Летнік Карэліцкага раёна стаў для Алены і Аляксея Буй зыходным пунктам іх сямейнай гісторыі

- 14:18Учительский дуэт

Алена і Аляксей Буй расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, як ствараўся іх педагагічны дуэт і як крочаць разам па жыцці ў “турыстычным тэмпе”.

Асаблівая атмасфера

— Калі ў нас пытаюцца, дзе мы пазнаёміліся, з жартам адказваем: “У лесе сустрэ­ліся”. Так і крочым ра­зам па жыцці ў так званым турыстычным тэмпе: падчас навучальнага года вандруем па свеце ведаў і новых уменняў разам з вучнямі, а самыя працяглыя канікулы сёлета праводзім у летніку “Вясёлка”, — расказваюць настаўнікі сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Карэлічы.

Яна адкрывае школьнікам дзверы ў свет ведаў па замежнай мове. Ён выкладае ўрокі фізічнай культуры і здароўя. А дома прадстаўнікі педагагічнага дуэта рэалізуюць сябе ўжо ў статусе бацькоў.

Упершыню летні адпачынак правялі ў лагеры ў 2009 годзе. Гэтай традыцыі прытрымліваліся на працягу некалькіх гадоў да з’яўлення дачкі. А як толькі дзяўчынка з прыгожым імем Васіліна пайшла ў школу, аднавілі гэтую практыку.

— Сёлета еду ў лагер чацвёрты раз, і падабаецца тут мне адразу па некалькіх прычынах. І таму, што мама побач, і таму, што гэтае месца дорыць шмат новых сяброў. Са сваёй лепшай сяброўкай, напрыклад, некалькі гадоў назад я пазнаёмілася менавіта ў лагеры. Сёлета я вельмі старанна рыхтавалася да паездкі. Намалявала шмат малюнкаў-плакатаў, якімі ўпрыгожыла пакой, дзе жыву. Мама працуе ў летніку выхавальніцай, таму ў мяне ёсць вялікая перавага: заяз­джаю разам з ёй за дзень да старту змены і магу выбраць пакой і ложак без усялякай канкурэнцыі, — са шчырай усмешкай адзначае малодшая прадстаўніца сям’і Буй.

У загарадны лагер сёлета яна ўпершыню за доўгі час адправілася не толькі з мамай, але і з татам. Такі фармат адпачынку ідзе на ка­рысць не толькі педагагічнаму майстэрству бацькоў. Сумесна праведзены час у фармаце 24/7 дорыць шмат агульных успамінаў.

— Наогул, лагер — гэта заўсёды асаблівая атмасфера. Такі вопыт дапамагае па-новаму зірнуць на дзяцей, якіх ты, здавалася б, добра ведаеш па школе. Тут яны зусім па-іншаму праяўляюць сябе, раскрываюцца з новага боку. Гэта важны крок на шляху пабудовы плённага дыялогу і падчас навучальнага года на ўзроўні “настаўнік — вучань”, — дзеліцца Алена Буй.

З павагай да ўсяго роднага

З дзяцінства яна марыла стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Ва ўніверсітэце атрымала двайную спецыяльнасць і магла пачаць шлях у прафесіі ў тым ліку як настаўніца пачатковых класаў. Але пры размеркаванні ёй прапанавалі выкладаць англійскую мову. Дома настаўніца замежнай мовы будуе дыялогі з сям’ёй выключна на беларускай мове. Зрэшты, павагу да ўсяго роднага прывівае дзецям і на вучэбных занятках. Напрыклад, пры фарміраванні ў школьнікаў лексічнага запасу замежных слоў вялікую ўвагу ўдзяляе менавіта ўласцівым беларускай культуры. А пры падрыхтоўцы тэм вусных выказванняў ссоўвае акцэнты вучнёўскай увагі з далёкіх Біг-Бэна і Таўэра на добра знаёмы школьнікам Карэліцкага раёна Мірскі замак і не толькі.

Заўсёды з задавальненнем яна слухае маналогі дзяцей на тэму My native town. І гарадскі пасёлак Карэлічы даўно лічыць родным, нягле­дзячы на тое, што нарадзілася і вырасла ў Баранавічах.

— У цэлым наша Алена Віктараўна вучыць дзяцей намнога большаму, чым проста замежнай мове. Гэта вельмі творчая і шматгранная асоба, якая заўсёды ў цэнтры грамадскага жыцця школы. Разам з Аляксеем Мікалаевічам не так даўно яна прадстаўляла наш раён падчас абласнога турыстычнага злёту работнікаў сістэмы адукацыі і навукі. Да таго ж яна пастаянна падказвае цікавыя ідэі па творчым афармленні тэматычных куткоў да святочных дат і ўвасабляе іх у жыццё, — дадае кіраўнік установы адукацыі Алена Вярбіцкая.

