“У добры шлях!” — традыцыйна, але кожны раз дрыготкім голасам жадалі ўчора выпускнікам школ. У кожнай агульнаадукацыйнай установе краіны прайшло свята апошняга званка — цёплае, урачыстае і крыху сумнае.
Напярэдадні ў Маладзечне прайшло рэспубліканскае свята “Апошні званок”. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел міністр адукацыі Андрэй Іванец. 1500 адзінаццацікласнікаў з усіх рэгіёнаў краіны — лепшыя навучэнцы, пераможцы спартыўных, творчых і інтэлектуальных конкурсаў — прайшлі па горадзе, дорачы ўсмешкі гараджанам і гасцям.
У парку Перамогі мінутай маўчання юнакі і дзяўчаты ўшанавалі подзвіг воінаў-вызваліцеляў, усклаўшы кветкі да мемарыяльнага комплексу. Галоўным слоганам мерапрыемства сталі словы “Памятаць гісторыю, атрымліваць асалоду ад сённяшняга дня і са здзіўленнем і захапленнем зазіраць у будучыню”.
Сёння ў краіне працуюць 2967 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаюцца 1 млн 66 тысяч школьнікаў. Сёлета 9 класаў заканчваюць 97,7 тысячы юнакоў і дзяўчат, 11 класаў — 52,3 тысячы. У перыяд з
1 па 9 чэрвеня адбудуцца выпускныя экзамены, пасля чаго выпускнікоў чакае ЦТ і ўступная кампанія.
Выпускныя вечары ва ўсёй краіне прызначаны на 10 чэрвеня. Міністэрствам адукацыі ўстаноўлены месцы правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў — гэта ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, у выключных выпадках — установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі або ўстановы культуры.
Галоўнае дзейства — школьная лінейка — прайшла на пляцоўцы Мінскай абласной комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Алімпік-2011”. Лепшых выпускнікоў школ — крэатыўных, таленавітых і разумных маладых людзей — прыйшлі павіншаваць кіраўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта, бацькі, настаўнікі.
“Гэты дзень застанецца ў вашай памяці на ўсё жыццё. Выпускны — гэта не проста заканчэнне школы, гэта крок у дарослае жыццё. Наперадзе вас чакаюць не толькі выпускныя экзамены, але і вялікі экзамен даўжынёй у жыццё. Сёння самы час азірнуцца і паглядзець, якія веды вы набылі ў школе, якімі вы сталі, і, вядома, падзякаваць тым людзям, якія дапамаглі вам стаць такімі, якія вы ёсць. Гэта вашы настаўнікі, якія ўклалі ў вас не проста веды, а часцінку сябе, каб вы ўпэўненым крокам ішлі наперад у дарослае жыццё”, — звярнуўся да выпускнікоў міністр адукацыі. А затым адзначыў лепшых выпускнікоў.
Сярод узнагароджаных юнакоў і дзяўчат — пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у галіне праграмнага забеспячэння, інфармацыйна-камунікацыйных і высокіх тэхналогій, удзельнікі школьных творчых праграм, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, лепшыя спартсмены, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў, турніраў, першынстваў.
Настассю Струк, выпускніцу сярэдняй школы № 16 Мазыра, перапаўнялі эмоцыі. Пасля атрымання ўзнагароды з рук міністра дзяўчына адзначыла, што ёй вельмі прыемна і ганарова знаходзіцца на такім свяце. Настасся — выдатніца, дыпламантка Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. “Я пакуль вагаюся і дакладна не вырашыла, куды буду паступаць. А беларускую мову вельмі люблю, таму і ўдзельнічала ў алімпіядзе”, — заўважыла дзяўчына.
Уладзіслаў Бегуноў — выпускнік сярэдняй школы № 45 Магілёва. Юнак — дыпламант заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, пераможца 10-й Усерасійскай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “МІФ-2022”, а таксама міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў, студэнтаў і магістрантаў “Моладзь — будучыня навукі”. Не бяромся рабіць прагнозы, але, магчыма, імя Уладзіслава будзе звязана з якім-небудзь адкрыццём. Пакуль жа ўсім выпускнікам жадаем ні пуху ні пер’я!
