Карціны ажываюць

- 9:15Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Сучаснае ўвасабленне карцін пра Вялікую Айчынную вайну зрабілі ўдзельнікі квест­гульні “Спадчыннікі Перамогі” з Гомельскага раёна і прапанавалі ўсім далучыцца да акцыі ў Год гістарычнай памяці.

За тры апошнія гады гульня стала ў раёне традыцыйнай і любімай, але яе змест арганізатары — Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Гомельскага раёна — кожны раз кардынальна абнаўляюць. Таму ўдзельнікі — а гэта каманды 27 устаноў адукацыі — у апошні момант даведваюцца пра заданні і ўключаюцца ў выкананне. Дырэктар цэнтра Таццяна Каржова расказвае, што гульня праходзіць у чатыры этапы:

— Два ўжо прайшлі. На кожным этапе заданні самыя розныя, дзецям трэба задзейнічаць і інтэлект, і кемлівасць, і фізічныя даныя. Спачатку мы прапанавалі адказаць на пытанні віктарыны “Па старонках гісторыі”. Другое заданне прайшло ў анлайн-рэжыме на інтэрнэт-платформе Padlet —  віртуальнай дошцы. Дзеці ўважліва разглядалі вядомыя карціны Андрэя Горскага, Аляксандра Лакціёнава і Мікалая Бута, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, і рабілі свой фотаварыянт па іх матывах, а потым — калаж для параўнання.

— Нашы дзеці заданне ацанілі як вельмі сучаснае і моднае, — расказвае педагог-арганізатар Прыбарскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Руслана Урганава. — Захацелі стварыць уласную версію ўсіх трох прапанаваных карцін. Адразу сталі абмяркоўваць, хто чыю ролю будзе выконваць і дзе ўзяць рэчы, каб усё выглядала максімальна дакладна. Да пошуку далучыліся бацькі школьнікаў. Шынель знайшлі на дачы ў аднаго чалавека, боты ўзялі ў дзядулі другога. У кабінеце ваенна-патрыятычнага выхавання і ў шэфаў з вайсковай часці знайшлі гімнасцёркі і рэчмяшкі.

Важна, адзначае Руслана Русланаўна, што ўсе паглыбіліся ў гісторыю ўласных сем’яў, перажылі эмоцыі, якія, верагодна, адчувалі героі на карцінах. Педагог расказвае, што дзеці самі шукалі лакацыі, у якіх падзеі маглі б выглядаць найбольш падобна на арыгінал.

— На адной з карцін дзяўчына намалявана босай, — прыгадвае Руслана Урганава. — Я спытала нашу выканаўцу: што, Юля, рызыкнеш разуцца? Дзеля ролі дзяўчынка пагадзілася адразу.

Начальнік аддзела адукацыі Гомельскага райвыканкама Алена Кавалёва адзначае, што ў патрыятычную гульню актыўна ўключыліся выкладчыкі-гісторыкі і краязнаўцы — яны складалі пытанні для вучняў:

— Да ўдзелу і ацэнкі запрасілі прадстаўнікоў аддзялення Чырвонага Крыжа, ваенкамата, ваеннай часці… Цяпер усё ў разгары — наперадзе два туры нашай квест-гульні “Спадчыннікі Перамогі”. Фінал будзе праходзіць у пачатку мая вочна на тэрыторыі аздараўленчага лагера “Сожскі бераг”. Пераможцаў вызначаць па выніках спаборніцтваў яшчэ і ў медыцынскай падрыхтоўцы, стральбе, зборцы зброі… Аднак пераможцамі ўжо сёння сталі ўсе, хто далучыўся да ўдзелу ў акцыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.