З бягучага навучальнага года ў Крытышынскім дзіцячым садзе Іванаўскага раёна рэалізуецца адукацыйны праект “Інфарматыка без разеткі”, мэта якога — развіццё алгарытмічнага мыслення і логікі ў старэйшых дашкольнікаў для далейшага вывучэння інфарматыкі і падрыхтоўкі да пачатковай школы.
Асаблівасць праекта ў тым, што выхаванцы робяць першыя крокі ў свет інфарматыкі і праграмавання без камп’ютараў. З дзецьмі займаецца педагог А.В.Медзвядзюк, якая прайшла спецыяльныя курсы ў Парку высокіх тэхналогій.
Заняткі праводзяцца двойчы на тыдзень і выклікаюць у хлопчыкаў і дзяўчынак вялікую цікавасць. Юныя айцішнікі малююць, рашаюць лагічныя задачы, выконваюць розныя заданні.
З дапамогай гульняў, музыкі і раздатачных матэрыялаў выхавальніца развівае ў дзяцей лагічнае і алгарытмічнае мысленне. На кожных занятках прысутнічае казачны персанаж — кот Алесік, якому дашкольнікі з задавальненнем дапамагаюць рашыць пэўную задачу, адгадаць загадку, прайсці лабірынт ці адшукаць клад.
— Для павышэння цікавасці дзяцей выкарыстоўваецца брэндавая атрыбутыка, — расказвае загадчыца ўстановы В.І.Жур. — У выхаванцаў свая форма адзення, свае вучэбныя прылады, свой дыдактычны матэрыял. Падчас рэфлексіі прымяняюцца нестандартныя карты самаацэнкі з наклейкамі ў выглядзе кацянят з розным эмацыянальным выразам мыскі. Усё гэта разнастайвае заняткі, матывуе і згуртоўвае дзяцей.
Адсутнасць камп’ютараў станоўча ўплывае на здароўезберажэнне. Дашкольнікі выконваюць прапанаваныя заданні не толькі за сталом, але і на падлогавым палатне, што прымушае актыўна рухацца.
Кожныя заняткі разбіраюцца і абмяркоўваюцца ў анлайнрэжыме супрацоўнікамі Парка высокіх тэхналогій.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.







