Казкі з хаскі

- 10:11Выхаванне, Выхаваўчая работа

Ужо некалькі гадоў у Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы Брэста працуе праект “СаЧытайка” — чытаем чатырохногаму сябру. 

Чытанне сабакам — удалае спалучэнне біблія- і каністэрапіі, што дазваляе дзецям, якія не любяць кнігу, не знаходзяць паразумення ў калектыве, саромеюцца выступаць на людзях, маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, адчуваюць страх перад чытаннем, адкрыць для сябе свет слова. Адзінае медыцынскае абмежаванне, якое ёсць для каністэрапіі, — алергія на ­поўсць сабак.

— Праект стартаваў некалькі гадоў назад. Ён разлічаны на дзяцей, якія ўжо ўмеюць чытаць хаця б па складах, але да нас часта просяцца непісьменныя дзеткі. Быў хлопчык, якому мама напярэдадні зачытвала казку, а ён прыходзіў і проста пераказваў яе сабаку — так яму хацелася пагуляць з ім, паціснуць лапу, запусціць ручкі ў мяккую поўсць… А сёння мы прымаем да ­ўдзелу ўсіх без выключэння, нават тых, хто толькі пачынае вывучаць літары, — расказвае Святлана Іванаўна Івашкова, загадчыца Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэкі Брэста. 

Праект, які ў мінулым годзе заняў 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, дзейнічае ў некалькіх філіялах Цэнтральнай гарадской бібліятэкі Брэста. У адным з іх дзеці сёння з захапленнем чытаюць “Казкі з хаскі”, у другім — на працягу некалькіх гадоў на пару працавалі выдатная нямецкая аўчарка і звышразумны расэл-тэр’ер. Зараз іх гаспадыня (валанцёр-­кінолаг) пераключылася на работу выключна з асаблівымі дзеткамі. А на змену яе “неверагодным сабакам, якія разумелі свайго правадніка літаральна з паў-позірку”, прыйшоў бернскі зененхунд Берта.

— Гэта не проста вялікі, а велізарны сабака, які аказвае на дзяцей ашаламляльнае ўражанне. Асабліва на тых, у каго дома няма ніякіх жывёл. Аднак сэнс чытання з сабакам заключаецца не толькі ў зносінах з калматым сябрам, але і ў прысутнасці на сеансах кінолага-правадніка. У гаспадыні Берты — радасная падзея, яна нарадзіла дзіця, а значыць, магчымасць пачы­таць сабачцы ў дзяцей выдаецца значна радзей, — працягвае Святлана Іванаўна. — На дапамогу прыйшла Фрося.

У бібліятэцы актыўна шукаюць сабаку, які б мог стаць калегам Фросі. І заўважаюць: у некаторых краінах чытаюць і птушкам, і коцікам, і марскім свінкам, і чарапахам…

— Мы настроены менавіта на сабак. Таму што толькі яны мо­гуць даць дзецям той водгук, якога яны чакаюць. Калі дзіця чытае з памылкамі, ціха, невыразна, сабака пачынае пазя­хаць, сумна ўкладваецца на лапы. 

А калі дзіця стараецца, сабака заўсёды гэта адчувае, — расказвае С.І.Івашкова. — Можа ліз­нуць руку ці памахаць хвосцікам — ­паказвае рэакцыю, падба­дзёрвае. 

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.