Слова “эўрыка” перакладаецца з грэчаскай мовы як “я знайшоў”. Архімедаўскі кліч азарэння чвэрць стагоддзя гучыць у Жлобінскім гарадскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”.
Сёння тут працуюць 37 аб’яднанняў, якія наведваюць 1400 навучэнцаў ад 3 да 18 гадоў. Дарэчы, у 1997 годзе пачыналі з чатырох гурткоў, у якіх займаліся 70 чалавек.
Казачныя птушкі ўздоўж лесвіц нясуць на крылах заклік: “Ад простага да складанага і да поспеху!”. Гэта дэвіз мясцовай гульні ў дзіцячую акадэмію навук. У ёй школьнік праходзіць этапы росту ад бакалаўра, магістра да ганаровага члена акадэміі. Між тым кожнае званне трэба пацвердзіць удзелам у конкурсах і дэманстрацыяй сваіх практычных уменняў па пэўным кірунку. Дзеці ўключаны ў творчае і інтэлектуальнае жыццё, дзе кожны адкрывае для сябе каштоўнасць ведаў і імкнецца да самаадукацыі.

Дырэктар цэнтра Вольга Мельнікава пакарае сваёй эрудыцыяй і любоўю да справы. Кіраўнік “Эўрыкі” — педагог вышэйшай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзякуючы якому ў цэнтры створана атмасфера творчасці. Сваім вялікім прафесійным вопытам і жыццёвай мудрасцю Вольга Міхайлаўна шчодра дзеліцца з калегамі і дзецьмі:
— Мае выхаванцы — гэта крыніца натхнення, без якой, напэўна, немагчыма працаваць — шукаць, знаходзіць, памыляцца і зноў шукаць. За 25 гадоў праведзена велізарная колькасць конкурсаў, якія згуртавалі дзіцячыя калектывы. Кожныя 5 гадоў мы падводзім вынікі работы калектываў. Пераможцам уручаем кубак “Трыумф”. Гэта сур’ёзная работа, і за ёй стаіць якасць рэалізаванай творчай ідэі.
Традыцыйнае “Пасвячэнне ў “эўрыканцы” дае старт падарожжу да гары Добрых спраў. Усе пачаткоўцы атрымліваюць “студэнцкія білеты”, у якіх адзначаны этапы росту. Разнастайнасць кірункаў і відаў творчасці дае магчымасць выбраць справу, якая можа стаць прафесіяй ці проста любімым заняткам на ўсё жыццё.
У народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва 14 аб’яднанняў па інтарэсах. Напрыклад, у “Саломінцы” ўзнавілі вышыўку саломкай і стварылі выдатную калекцыю сукенак. Керамісты навучыліся рабіць традыцыйную беларускую цацку, а зараз асвойваюць ганчарную вытворчасць. З бяросты дзеці ствараюць маляўнічыя работы, якія адлюстроўваюць прыгажосць малой радзімы. Вязанне, ткацтва, вышыванне, шыццё, калаж, роспіс… Усе гэтыя тэхнікі — частка вялікіх і маленькіх праектаў, якія прыносяць дзецям задавальненне і дыпломы пераможцаў на розных конкурсах.
У цэнтры “Эўрыка” вучаць думаць, марыць, увасабляць свае мастацкія ідэі і фантазіі ў самым розным выглядзе — ад малюнка да танца. Выхаванцы неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і выстаў.

У аб’яднанні па інтарэсах “Акварэлька” займаецца каля 100 чалавек. Педагог Тамара Емяльяненка пераканана, што валоданне асновамі мастацкай мовы і вопыт эстэтычнага ўспрымання свету дапамогуць дзецям знайсці сябе ў жыцці. Тамара Аляксандраўна кожнага вучня вядзе сваёй дарогай да шчасця зносін з выяўленчым мастацтвам. Работы “Акварэлькі” захоўваюцца ў нацыянальным цэнтры творчасці, у Прэзідэнцкай бібліятэцы, выстаўляліся і ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. Штогод выпускнікі гэтага творчага аб’яднання паступаюць у навучальныя ўстановы, дзе галоўны экзамен — малюнак. Вытрымліваюць яны яго годна, таму паслядоўнікаў у педагога жывапісу кожны год дабаўляецца — сёння іх больш за 30.
У цэнтры займаюцца эстрадным вакалам і эстрадным танцам. Тут працуюць узорны тэатр эстраднай лялькі “Карцінка”, узорны тэатр “Забаўнік”. Прадстаўлены і КВЗ, клуб “Лідар”, “Гульнявая мазаіка” і “Што? Дзе? Калі?”, чырлідынг і фальклорны тэатр, журналістыка і школа ранняга развіцця, гітара і сучасны танец…
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Ількова кіруе ўзорным ансамблем спартыўнага бальнага танца “Элегія”. Калектыў вялікі: у ім цяпер 180 танцораў, з іх 16 — майстры спорту. Выхаванцы Ірыны Алегаўны атрымалі гэтае званне ў 2019 годзе пасля чэмпіянату свету ў Маскве, дзе занялі 7-е месца. Танцоры “Элегіі” ўдзельнічалі ў міжнародных конкурсах у Кітаі, Германіі, Грэцыі, Італіі, Венгрыі. 10 выхаванцаў выбралі прафесію харэографа і цяпер вучаць танцаваць ужо новае пакаленне дзяцей.
Сёння 77% педагагічнага калектыву “Эўрыкі” маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У калектыве працуюць пераможца першага рэспубліканскага конкурсу педагогаў-арганізатараў Юлія Шчэгель, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу педагогаў дадатковай адукацыі Марына Барыскова. Жлобінскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі па выніках 2019/2020 навучальнага года быў названы лепшай установай дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.





