Прафесіянал XXI стагоддзя — які ён? Дакладны адказ на гэтае пытанне можна атрымаць, зазірнуўшы на спаборніцтвы прафмайстэрства. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Адзін залаты і 13 сярэбраных
Сёння адны з самых запатрабаваных прафесій — зваршчыкі, аператары станкоў, раскройшчыкі, тэхнолагі-канструктары і інш. Расійскі чэмпіянат па прафесійным майстэрстве “Прафесіяналы”, упершыню арганізаваны ў 2023 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дапамагае не толькі папулярызаваць гэтыя віды дзейнасці і павышаць іх прэстыж сярод моладзі, але і пабудаваць кар’еру. Самых таленавітых канкурсантаў запрашаюць на стажыроўку, а часам і адразу прапаноўваюць працоўнае месца ў буйных кампаніях і на прадпрыемствах.
Удзельнікамі чэмпіянату мінулага года сталі некалькі соцень экспертаў і канкурсантаў з Беларусі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Узбекістана, Турцыі, Арменіі і іншых краін. Усе яны змагаліся ў 55 кампетэнцыях асноўнай узроставай катэгорыі і ў 20 — для юніёраў.
Айчынная каманда змагалася за перамогу ў 16 кампетэнцыях міжнароднага заліку конкурснай праграмы, у выніку — 14 узнагарод: адзін залаты і 13 сярэбраных медалёў.
Беларускія навучэнцы і студэнты дэманстравалі майстэрства ў будаўніцтве, прамысловым і графічным дызайне, геапрасторавых тэхналогіях, кухарскай справе, кузаўным рамонце і іншых сферах дзейнасці.
Вытрымка, стойкасць і ўпэўненасць
Залатым прызёрам чэмпіянату ў кампетэнцыі “Тэхналогіі моды” стала навучэнка Мінскага дзяржаўнага каледжа індустрыі моды Валерыя Батура. Па яе прызнанні, да спаборніцтва яна рыхтавалася каля двух месяцаў. За гэты час прапрацавала ўсе конкурсныя заданні.
— Першым модулем спаборніцтва было макетаванне. Усім канкурсантам далі эскізы пераду, і нам неабходна было за дзве гадзіны зрабіць яго наколку на манекене пры дапамозе тканіны і шпілек. Да таго ж аформіць спінку, каб яна адпавядала пераду і была тэхналагічна прыгожай. Да гэтага выпрабавання мне дапамагла падрыхтавацца наш выдатны спецыяліст Таццяна Аляксандраўна Кірэева, — расказала дзяўчына.
Наступным заданнем стала эскізаванне. Канкурсантам за адну гадзіну трэба было намаляваць эскіз сукенкі, якую пасля будуць шыць. Затым удзельнікі спаборніцтва павінны былі за 5 гадзін стварыць лякала сваіх вырабаў.
— Апошні модуль — пашыў і кастамізацыя сукенкі. Нам далі 10 гадзін для таго, каб мы не толькі раскроілі сукенку, але і цалкам пашылі яе. А яшчэ трэба было паспець зрабіць кастамізацыю, паводле якой сукенка павінна адпавядаць стылю народнага касцюма таго рэгіёна, з якога прыехаў удзельнік. Думаю, што я добра справілася з усімі задачамі, нават нягледзячы на тое, што заданні змянілі і тканіну далі іншую, больш непаслухмяную, чым тая, на якой я трэніравалася. Аднак усё роўна я змагла сябе добра паказаць, — дадала Валерыя Батура.
Дзяўчыне для атрымання залатой узнагароды давялося нямала папрацаваць, таму і перамога значная:
— Усе мае родныя, сябры, педагогі вельмі чакалі маёй перамогі. Яна адкрывае шмат дарог для маёй будучыні, адна з якіх — паступленне ва ўніверсітэт без экзаменаў. Нашай моладзі варта ўдзельнічаць у такіх чэмпіянатах у тым ліку дзеля такой магчымасці. Да таго ж можна атрымаць запрашэнне на работу ад вядомых майстэрань, атэлье, брэндаў альбо прадпрыемстваў. А яшчэ проста для самога сябе, каб адчуць, што ты нешта можаш і ўмееш, а гэта таксама дарагога варта.
Да заканчэння каледжа засталося зусім нямнога, а пасля Валерыя двы гады прысвеціць абавязковай адпрацоўцы, паступіць ва УВА, атрымае дыплом аб вышэйшай адукацыі і… створыць асабісты брэнд.
— Я вельмі ўдзячна адміністрацыі і выкладчыкам каледжа за падтрымку і дапамогу не толькі ў падрыхтоўцы да конкурсу, але і ў асваенні прафесіі, — прызналася Валерыя Батура.