Будуючы ўзаемадзеянне з дзецьмі як настаўнік-прадметнік і працуючы ў лагеры, Алена Буй заўсёды прытрымліваецца прынцыпу “кожны маленькі чалавек — гэта асоба, да якой важна знайсці падыход”.

Яна ўпэўнена, што цікавым і запамінальным у лагеры можна зрабіць любы эпізод адпачынку дзяцей. У мінулым годзе, напрыклад, педагог сутыкнулася з цяжкасцю: для конкурсу “Міс лагера” трэба было падрыхтаваць дзвюх удзельніц, а жадаючых паўдзельнічаць у ім аказалася нашмат больш.

— Імёны ўсіх жадаючых напісалі на паперках і злажылі ў скрыню. Два добраахвотнікі вызначылі галоўных герояў конкурсу ад нашага атрада, выцягнуўшы паперкі, і ў сяброўскай атмасферы да іх выступлення рыхтаваліся ўсе разам. І перамаглі, — дзеліцца ўспамінамі і цікавым прыёмам, які дапамагае з’яднаць дзіцячы калектыў, Алена Віктараўна.

Прыклад настойлівага імкнення

Трымае напагатове такі прыём сёлета і Аляксей Мікалаевіч.

— Памятаю, пасля першай змены ў лагеры яшчэ падчас студэнцтва нават заплакаў у дзень ад’езду дзяцей. І менавіта тады зразумеў, што педагогіка — мой шлях, — падключаецца да размовы настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 1, які ў свой час вучыўся ў гэтай установе.

Яго выпадак — гэта прыклад настойлівага імкнення да прафесіі. Праўда, першапачаткова — зусім да іншага прадметнага кірунку. Пасля заканчэння школы ў Аляксея Буя не атрымалася пасту­піць на гістарычны факультэт БДУ. Не адчайваючыся, ён тады пераарыентаваўся на Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы. А атрымаўшы адукацыю настаўніка фізічнай культуры, усё ж завочна скончыў гістарычны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.

— Канечне, на сваіх уроках я часта звяртаюся да гісторыі спорту. Мае самыя ўважлівыя вучні ведаюць шмат, напрыклад, пра з’яўленне і развіццё гульнявых відаў. І, варта адзначыць, ім гэта вельмі падабаецца. Калі расказваю ім, што футбольныя вароты першапачаткова былі без сеткі, а ідэю ўвядзення жоўтых і чырвоных картак італьянскаму суддзі падказаў… святлафор, адчуваю з боку дзяцей павышаную ўвагу і атрымліваю дзясяткі сустрэчных пытанняў. Адным словам, ціка­васць да гісторыі дапамагае буда­ваць жывы і займальны дыялог з вучнямі, — дзеліцца педагог.

Часта на сваіх уроках Аляксей Буй акцэнтуе ўвагу школьнікаў на імёнах і дасягненнях беларускіх спартсменаў. З гэтай мэтай ён нярэдка прыходзіць на заняткі не толькі з неабходным спартыўным інвентаром, але і з кнігай “Алімпійцы Гродзеншчыны”.

Верны спадарожнік педдуэта на іх прафесійным шляху — творчы настрой. Будучы адным з нешматлікіх мужчын у калектыве 1-й школы Карэліч, Аляксей Мікалаевіч на вечары для настаўнікаў часта прыходзіць з гітарай. І ў такіх выпадках сям’я Буй становіцца творчым дуэтам: ён іграе, а Алена Віктараўна спявае.

Усё ў жыцці яны ро­бяць разам. Не так даўно спантанна сабраліся ў паездку на літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі” ў Капыльскім раёне.

— Лета — гэта час збіраць уражанні і ўспаміны, — адзначае Алена Віктараўна.

Уласна, на гэта накіравана і іх цяперашняе падарожжа ў дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка”, які размешчаны ў прыродаахоўнай зоне — ландшафтным заказніку “Свіцязянскі”. Тут яны не проста працуюць, але і працягваюць вучыцца. Алена Віктараўна знаходзіць новыя падыходы да дзяцей, назіраючы за імі ў неафіцыйнай абстаноўцы. Аляксей Мікалаевіч дзеліцца сваім вопытам і натхненнем, знаходзячы водгук у сэрцах дзяцей.

А дачка Васіліна становіцца своеасаблівым мастком паміж пакаленнямі, дапамагаючы бацькам лепш разумець сучасныя інтарэсы дзяцей.

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара