Любоў Пляскач з Ярэміцкай базавай школы: «У краязнаўстве фінал заўсёды адкрыты»

- 10:10Образование

Настаўніца фізікі Любоў Пляскач з Ярэміцкай базавай школы імя Уладзіміра Калесніка, што ў Карэліцкім раёне, ужо не марыць адкрыць новыя фізічныя законы. А ў краязнаўстве, якім актыўна займаецца з вучнямі, заўсёды ёсць надзея прыадкрыць штосьці новае — і зусім нечаканае. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Бясконцая прастора

Гэта нам толькі здаецца, нібы мінулае, сучаснасць і будучыня існуюць як адасобленыя рэальнасці. А час бесперапынны. І якраз у моманце жыцця, “тут і зараз” ёсць магчымасць і ў мінулае заглянуць, і адчуць рытмы і водары жыцця сучаснага, і памарыць пра будучыню…

Каб у дзяцей і падлеткаў было цэласнае светаўспрыманне, важна звяртаць іх увагу на гэтую моцную cувязь часоў, людзей, пакаленняў, падзей. Ярка ілюструе “бесперапыннасць часу” будзённы факт, пра які расказала загадчыца школьнага краязнаўчага музея імя Уладзіміра Калесніка Любоў Пляскач: “У нас тут ваенных падзей, сутычак столькі было калісьці… Дзеці, здараецца, прыносяць у музей гільзы. Агарод у бабулі капаюць ды нешта і выкапаюць, а вочы ж маладыя — і ўгледзяць, што, можа, раней дарослыя не заўважалі”.

Сляды мінулага ў месцах, даўно абжытых, на кожным кроку. А жывых сведак даўніх падзей у прынёманскіх Ярэмічах усё менш, як і вучняў у школе. Калі маладую настаўніцу фізікі Любоў Піскун (у дзявоцтве) пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута накіравалі ў 1979-м праца­ваць у Ярэміцкую сярэднюю школу, было ў ёй больш за 370 вучняў. У некаторых паралелях, згадвае, па 36 дзяцей. Цяпер — школа базавая, і вучняў толькі 38.

Ярэміцкая зямля стала ёй другой малой радзімай. Жыве ў Ярэмічах больш, чым у знакамітых, ніжэй па Нёмане, Шчорсах, дзе нарадзілася. З цеплынёй і ўдзячнасцю згадвае бабулю Волю. Тая ўвесь час Любку малую натхняла: “От, дзетачка… Як ты вырасцеш і будзеш настаўніцай, то будуць усе-ўсе цябе паважаць…” І прадбачанае-наканаванае, асвечанае моцным жаданнем, стала рэальнасцю, хоць віхурыла ж бойкую ўнучку пасля 8 класа нават у лётчыкі — ды медкамісію не прайшла. Лёсам занесла ў фізіку, потым у краязнаўства.

Гэтыя гільзы — з ярэміцкіх агародаў і ваколіц

“У фізіцы я ведаю, што будзе ў канцы, а ў краязнаўстве фінал заўсёды адкрыты, — з усмешкай разважае Любоў Іванаўна. — І гэта плюс, гэта цікава: што знойдзеш — не ведаеш. Яшчэ прыкінула: новы закон Ньютана ці нейкі “закон Пляскач” у школе не адкрыеш, на такое не пасягну. А ў края­знаўстве — бяс­концая прастора для адкрыццяў”.

Таямніцы Абрынскай сядзібы

Быў час, можа, год 2008-ы, калі ў школах уводзілі прадмет “Мастацкая культура”. На фізіку ў Любові Пляскач нагрузкі не хапала, таму яе дагружалі, бывала, маляваннем. І за новы прадмет яна ўзялася, вяла гады тры, пачала з вучнямі рабіць даследчыя работы. Асабліва ўсіх зацікавілі разваліны-рэшткі Абрынскай сядзібы — гэта раней быў панскі двор у пасёлку Першамайскі, па дарозе з Ярэміч на Турэц.