Дарэчы, без папярэдняй падрыхтоўкі справіцца з чэмпіянатнымі заданнямі практычна нерэальна, бо трэба не толькі ўмець правільна прачытаць тэхнічнае заданне, генерыраваць ідэі і мець практычныя навыкі, але і працаваць з улікам дакладна абазначаных часавых меж. Таму, зразумела, без дапамогі вопытнага настаўніка не абысціся. Валерыю трэніравалі адразу некалькі педагогаў, адзін з іх — намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Вольга Губанава:
— Заданні разам з Валерыяй адпрацоўвалі нашы майстры вытворчага навучання Таццяна Аляксандраўна Уласік і Таццяна Анатольеўна Раманюк, выкладчыца мадэлявання і мастацкага афармлення адзення Наталля Вячаславаўна Войнава. Каб канкурсантка магла справіцца з усімі модулямі, яе адначасова павінны рыхтаваць і канструктар, і мадэльер, і спецыялісты па макетаванні і малюнку. Прычым у час падрыхтоўкі да такіх спаборніцтваў не толькі ўдзельнікі, але і іх настаўнікі атрымліваюць бясцэнны вопыт.
Як расказала Вольга Яўгеньеўна, у кампетэнцыі “Тэхналогіі моды” на чэмпіянаце “Прафесіяналы” змагаліся 15 канкурсантаў: 13 — з Расіі і па адным — з Беларусі і Узбекістана. Наша ўдзельніца абышла ўсіх.
— Валерыя выцягнула не самае простае заданне: гарызантальнае чляненне, сілуэт трапецыю і кашулевы крой рукава. Але яна змагла і замалёўку добрую зрабіць, і распрацаваць па ёй канструкцыю будучага вырабу, і лякала выкраіць, прытрымліваючыся ўсіх патрабаванняў, бо правяраецца кожная лінія да міліметра. Але ў нашай канкурсанткі, як гаворыцца, чыстая рука, да таго ж яна мэтанакіраваная максімалістка, у якой усё павінна быць на вышэйшым узроўні. Эксперты адзначалі яе вытрымку, стойкасць і ўпэўненасць у сабе, — заўважыла Вольга Губанава.
Усе гэтыя якасці набыла ў час навучання ў каледжы. Спачатку яна паступіла на ўзровень ПТА, каб асвоіць прафесіі закройшчыка, краўца, швачкі, а пасля на УССА па кваліфікацыі “мадэльер-канструктар; тэхнік-тэхнолаг”. Зараз дзяўчына ўжо на апошнім курсе, выкладчыкам вельмі хочацца, каб яна засталася ў каледжы майстрам вытворчага навучання, аднак малады дызайнер пакуль думае, які шлях выбраць. Між іншым да яе падрыхтоўкі да чэмпіянату мела дачыненне і майстар вытворчага навучання Вольга Мікалаеўна Гуркова (раней Закрэўская). Яна ў 2015 годзе адна з першых паўдзельнічала ў сусветнай алімпіядзе прафмайстэрства WorldSkills Competition — 2015 і атрымала медаль “За найвышэйшае прафесійнае майстэрства”.
— Тады наша краіна ўдзельнічала ўпершыню ў такім спаборніцтве, і было цікава, на якім узроўні мы знаходзімся. Калі высветлілася, што маё 9-е месца — найлепшы вынік сярод краін Еўропы, то стала зразумела, што ў нас добрая адукацыя і мы смела можам паказваць сябе на сусветным узроўні. Увогуле, у нашым каледжы вельмі добрая база, якая дазваляе адразу рыхтаваць па некалькіх прафесіях, што дае куды больш магчымасцей для прафесійнай рэалізацыі, — расказала Вольга Гуркова.
Навучэнцы каледжа неаднаразова займалі прызавыя месцы на спаборніцтвах прафмайстэрства. Так, Дар’я Хілько атрымала медаль “За найвышэйшае майстэрства” на China International Skills Competition 2017, затым у 2021 годзе Таццяна Цішкавец (зараз Уласік) стала сярэбраным прызёрам на Размеркаваным Еўразійскім чэмпіянаце WorldSkills. А на наступны год яна ўжо як майстар вытворчага навучання заваявала залаты медаль у міжнародным Еўразійскім чэмпіянаце ў рамках фіналу VIII Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Russia. Зараз скарбонку ўзнагарод папоўніла і Валерыя Батура.
Дарэчы, сёлета адбудзецца VІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus. Ужо зараз актыўна праходзяць першыя адборачныя этапы ў каледжах і УВА. А таму, калі хтосьці з работадаўцаў шукае добрых спецыялістаў, варта зазірнуць на іх. Там абавязкова знойдуцца будучыя майстры сваёй справы.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва Валерыі БАТУРА і РІПА