Настаўнік фізічнай культуры У.М.Дземянчук з Маларыцкай раённай гімназіі і сярэдняй школы № 1 Маларыты аддаў педагагічнай дзейнасці 38 гадоў. Уладзіміра Міхайлавіча любяць і паважаюць калегі, вучні, іх бацькі. Педагог з’яўляецца першаразраднікам па гіравым спорце, лёгка падцягваецца 20 разоў і амаль столькі ж адціскаецца на брусах. Уладзімір Міхайлавіч спаборнічае на ўроках з вучнямі ў бегу на хуткасць на розных дыстанцыях, а летам з унучкай плавае на вадаёмах.
— Займаюся гэтым для сябе, каб быць у добрай фізічнай форме, — прызнаецца Уладзімір Міхайлавіч. — Чалавек у любым узросце павінен клапаціцца пра сваё здароўе. А тое, што раблю, якраз гэтаму і спрыяе. Таму, напэўна, і хварэю рэдка. (Усміхаецца.) Упэўнены, што настаўнік абавязаны быць годным прыкладам для вучняў. Хочаш, каб яны, скажам, прабеглі пэўную дыстанцыю, пакажы гэта на ўласным прыкладзе. Я так і раблю, бо такі мой асноўны прынцып работы.
У дзяцінстве У.М.Дземянчук прайшоў добрую школу жыцця, дзе настаўнікамі былі ўважлівыя і клапатлівыя бацькі. Пасля заканчэння Маларыцкай сярэдняй школы будучы настаўнік паступіў на аддзяленне фізічнага выхавання Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Гэта была запаветная мара дзяцінства. Іншае зусім не цікавіла. Бацькі з выбарам сына былі згодны.
— Колькі памятаю сябе, столькі гуляю з мячом, — гаворыць У.М.Дземянчук. — Футбол, валейбол, тэніс… У выхадныя равеснікі, бывала, сядзяць без справы, а я на стадыёне, зробленым з сябрамі. Мяне можна было заўсёды знайсці толькі там.
Пасля заканчэння інстытута Уладзіміра Міхайлавіча накіравалі настаўнікам фізкультуры ў Маларыту. Маладога педагога хутка палюбілі дзеці і калегі: адкрыты, шчыры, усмешлівы, прыветлівы… Ён прыцягваў да сябе адразу. Праз 2 месяцы педагога прызвалі ў армію. Уладзімір і там не забыўся пра спорт. Гэта заўважыла камандаванне і прапанавала служыць у спартыўнай роце. Радавы Дземянчук з радасцю пагадзіўся, бо мог займацца тым, да чаго заўсёды імкнуўся. Трэніроўкі ў спартыўнай зале і на стадыёне пад кіраўніцтвам вопытных трэнераў. За невялікі час салдат шмат чаму навучыўся і шмат чаго пераняў у больш вопытных спартсменаў. Уладзіміра ўключылі ў каманду для ўдзелу ў мнагаборстве, якое складалася з 5 спартыўных дысцыплін.
— Добра памятаю першае выступленне на спаборніцтвах паміж родамі войскаў у складзе роты, — згадвае Уладзімір Міхайлавіч. — Адказна было, і хацелася паказаць добрыя вынікі. Ад гэтага шмат што залежала ў далейшым лёсе. Тытанічныя намаганні дарэмна не прайшлі. Мяне пачалі ўключаць у склад каманды на ўсе спаборніцтвы.
Пасля заканчэння службы У.М.Дземянчук вярнуўся ў Маларыту і зноў стаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры. Але таксама ненадоўга. Прызвалі ў армію і накіравалі на Байканур (Казахстан) у будаўнічыя войскі. Там лейтэнант запасу ўзводзіў ракетныя пункты. Пра спорт не забываў. Пасля вяртання ў Маларыту на працягу года працаваў старшынёй добраахвотнага раённага спартыўнага таварыства “Ураджай”.
— Работа была добрая, — усміхаецца Уладзімір Міхайлавіч, — але мне не даспадобы. Чагосьці не хапала. Хацелася творчага палёту, быць сярод дзяцей, а не за кабінетным сталом. Кожны раз, калі праходзіў міма школы, сэрца шчымела. У думках быў сярод вучняў.
У.М.Дземянчук пакінуў пасаду і не пашкадаваў — не было калі. Урокі, заняткі ў спартыўных секцыях, спаборніцтвы, паходы, экскурсіі, турыстычныя злёты… Дзеці не дадуць засумаваць. Іх усё цікавіць. Яшчэ ў пачатку свайго настаўніцтва Уладзімір Міхайлавіч паставіў перад сабой задачу рыхтаваць да жыцця здаровую і фізічна развітую моладзь. Прайшло шмат гадоў. Не адна сотня вучняў пакінула школьныя сцены, але арыенцір у рабоце педагога застаўся нязменным.
— Больш за 30 гадоў выкладаю фізкультуру ў школе, — гаворыць Уладзімір Міхайлавіч. — Калі б зараз перада мной зноў стаяў выбар, па якой жыццёвай сцежцы ісці, я, не задумваючыся, выбраў бы прафесію настаўніка. Чаму? Прычын шмат. А галоўная, напэўна, — гэта любоў да дзяцей.
Сапраўднымі настаўнікамі не становяцца — імі нараджаюцца. У.М.Дземянчук з ліку такіх. Таму і любяць яго вучні. Шчаслівыя, яны гуртам бягуць на кожную сустрэчу з любімым педагогам, які для многіх з’яўляецца надзейным сябрам, добрым дарадцам, шчырым субяседнікам.
Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара
па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.