“Першым разам зладзілі паходы выхаднога дня, ад школы кіламетры за два, і пайшло шмат дзяцей, — расказвае Любоў Іванаўна. — А там запусценне, друз, камяні — нічога больш. Дырэктар школы Вячаслаў Міхайлавіч Галавач, ён гісторык, прашарсціў інтэрнэт — нічога. У кнізе пра старадаўнія сядзібы знайшлі мала звестак, яны ж і ў раённай кнізе “Памяць” ёсць — з невялічкім здымкам, можа, 1939 года. І ўсё.”

Юныя даследчыкі з настаўніцай пайшлі ў сельсавет, атрымалі спіс мясцовых старажылаў. З ім — па людзях.

“І знайшлі такія фотаздымкі ў бабулек! — у вачах Любові Іванаўны і цяпер захапленне. — Іх выпрошвалі, амаль пад распіску бралі, каб якасна перазняць. Скажам, ёсць на здымку канюшня, цяпер зруйнаваная ўшчэнт. Зіма, пры канюшні — карэта, на козлах за кучара сядзіць бацька той самай бабулькі”.

Пайшла па вёсцы пагалоска: дзеці з настаўніцай нешта распытва­юць-шукаюць. А яе практычна ўсе ў Ярэмічах ужо ведалі, дык параілі: “А папытайце яшчэ ў Ксавераўны”. Бабулі той гады тры было, як апошні пан у 1939-м з сядзібы з’ехаў і потым, у 1941-м, на некаторы час вярнуўся. Але ж і бацька яе, і мама пры палацы працавалі, дзяўчынка пры іх была. І Ксавераўна ўспомніла, як палац выглядаў, якія там былі пакоі, дзе што з будынкаў стаяла: сыраварня, канюшня, бровар… Потым бабуля і па ўсіх развалінах даследчыкаў правяла. Вымалёваўся план сядзібы. І ўрэшце знайшла фота, на якім — вялікая жалобная працэсія ў парку. Тады, відаць, некага з панскай сям’і пахавалі ў склепе — пад капліцай, фасад якой ёсць на здымку.

Тыя знаходкі паспрыялі далейшым пошукам. Была праведзена грунтоўная работа, пазней адзначаная на раённым, абласным этапах конкурсу юных даследчыкаў. Высветлілі: яшчэ ў ХV стагоддзі вялікі князь літоўскі падарыў зямлю пад Ярэмічамі, пры рэчцы Абрынцы, графу Абрынскаму. Той і разбудоўваў сядзібу, спачатку было ўсё драўлянае. З цягам часу мяняліся ўладальнікі маёнтка, і ён перабудоўваўся. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай маёнткам валодаў пан Раецкі, апошнім быў пан Кашчыц. Важна, лічыць Любоў Іванаўна, што самі дзеці дакрануліся да малавядомых фактаў гісторыі, зрабілі адкрыцці там, дзе засталіся толькі руіны. У школе плануюць зрабіць макет Абрынскай ся­дзібы: зберагчы яе аблічча і апісанне для гісторыі.

Нацыянальны герой Чылі — родам з Карэліччыны

Цікавасць ярэміцкіх педагогаў і вучняў да гісторыі не абмяжоўваецца ваколіцамі вёскі. Так і вядомасць ураджэнцаў Панямоння вырываецца, бывае, за межы Бацькаўшчыны. З ліку Богам адораных нашых землякоў быў Ігнат Дамейка, якога пакручастая лінія лёсу завяла за акіян, у Чылі. А Людміла Тарасевіч да таго, як у 2014-м стала дырэктарам Ярэміцкай школы, працавала ў Мядзвядскай базавай. Многія ведаюць: у маёнтку Мядзвядка і нарадзіўся ў 1802 годзе сусветна вядомы геолаг, вучоны, асветнік, падарожнік і гуманіст, нацыянальны герой Чылі Ігнат Дамейка.

