Людміла Барысенка, намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, да сваіх абавязкаў на гэтай пасадзе прыступіла толькі ў чэрвені бягучага года. Аднак назапашаны вопыт кіраўніка ў адукацыйнай сферы дапамагае ёй спраўляцца з любымі выклікамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Актыўнае лета
— Людміла Міхайлаўна, як вам пачатак чарговага прафесійнага этапу? Наколькі цяжка ўнікаць у новую сферу дзейнасці?
— Безумоўна, пачынаць новы шлях заўсёды няпроста. Аднак мы жывём у такі час і адказваем за такую важную сферу, што на раскачку няма ні секунды. Адразу трэба ўваходзіць у курс спраў, разумець, што адбываецца, якія перспектывы развіцця і, магчыма, праблемныя моманты. Лета звычайны чалавек успрымае як час адпачынку, а для нас, педагогаў, лета — самая гарачая пара, як, дарэчы, і для раённай сістэмы аховы здароўя, спорту і турызму і г.д. Зараз для мяне самае галоўнае — адчуць атмасферу кожнай сферы, як я адчуваю атмасферу адукацыі, з якой было звязана ўсё маё жыццё.
— Лета — гарачая пара для дарослых, таму што неабходна забяспечваць аздараўленне дзяцей усіх катэгорый, іх бяспеку, праводзіць прафілактыку проціпраўных паводзін непаўналетніх. Якое лета ў Цэнтральным раёне?
— Актыўнае і насычанае! Зразумела, для дзяцей працуюць аздараўленчыя лагеры. У нашым раёне чатыры стацыянарныя выхаваўча-аздараўленчыя легеры, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемстваў і арганізацый Цэнтральнага раёна Мінска, прычым летнік “Гарызонт” (“Н Холдынга”) — самы вялікі ў нашай краіне. За змену
“Гарызонт” прымае каля 1500 дзяцей. Ён вельмі запатрабаваны ў плане аздараўлення і цікавай выхаваўчай праграмы. Акрамя гэтага лагера, дзейнічаюць летнікі “Хваля” (“Н Холдынга”), “Спадарожнік” (ААТ “Мінскрамбуд”) і “Зялёны Бор” (шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”). Таму нам ёсць над чым працаваць, бо сумарна ў загарадных аздараўленчых лагерах за летні перыяд адпачнуць каля 12 тысяч школьнікаў, пераважна жыхароў Цэнтральнага раёна сталіцы. Такім чынам, у загарадных летніках аздаровяцца каля 80% юных жыхароў раёна.
Мы разумеем значнасць лагераў дзённага знаходжання, іх даступнасці, бачым іх запатрабаванасць сярод бацькоў, таму такія лагеры ў раёне функцыянуюць усё лета і ў іх адпачнуць каля 1,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак.
— А што з працоўным летам?
— Дзейнічаюць лагеры працы і адпачынку на базе ўстаноў адукацыі, навучэнцы ў асноўным працуюць на аб’ектах “Зелянбуда” Цэнтральнага раёна і іншых прадпрыемстваў ЖКГ. Вялікім попытам у дзяцей і бацькоў карыстаецца другасная працоўная занятасць — дзеці працуюць часцей за ўсё ва ўстановах адукацыі, выконваючы лёгкія віды работ. Сёлета на летні перыяд мы запланавалі ахапіць такой формай занятасці 148 падлеткаў з 354 за год. Шырока запатрабавана і індывідуальнае працаўладкаванне дзяцей, у гэтым плане вялікай падмогай выступае сайт дзяржаўнай службы занятасці, дзе размешчаны актуальныя вакансіі. Працуюць нашы дзеці і ў студэнцкіх атрадах — амаль 150 школьнікаў Цэнтральнага раёна прайшлі праз такую форму працоўнай занятасці. Работа працягваецца, бо ёсць попыт сярод дзяцей, таму працоўныя месцы для нашых школьнікаў будуць стварацца сумесна з райкамам БРСМ.
— Ці можна сказаць, што ў Цэнтральным раёне аздараўленнем ахоплена кожнае дзіця?
— Безумоўна. Нам неабходна яшчэ ўлічваць, што летам у горадзе застаецца нейкая колькасць непаўналетніх і трэба працаваць з гэтымі дзецьмі ў плане арганізаванага адпачынку. Таму ў практыцы нашай работы — вячэрнія адпачынкавыя пляцоўкі. Хачу заўважыць, што Цэнтральны раён — своеасаблівы цэнтр прыцяжэння для мінчан, таму наша задача — прапанаваць дзецям і моладзі цікавыя ім мерапрыемствы, крыху ссунуць фокус з гандлёва-забаўляльных цэнтраў на спартыўныя і музычныя пляцоўкі. Дарэчы, мы займаемся праектам, які дазволіць працаваць з дзецьмі ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах і прапаноўваць ім карысную форму занятасці.
У жніўні стартуе традыцыйная акцыя “Лета — пара актыўная”, у якой задзейнічаны дзеці падуліковых катэгорый: школьнікі наведаюць сацыякультурныя аб’екты, адпачынкавыя і спартыўныя мерапрыемствы.