Прафесійнае майстэрства
Поспехі выпускнікоў былі б немагчымыя без педагогаў. За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у выхаванне навучэнскай моладзі, актыўную грамадзянскую пазіцыю Падзяка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь аб’яўлена:
Наталлі Аляксандраўне СТАЛЯРЧУК, настаўніцы фізікі Гарадзішчанскай сярэдняй школы імя М.А.Скіпара Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці;
Аляксандру Мікалаевічу ПУЧАКУ, настаўніку геаграфіі сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі;
Алене Іосіфаўне СВЯТЛОВІЧ, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Гродзенскай вобласці;
Юліі Генадзьеўне ЗАХАРКЕВІЧ, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Маладзечна Мінскай вобласці;
Аксане Уладзіміраўне ВЕЛІКАНАВАЙ, настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 23 Магілёва;
Галіне Зіноўеўне АЎРАМЕЦ, настаўніцы матэматыкі гімназіі № 17 Мінска;
Святлане Юр’еўне ЭКТАВАЙ, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 43 Мінска;
Таццяне Мацвееўне ЮДАШКІНАЙ, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе.
Як адзначыла Аксана Уладзіміраўна Веліканава, чарговы навучальны год скончыўся, але ў памяці застануцца цікаўныя вочы вучняў, шматлікія праекты, экскурсіі, урокі. Аксана Уладзіміраўна — класны кіраўнік са стажам. Сёлета яна будзе праводзіць у дарослае жыццё свой трэці выпускны клас. “Гэта выдатныя дзеці, вельмі творчыя і актыўныя. Мы з імі ўдзельнічалі ў самых розных праектах, у тым ліку міжнародных, з экскурсіямі аб’ездзілі вялікую колькасць памятных месцаў нашай краіны. Сёння са мной на свяце мой вучань. Ён штогод, з 5 па 11 клас, з’яўляўся пераможцам другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Гэта Вячаслаў Шаройка”, — падзялілася настаўніца.
#САМАЛЁТПАЖАДАННЯЎ
Напярэдадні рэспубліканскага свята “Апошні званок” выпускнікі школ сталі ініцыятарамі чэленджа і флэш-мобу — “Самалёт пажаданняў”. Адзінаццацікласнікі з усёй краіны выбралі папяровы самалёцік аб’яднальным сімвалам для запісу відэапажаданняў сваім школам, настаўнікам, аднакласнікам, а затым дзяліліся імі ў сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #САМАЛЁТПАЖАДАННЯЎ.
Маладзёжную ініцыятыву падтрымалі і на свяце апошняга званка — яго ўдзельнікі зладзілі танцавальны флэш-моб. А кульмінацыйным момантам лінейкі стаў апошні званок — самыя шчымлівыя хвіліны. Пасля ўсіх удзельнікаў свята чакалі канцэрт, дыскатэка і святочны феерверк.
Трэба адзначыць, што, акрамя свята апошняга званка, міністр адукацыі Андрэй Іванец наведаў сярэднюю школу № 14 Маладзечна, дзе азнаёміўся з умовамі навучання і выхавання, а таксама прыняў удзел у адкрыцці залы памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Андрэй Іванец адзначыў, што з новага навучальнага года атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю можна будзе толькі ў каледжах.
“З 1 верасня з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ў Беларусі каледжы стануць адзіным тыпам устаноў адукацыі, якія будуць рэалізоўваць узровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Выпускнікі 9-х класаў без экзаменаў будуць паступаць у каледжы, дзе будуць атрымліваць поўную сярэднюю адукацыю на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Навучэнцы атрымаюць веды па ўсёй школьнай праграме за 10—11 класы і паралельна, што вельмі важна, набудуць прафесію. У выніку яны выйдуць спецыялістамі, гатовымі працаваць на нашу эканоміку”, — сказаў Андрэй Іванец.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.





