Фінал конкурсу “Супервучань-2023” адбыўся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Фіналісты былі вызначаны па выніках прадметных алімпіяд, конкурсу партфоліа і інтэлектуальных гульняў, якія праводзіліся падчас адукацыйнай змены “Максімум, або 100%”. Дарэчы, змена праводзілася для выдатнікаў вучобы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны. Кожная вобласць прадставіла па адной камандзе, у якую ўвайшлі навучэнцы 10 класа.
“Дзесяцікласнікі спаборнічалі ў інтэлектуальным марафоне, які складаўся з конкурсу “Эрудыт “Зубраняці” (спаборніцтвы па прадметах), алімпіяд па прадметах, інтэлектуальных гульняў, абароны даследчых праектаў і інш., — расказала загадчык аддзела вучэбнай работы НДЦ “Зубраня” Марына Чарняўская. — Першае месца ў камандным заліку заваявала каманда выдатнікаў Мінскай вобласці. Пасля завяршэння змены каманды, якія перамаглі, былі ўзнагароджаны медалямі і дыпломамі Міністэрства адукацыі”.
Што тычыцца фіналу конкурсу “Супервучань”, то, згодна з падлікам балаў, у яго выйшлі 6 дзесяцікласнікаў. Сярод фіналістаў — тры прадстаўнікі Мінскай вобласці: навучэнка Жодзінскай жаночай гімназіі Варвара Лаўрэцкая, навучэнец гімназіі № 1 Слуцка Ілья Лісок і навучэнка гімназіі № 1 Дзяржынска Арына Лузан.
Таксама ў фінал выйшлі навучэнка сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі Дар’я Іванова, навучэнец сярэдняй школы № 1 Бярозы Дзмітрый Палянышаў і навучэнка гімназіі № 75 Мінска Святлана Фёдарава.
“Пераможцай конкурсу “Супервучань-2023” стала Дар’я Іванова“, — паведаміла М.Чарняўская.
Дзяўчыне былі ўручаны дыплом Міністэрства адукацыі, крыштальны зубр і сертыфікат на набыццё пуцёўкі на летнюю змену ў НДЦ “Зубраня” ў 2024 годзе. Акрамя гэтага, настаўнікам устаноў адукацыі, якія падрыхтавалі “супервучняў”, былі ўручаны падзякі.
Наталля САХНО