Трымаць высокую планку
— У Цэнтральным раёне з 18 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — восем гімназій і гімназія-каледж мастацтваў і дзевяць сярэдніх школ. Як удаецца трымаць такую высокую планку? І як атрымліваецца знаходзіць столькі таленавітых педагогаў?
— Цэнтральны раён вельмі спецыфічны ў гэтым плане. У нас парытэт па колькасці гімназій і школ. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна працуюць дзве прыватныя ўстановы адукацыі — школа і гімназія. Адзначу вельмі кваліфікаваны склад педагогаў, калектывы ўстойлівыя і працуюць на вынік. У алімпіядным руху Цэнтральны раён — адзін з лідараў у Мінску. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды ў нас 10 дыпломаў. Навучэнец гімназіі № 42 Павел Карандашаў яшчэ да экзаменаў стаў студэнтам БДУ як пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Штогод ёсць пераможцы міжнародных алімпіяд. Высокую планку неабходна трымаць, аднак мы разумеем, што працэс абнаўлення кадравага складу непазбежны, паступова прыходзяць маладыя спецыялісты. Баланс, калі ёсць вопытныя педагогі і пачынаючыя настаўнікі, неабходна ўтрымаць, каб першыя перадавалі веды і вопыт другім.
Прафесія педагога — лепшая на зямлі. Хочацца, каб у нашых маладых настаўнікаў усё склалася, каб іх сустрэлі на першым працоўным месцы выдатныя калегі і найлепшыя вучні. Педагог — гэта прызванне, дык няхай яно перарасце ў служэнне дзецям! Вялікі дзякуй маім калегам, педагогам, за тое, што яны выбралі гэтую высакародную місію — вучыць і выхоўваць чалавека!
Накіраваны на мэтавую падрыхтоўку 38 чалавек, з іх 16 — у каледжы. Ужо заключаны 14 дагавораў. Сёлета мы з нецярпеннем чакаем на работу 63 маладыя спецыялісты. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі разумеюць, што ад таго, ці будуць створаны камфортныя ўмовы для працы і як будзе аказвацца дапамога ў вырашэнні бытавых пытанняў, залежыць, ці застанецца малады настаўнік у прафесіі.
Цэнтральны раён — лідар па арганізацыі профільнага навучання (больш за 70%). Тут функцыянуюць 26 класаў прафесійнай накіраванасці: па восем педагагічных і інжынерных, шэсць ваенна-патрыятычных, тры медыцынскія і адзін спартыўна-педагагічны.
— Як установы адукацыі раёна рыхтуюцца да новага навучальнага года?
— Цэнтральны раён — месца жылой забудовы, якой не адзін дзясятак гадоў. Большасці нашых устаноў адукацыі 40—50 гадоў, што патрабуе значных фінансавых укладанняў на падтрыманне будынкаў у належным стане, афармленне ўнутранай выхаваўчай прасторы ўстановы. За апошнія 3 гады комплексна капітальна адрамантаваны адзін дзіцячы сад і дзве школы. Сёлета на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і развіццё вучэбнай інфраструктуры будзе накіравана звыш 6 млн рублёў. Запланавана ў тым ліку набыццё сучасных сродкаў навучання: камп’ютараў, лінгафоннага кабінета. Галоўная задача, якую мы ставім перад сабой, — стварэнне камфортнага і бяспечнага асяроддзя для навучэнцаў.
На працягу мінулага года мы працавалі над тым, каб спакойна прайшоў пераход да абмежавання выкарыстання мабільных тэлефонаў у школах. Праводзіліся акцыі “Адзін дзень без мабільнага тэлефона”, “Адключыся, каб уключыцца”, з бацькамі ўзгадняліся механізмы камунікацыі пры неабходнасці і пазаштатных сітуацыях. Да пачатку навучальнага года будуць абсталяваны месцы для захоўвання мабільнікаў навучэнцаў.
— Як у раёне наладжана міжведамаснае ўзаемадзеянне?
— Калі ў цэнтры ўвагі — дзіця, то павінна быць супрацоўніцтва ўсіх адказных за яго развіццё, выхаванне, умацаванне здароўя. Сацыяльная сфера ў гэтым плане з’яднаная, як ніякая іншая, бо мы ўсе адказваем за дзіця. Якім яно вырасце, залежыць ад усіх нас.
***
Людміла Барысенка, выпускніца сярэдняй школы № 190 Мінска, у свой час прыняла рашэнне звязаць жыццё з педагогікай. Скончыла Мінскае педагагічнае вучылішча № 1, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка беларускай мовы і літаратуры для базавай школы, а пасля — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Працавала ў сярэдніх школах сталіцы на розных пасадах: настаўніка беларускай мовы, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, дырэктара школы. Пасля працавала ва ўпраўленні па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска, з 2015 па 2022 год — начальнікам упраўлення. Шмат было зроблена ў гэты перыяд разам з камандай аднадумцаў.
Пасля амаль тры гады Людміла Барысенка працавала першым намеснікам старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, дзе курыравала дзейнасць прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, выхаваўчую работу і ахову дзяцінства. З чэрвеня бягучага года — на пасадзе намесніка кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, курыруе пытанні сацыяльнай сферы.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





