярод гэтых пераможцаў 9 з’яўляюцца выпускнікамі гарадскіх школ, 8 — выпускнікамі гімназій, 2 — ліцэяў. Адзін чалавек быў прызёрам алімпіяды ў мінулым годзе.
Калі гаварыць пра вучняў 9-х класаў, для якіх усё ў навінку, то тут колькасць пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды абмежавана лічбай 17 — па 8 прадстаўнікоў школ гарадской мясцовасці і гімназій і адзін з сельскай школы.
Дыпломы І ступені сярод дзевяцікласнікаў атрымалі Марына Яромка з Азярцоўскай сярэдняй школы Мінскага раёна Мінскай вобласці, Таццяна Шапавалава з гімназіі № 1 Бабруйска Магілёўскай вобласці, Паліна Забела з гімназіі № 1 Слуцка Мінскай вобласці, Наталля Верамейчык з гімназіі № 1 Ліды Гродзенскай вобласці.
У 10 класе лепшымі сталі Караліна Захаранка, прадстаўніца сярэдняй школы № 10 Светлагорска Гомельскай вобласці, Ксенія Гардзеева з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці, Паліна Шарапава, навучэнка Магілёўскай гарадской гімназіі № 1, і Лізавета Наталевіч з Красналуцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.
У 11 класе дыпломамі І ступені былі ўзнагароджаны Марыя Карпіцкая, навучэнка Ліцэя Белдзяржуніверсітэта, Марыя Галка з сярэдняй школы № 32 Бабруйска Магілёўскай вобласці, Яніна Лубінская, прадстаўніца гімназіі № 2 Наваполацка Віцебскай вобласці.
Спецыяльны прыз міністра адукацыі атрымала ўладальніца дыплома І ступені з Азярцоўскай сярэдняй школы Кацярына Яромка.
Лідарам у камандным заліку стала Магілёўская вобласць. Навучэнцы гэтай каманды заваявалі 11 дыпломаў. Затым ідуць Віцебская вобласць, Мінск, Гомельская вобласць, Мінская, Гродзенская вобласці, Ліцэй БДУ і Брэсцкая вобласць.
У склад журы Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры ўваходзілі прадстаўнічыя мовазнаўцы з рэгіянальных і сталічных устаноў вышэйшай адукацыі. Журы працавала пад старшынствам члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца.
Традыцыйна алімпіяда па беларускай мове і літаратуры складалася з трох тураў: водгук на мастацкі твор, комплексная работа па мове і літаратуры і вуснае выказванне. Канечне, дзеці прыехалі на алімпіяду падрыхтаваныя, але без хваляванняў і складанасцей не абышлося. Прынамсі, Таццяна Шапавалава і Паліна Забела адзначылі, што на алімпіядзе вельмі важна ўмець сканцэнтравацца і не толькі ведаць, але і ўмець лагічна мысліць. У першую чаргу гэта неабходна пры напісанні водгуку і на вусным выказванні.
Марыя Карпіцкая, адзінаццацікласніца з Ліцэя БДУ, у рэспубліканскай алімпіядзе прымала ўдзел другі раз. “Раней я прымала ўдзел у алімпіядах па матэматыцы і рускай мове, але вось беларуская мова перацягнула. Да алімпіяды нас рыхтавала ўся кафедра беларускай мовы і літаратуры. Апошнія два тыдні перад алімпіядай мы займаліся ўсёй камандай і працавалі па 6 гадзін штодзень. І гэта быў цудоўны час.
Калі гаварыць непасрэдна пра алімпіядныя заданні, то лінгвістычны тур мне здаўся нескладаным. А вось на вусным выказванні хвалююся заўсёды, бо для мяне гэта самы складаны іспыт. На гэты раз давялося гаварыць пра памяць народа, якая захоўваецца ў кожнай сям’і”, — адзначыла Марыя.
Сапраўды, тур вуснага выказвання вылучаецца сярод астатніх. І, як не першы раз адзначаюць члены журы, для паспяховасці яго праходжання патрэбна лінгвістычная падрыхтоўка, літаратуразнаўчая і літаратуразнаўча-лінгвістычная кампетэнцыя. Але сярод алімпіяднікаў заўсёды ёсць такія, хто ўражвае сваім артыстызмам і прамоўніцкімі здольнасцямі. А будаваць выказванне трэба паводле пэўнай структуры: уступная частка, асноўная, заключная, каб усё было лагічна звязана паміж сабой, каб складвалася ўяўленне пра ступень валодання тэмай. Вуснае выказванне — закончанае, звязнае выражэнне ўласных думак у межах пастаўленай тэмы.
А ўвогуле, як адзначыў старшыня журы алімпіяды А.А.Лукашанец, ХХХІ Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры прайшла на вельмі высокім узроўні.
— Мне вельмі прыемна, што з году ў год веды алімпіяднікаў становяцца лепшымі. Дзеці, якія прыязджаюць на алімпіяду, вельмі кампетэнтныя як у мове, так і ў літаратуры. Яны добра ведаюць беларускую прозу, паэзію і лёгка ўсё гэта цытуюць у вусных выказваннях. Сёлетняя алімпіяда нас зноў па-добраму ўразіла начытанасцю і багатым слоўнікавым запасам школьнікаў.
Калі ж гаварыць пра мову, то ў ёй ёсць раздзелы, якія заўсёды выклікаюць пэўныя цяжкасці. Традыцыйна дастаткова цяжкімі з’яўляюцца заданні на словаўтварэнне. Ёсць складаныя моманты ў беларускім правапісе, арфаграфіі. Часам узнікаюць цяжкасці з заданнямі на веданне беларускай фразеалогіі. А з другога боку, вялікі працэнт выканання такіх заданняў сведчыць пра высокі ўзровень валодання мовай.
Адметнасцю сёлетняй алімпіяды з’яўляецца тое, што ўсе каманды паказалі добрыя веды і ні адна з іх не паехала без прызавых месцаў. Прычым дыпломы заваявалі як прадстаўнікі гарадскіх школ, так і сельскіх. Хачу падзякаваць настаўнікам за падрыхтоўку такіх дзяцей. І тут жа хочацца адзначыць, што мы вельмі рады, што такія адданыя педагогі працуюць у кожным рэгіёне.
Радуе і тое, што ў нас ёсць маладая крэатыўная моладзь, якая хоча ведаць і рэальна валодае беларускай мовай, а гэта вельмі важна для развіцця сучаснага грамадства. Сёння беларуская мова становіцца не толькі адным з найважнейшых сімвалаў і атрыбутаў нашай дзяржаўнасці, але і дзейсным фактарам камфортнага адчування беларуса ў любых абставінах. Калі чалавек ведае свае нацыянальныя атрыбуты, культуру, мову, то да яго будуць ставіцца з павагай у любым пункце свету, — заўважыў Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.