“Я прыехала ў Мядзвядку ў 2008-м, працавала там 5 гадоў дырэктарам базавай школы і выкладала беларускую мову і літаратуру, — далучаецца да размовы Людміла Аркадзеўна. — Школу ў 2013-м закрылі. Дарэчы, ля будынка школы стаіць бюст Ігната Дамейкі. Ад таго дома, дзе ў родзічаў жыў вучоны, калі прыязджаў на радзіму, застаўся толькі падмурак. Мы са школьнікамі спрабавалі яго неяк ачысціць, але ж дзіцячых сіл на тое малавата. Цяпер, чула, нехта спрабуе музей там адкрыць. Дарэчы, і ў школе ў Мядзвядцы быў музей, прысвечаны земляку. Як школу закрылі, усе экспанаты мы перадалі ў Мірскую сярэднюю школу”.

У музеі, згадвае Людміла Тарасевіч, была кніга вучонага пра яго падарожжы, выдадзеная на польскай мове пры жыцці аўтара. Шмат розных фотаздымкаў, у тым ліку зробленых тады, калі ў Мядзвядку прыязджалі родзічы Ігната Дамейкі з Чылі. Вялікую даследчую, края­знаўчую работу вялі там былы дырэктар школы Васіль Іванавіч Хілевіч, яго жонка Галіна Канстанцінаўна. У вёсцы ёсць мемарыяльны камень з шыльдай-згадкай пра Ігната Дамейку, да ўстаноўкі якога ў пару, калі адзначалі 200-годдзе вучонага, далучылася і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.

Шмат цікавага даведаліся школьнікі з Ярэміч, калі наведвалі Мядзвядку. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў у Мядзвядцы вучні раней рабілі творчыя работы, прысвечаныя земляку. Там згадвалі, што вядомы паэт Адам Міцкевіч ведаў Ігната Дамейку з часу іх вучобы ў Віленскім універсітэце. Яны сталі блізкімі сябрамі, удзельнічалі ў патрыятычным студэнцкім таварыстве філаматаў. Калі ж апынуліся ў выгнанні, то падтрымлівалі цесныя зносіны. У некаторых творах паэт згадвае сябра. У 3-й частцы паэмы “Дзяды”, напрыклад, ён выве­дзены пад студэнцкай мянушкай Жэгота як прыклад чалавека высакароднага і адданага справе.

Старая салдацкая каска

Мы раскажам іншым разам, чаму школа ўшанавана імем былога партызана, пісьменніка, педагога Уладзіміра Калесніка і як у школе шануюць памяць пра яго. Заглянем у школьны музей. Краязнаўчая работа ў школе актывізавалася, калі ў 2014-м яна стала базавай, а дырэктар Людміла Тарасевіч, маючы мядзвядкаўскі вопыт, усур’ёз павяла справу.

“Дзяцей паменшала — і пад музей адвялі больш месца, — згадвае Любоў Іванаўна. — Яго загадчыкі мяняліся, і мая чарга прыйшла… У музей людзі пачалі прыно­сіць этнаграфічныя рарытэты і ўсё, што мае дачыненне да гісторыі. Гэта было цікава! Я ж і да бацькоў звярнулася: робіце рамонт, наводзіце ў хаце парадак — не выкідайце старыя рэчы. Мяне паклічце, альбо дзеці няхай у школу нясуць. І многа чаго прынеслі, збераглі”.

Дырэктар Людміла Аркадзеўна перадала ў музей рэдкую кнігу на роднай мове, выдадзеную… немцамі ў 1942 годзе. І канторскі арыфмометр. А яшчэ — каску савецкага салдата, знойдзеную пры рэчцы Уша, на месцы былых баёў. Каска ржавая, прабітая, разбураецца. Тым і каштоўная. Гэта і сімвал подзвігу народа, і незваротнасці ракі часу, і добры напамін школьным края­знаўцам: трэба паспець! Трэба зберагчы тое, што знікае, перакінуць нябачны масток з мінулага праз наш час — у будучыню. Бо непарыўнасць падзей менавіта памяццю нашай змацавана.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара