Каб вырашыць праблемы, звязаныя з маўленчым развіццём дашкольнікаў, настаўнік-дэфектолаг Ірына Велясюк з дзіцячага сада № 4 Пружан звяртаецца да кінезіялагічных практыкаванняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Непаўнацэннае маўленне адмоўна ўплывае на пазнавальную дзейнасць: зніжаецца вербальная памяць, пагаршаюцца запамінанне, слоўна-лагічнае мысленне, устойлівасць увагі і разумовая працаздольнасць, — гаворыць педагог. — Нягледзячы на розныя дапаможнікі, якія прапаноўваюць комплексы практыкаванняў па развіцці артыкуляцыйнай маторыкі, усё роўна час ад часу ўзнікаюць цяжкасці ў рабоце. Гэта звязана з тым, што для развіцця такой маторыкі патрабуецца даволі працяглы час, а дзеці з агульным недаразвіццём маўлення хутка стамляюцца і страчваюць цікавасць да выканання артыкуляцыйнай гімнастыкі, што негатыўна ўплывае на нармалізацыю мышачнага тонусу і карэкцыю гукавымаўлення.
Існуючыя праблемы падштурхнулі Ірыну Велясюк да пошуку новых падыходаў, метадаў і прыёмаў, якія дапамаглі б павысіць эфектыўнасць карэкцыйнай работы, дзе істотную ролю адыгрывае фарміраванне ў дзяцей кінестэтычных адчуванняў органаў артыкуляцыі, што дазваляюць адчуць кантраснасць становішча языка, сківіц, губ і накіраванасць выдыху. Іх дакладнасць якраз і абумоўлена адчуваннямі. Гэта вельмі важна на першапачатковых этапах пастаноўкі гукаў, калі яшчэ не сфарміравана слыхавая дыферэнцыяцыя.
— Фарміраваць правільнае гукавымаўленне добра дапамагае артыкуляцыйная гімнастыка, — працягвае педагог. — Як вядома, пры правільным вымаўленні гукаў органы маўленчага апарату прымаюць спецыяльнае становішча ці артыкуляцыйны ўклад, уласцівы пэўнаму гуку. А няправільнае размяшчэнне органаў артыкуляцыі прыводзіць да дэфектнага вымаўлення розных гукаў.
Дзякуючы артыкуляцыйнай гімнастыцы, развіваюцца і ўмацоўваюцца мышцы маўленча-рухальнага аналізатара, што ў сваю чаргу дапамагае даўжэй утрымліваць артыкуляцыйныя позы і садзейнічае правільнаму гукавымаўленню.
Тым не менш пастаянныя практыкаванні па развіцці артыкуляцыйнай маторыкі зніжаюць цікавасць дзяцей да іх. Каб вырашыць гэтую праблему, Ірына Велясюк звярнулася да нестандартнага выканання гімнастыкі — біяэнергапластыкі як аднаго з элементаў кінезіялогіі.
— Для карэкцыйнай работы найбольш падыходзіць спалучэнне біяэнергапластыкі (рухаў кісцей рук) з рухамі органаў артыкуляцыйнага апарату, — тлумачыць педагог. — У час выканання артыкуляцыйнага практыкавання рука паказвае, дзе і ў якім становішчы знаходзяцца язык, ніжняя сківіца ці губы. Затым да ўсіх класічных практыкаванняў дабаўляецца рух кісці, але пры ўмове, што дзеці цалкам засвоілі практыкаванне і выконваюць яго без памылак. Акрамя таго, абавязкова трэба ўлічваць індывідуальныя асаблівасці дашкольнікаў. Так, дзеці з дамінантнай правай рукой спачатку працуюць правай кісцю, а леварукія — левай. Паступова падключаецца другая рука. Такім чынам, дзеці выконваюць артыкуляцыйныя практыкаванні і адначасова рухамі абедзвюх рук імітуюць і паўтараюць рух артыкуляцыйнага апарату.
У гэтай рабоце Ірына Велясюк звяртаецца да лічэння, музыкі і вершаў. Пад кожнае артыкуляцыйнае практыкаванне яна падбірае пэўны рух рукі. Спачатку тэмп выканання павольны (пад лічэнне да дзесяці), але паступова ён павялічваецца. Дзеці арыентуюцца на тэмп, зададзены педагогам, лік і ўзор руху рукі.
Па словах Ірыны Велясюк, дзякуючы дынамічным практыкаванням, у выхаванцаў нармалізаваўся мышачны тонус, іх рухі сталі больш дакладнымі, лёгкімі і рытмічнымі, а дзякуючы статычным практыкаванням, дзецям удалося развіць мышачную сілу, дынамічную арганізацыю руху, навучыцца прымаць правільную артыкуляцыйную і пальчыкавую позу.
Цікавасць да практыкаванняў педагог павышае з дапамогай схем, піктаграм, гульнявых атрыбутаў для пальчыкаў (капялюшыкаў, рукавічак, спаднічак, фігурак пальчыкавага тэатра) і кінезіялагічных гульняў (“Кулак — рабро — далонь”, “Чароўныя малюнкі”, “Малюй дзвюма рукамі”, “Кінезіялагічныя дыванкі”, “Нейрадалонькі” і “Піца”). Іх асноўная мэта — развіццё артыкуляцыйнай маторыкі і міжпаўшарнага ўзаемадзеяння.

— Для дасягнення максімальнага выніку карэкцыйнай работы выкарыстоўваю балансіровачную дошку і нейратрэнажор “Васьмёрка”, — дадае Ірына Велясюк. — Спачатку знаёмлю дзяцей з трэнажорам і фармірую ў іх уменне ўтрымліваць шкляны шарык на дарожцы такім чынам, каб ён, малюючы васьмёрку, не выпадаў за борцікі. Пасля гэтага выхаванцы выконваюць класічную артыкуляцыйную гімнастыку і адначасова качаюць шарык на трэнажоры. Яго выкарыстанне дапамагае зняць агульнае напружанне арганізма, павышае канцэнтрацыю ўвагі і развівае міжпаўшарнае ўзаемадзеянне.
Знаёмячыся з балансірам, дзеці становяцца на балансіровачную дошку і вучацца ўтрымліваць раўнавагу (спачатку з падтрымкай педагога, а пасля без яе). Затым дашкольнікі, стоячы на дошцы, выконваюць класічную артыкуляцыйную гімнастыку. І толькі затым да яе дабаўляюцца кінезіялагічныя практыкаванні.

— Дзякуючы індывідуальнаму падыходу і паэтапнаму ўвядзенню практыкаванняў у карэкцыйны працэс, ранейшыя цяжкасці вырашаюцца хутчэй і эфектыўней, — заўважае Ірына Велясюк. — Вопыт паказвае, што кінезіялагічныя практыкаванні ў выніку скарачаюць тэрмін карэкцыі гукавымаўлення ў старэйшых дашкольнікаў. Нязвыклая падача матэрыялу прыцягвае і ўтрымлівае ўвагу дзяцей на працягу ўсіх заняткаў. А артыкуляцыйная гімнастыка з біяэнергапластыкай павышае цікавасць выхаванцаў да практыкаванняў, што ў выніку істотна павялічвае эфектыўнасць гімнастыкі, развівае артыкуляцыйную і пальчыкавую маторыку, памяць, увагу і мысленне, умацоўвае мышцы артыкуляцыйнага апарату, удасканальвае каардынацыю рухаў, а значыць, паляпшае засваенне матэрыялу ў цэлым.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ





