Загадчыца Ашмянскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Крысціна Габрыяловіч за ўсімі этапамі рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” сочыць з 1991 года. Больш за дзесяць гадоў яна ўваходзіць у склад журы раённага этапу і ўпэўнена: конкурс — не проста спаборніцтва, а галоўная пляцоўка для прафесійнага росту педагогаў. За 44 гады работы ў сістэме адукацыі Крысціна Альфрэдаўна бачыла шмат гісторый поспеху і падзялілася сваімі назіраннямі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.

— Ці заўсёды конкурс меў такую папулярнасць, як сёння?
— Мне здаецца, яго папулярнасць залежыць ад захопленасці канкрэтнага настаўніка сваёй прафесіяй. Калі чалавек адчувае сябе часткай вялікай педагагічнай каманды, то яго цікавасць да конкурсу вялікая.
Чатырнаццаць гадоў узначальвала адну са школ Ашмянскага раёна і як дырэктар вынікі рэспубліканскага конкурсу на старонках “Настаўніцкай газеты” заўсёды вельмі чакала. Бывала, такія матэрыялы зачытваліся падчас педагагічных нарад. Вельмі карысным напярэдадні конкурсу ў 2023 годзе стаў дайджэст цікавага педагагічнага вопыту ад фіналістаў рэспубліканскага этапу, які надрукавала “Настаўніцкая”.
— Як праходзяць конкурсныя выпрабаванні сярод педагогаў Ашмяншчыны?
— Першы этап адбыўся ў кастрычніку — лістападзе ва ўсіх установах раёна. Удзел у ім прынялі больш за 20 педагогаў. Ход конкурсных мерапрыемстваў трансліраваўся ў месенджарах і на старонках устаноў у сацыяльных сетках.
Такія моманты не проста падкрэсліваюць значнасць прафесійнага спаборніцтва, але і ўзмацняюць падтрымку яго ўдзельнікаў. Ведаю, што з пажаданнямі ўдачы да многіх канкурсантаў спяшаліся не толькі калегі, але і бацькі вучняў. Незалежна ад выніку, конкурс прафмайстэрства — гэта тое, што згуртоўвае педагагічную супольнасць.
Па выніках першага, завочнага тура ў вочны прайшлі 10 педагогаў у 5 намінацыях: “Замежная мова”, “Пачатковыя класы”, “Малады настаўнік”, “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”, “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”. Яны правялі ўрокі ў незнаёмым класе і прадэманстравалі прафесійныя кампетэнцыі ў галіне падрыхтоўкі, правядзення і аналізу ўрока, а таксама выступілі ў ролі вядучых майстар-класаў.
Новай у гэтым годзе стала намінацыя “Малады настаўнік”. І яна знайшла водгук: мы атрымалі шмат заявак. Удзельнічалі ў гэтай намінацыі Ангеліна Лыскойць з Кальчунскай сярэдняй школы, Дзіяна Гагілайце з сярэдняй школы № 2 Ашмян, Ангеліна Дзятловіч з Дакурнішскай сярэдняй школы, Юлія Дэрвіс з сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага і Глеб Грынкевіч з Граўжышкоўскай базавай школы. Такая актыўнасць сведчыць пра тое, што ў раёне свой шлях у педагогіцы пачынае ініцыятыўная моладзь. Таму наша задача — падтрымаць і накіраваць яе.
— Конкурсны рух дапамагае ў гэтым?
— Так. Удзел у прафесійных конкурсах — гэта заўсёды выхад з зоны камфорту. Але для моладзі ў прафесіі такая зона яшчэ не акрэслена. Конкурсная актыўнасць для іх становіцца прамым шляхам развіцця.
Мы назапасілі багаты вопыт падрыхтоўкі да конкурсу педмайстэрства. Нашы настаўнікі не раз узнімаліся на пераможны п’едэстал на розных этапах, што, канечне, матывуе рухацца далей. Пераможцай конкурсу “Настаўнік года — 1997” была настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 2 Ашмян Валянціна Гінчук, якая з 2024 года працуе прарэктарам па метадычнай рабоце ў Акадэміі адукацыі.
У 2014 годзе ўдзельніцай рэспубліканскага этапу станавілася Марына Дудойць, настаўніца фізікі з сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага. Сёння гэта настаўнік-метадыст адной са сталічных школ. А ў 2017 годзе на рэспубліцы наш раён прадстаўляла Ларыса Ларыёнава, настаўніца гісторыі з гімназіі №1 райцэнтра.
— Якая з намінацый стала самай папулярнай у Ашмянскім раёне?
— Тут захавалася тэндэнцыя мінулых гадоў: гэта “Пачатковыя класы”. Прычына відавочная: сёння ў раёне працуе 101 педагог пачатковых класаў, гэта самая вялікая каманда нашых прафесіяналаў. Удзельнікамі раённага этапу сталі Ганна Васькова з сярэдняй школы № 2 Ашмян і Сняжана Коўгер з Кальчунскай сярэдняй школы.
Сярод удзельнікаў ёсць педагогі, якія прымаюць удзел у конкурсе другі раз. Гэта Наталля Пілецкая, настаўніца інфарматыкі з сярэдняй школы № 1 імя М.М.Гружэўскага, і Ганна Васькова, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2.
У намінацыі “Руская і беларуская мовы” дзялілася сваім майстэрствам настаўніца Святлана Лабачэўская з сярэдняй школы № 3. Многаму могуць павучыцца ў яе маладыя калегі: педагог актыўна працуе з высокаматываванымі вучнямі і падрыхтавала пераможцу рэспубліканскай алімпіяды.
— За перамогай, як правіла, стаіць каманда. Як яна працуе ў вашым раёне?
— На першым этапе дапамагае і штосьці падказвае кіраўніцтва школы. На абласным этапе далучаецца раённы метадычны кабінет. На сцэну з канкурсантамі гатовы выйсці нават творчыя калектывы раёна. Атрымліваецца, паспяховы ўдзел становіцца агульнараённай мэтай. І чым далей праходзіць удзельнік конкурсу, тым большай становіцца каманда падтрымкі.
Памятаю, калі да рэспубліканскага этапу рыхтавалі аднаго з педагогаў раёна, майстар-класы спачатку практыкавалі на групе вопытных калег Ашмяншчыны. Пасля сумеснага мазгавога штурму ўносілі рэмаркі. У адзіночку такі шлях не адолець, бо ўзровень конкурсу вельмі высокі.
Увогуле, пераможцам конкурсу “Настаўнік года” можна смела назваць кожнага ўдзельніка. Нават калі ён не становіцца шчаслівым уладальнікам статуэткі ў выглядзе хрустальнага жураўля. Ён пераможца ўжо таму, што выйшаў з зоны камфорту, прадэманстраваў свае прафесійныя магчымасці і атрымаў падтрымку ўсёй педагагічнай супольнасці раёна.
***
Прызнаны пераможцамі раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”:
у намінацыі “Замежная мова” — Сабіна Анатольеўна Азаровіч, настаўніца нямецкай мовы Гальшанскай сярэдняй школы;
у намінацыі “Пачатковыя класы” — Сняжана Станіславаўна Коўгер, настаўніца пачатковых класаў Кальчунскай сярэдняй школы;
у намінацыі “Малады настаўнік” — Юлія Аляксееўна Дэрвіс, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага;
у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” — Наталля Аляксандраўна Пілецкая, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага;
у намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” — Святлана Уладзіміраўна Лабачэўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Ашмян.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





