Сям’ю можна назваць своеасаблівай калыскай асобы, і асаблівай увагі патрабуюць тыя, хто стаіць ля гэтай “калыскі”. Жыццё, здароўе, будучыня дзіцяці цалкам залежаць ад бацькоў і іх дзеянняў.
На жаль, часам самыя важныя ў жыцці дзіцяці дарослыя, тата і мама, парушаюць дадзеныя дзіцяці ад нараджэння правы: на дастойны ўзровень жыцця, на сям’ю і клопат бацькоў, на бяспеку. Вельмі часта гэтыя парушэнні адбываюцца па прычыне п’янства бацькоў. Дзеці, бацькі якіх злоўжываюць спіртнымі напіткамі, вядуць амаральны лад жыцця, складаюць асноўны кантынгент выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулку Драгічынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
У гэтай катэгорыі бацькоў няма паняцця нормы, адказнасці, іх вузкае кола інтарэсаў абмяжоўваецца задавальненнем базавых патрэб. А самае галоўнае — у такіх бацькоў, як правіла, няма вопыту ўзаемадзеяння з дзецьмі, адсутнічае запас элементарных псіхолага-педагагічных ведаў, якія патрабуюцца для паспяховага выхавання дзяцей. Назапашванне такіх ведаў ажыццяўляецца спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра праз работу бацькоўскага клуба “Дамашні ачаг”.
На кожным пасяджэнні клуба мы імкнёмся выклікаць прыхільнасць бацькоў, заваяваць іх давер, абудзіць жаданне падзяліцца сваімі думкамі, сумненнямі. Развіваем упэўненасць бацькоў у іх уласным поспеху. Ім важна пазітыўная падтрымка, здольная ўмацаваць упэўненасць у неабходнасці працаўладкавання, кадзіроўцы, наладжванні жыллёва-бытавых умоў, што садзейнічае вяртанню дзяцей у сям’ю.
Галоўная мэта — пераарыентацыя жыццёвых каштоўнасцей бацькоў, прыцягненне іх увагі да праблемы сваёй сям’і, пазіцыі дзіцяці ў ёй, пераасэнсаванне таго, што адбываецца, і, як вынік, рашучы крок да аднаўлення сям’і. Для таго каб работа клуба была эфектыўнай, праводзім сустрэчы ў форме круглых сталоў, трэнінгавых заняткаў, дыскусій, забаўляльных і конкурсных праграм, экскурсій.
Распаўсюджванню эфектыўнага вопыту выхавання дзяцей, павышэнню прыярытэту сям’і садзейнічаюць сумесныя заняткі з прыёмнымі бацькамі. Традыцыйна ў нас арганізуюцца сумесныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня сям’і, Дня маці і Дня абароны дзяцей.
Станоўчыя эмоцыі як у дзяцей, так і ў бацькоў выклікаюць заняткі з выкарыстаннем інтэрактыўных гульняў, арт-тэрапеўтычных прыёмаў. Дзеці і бацькі вучацца ўзаемадзейнічаць, выказваць свае пачуцці, разумець адно аднаго.
Вядома, работа з нядобранадзейнай сям’ёй не заўсёды прыносіць станоўчыя і хуткія вынікі, таму што нельга выхоўваць хутка, тым больш дарослых людзей. Мы толькі садзейнічаем таму, каб сям’я стала максімальна камфортнай і бяспечнай для дзіцяці. І наш калектыў радуецца кожны раз, вяртаючы дзіця ў біялагічную сям’ю, таму што дзіця павінна расці і выхоўвацца ў сваёй роднай “калысцы”.
Вольга ШЭЛЬПУК,
сацыяльны педагог
Драгічынскага раённага
сацыяльна-педагагічнага цэнтра.