Знаходзіцца заўсёды на перадавой — галоўная задача Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Як быць на крок наперадзе, каб даць педагогу сучасныя інструменты для работы, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з рэктарам МАІРА Фёдарам Драбеняй.
Запатрабавана і эфектыўна
— Фёдар Валянцінавіч, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі — адна з найстарэйшых у краіне ўстаноў сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў. Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя этапы развіцця МАІРА.
— Гісторыя МАІРА пачала пісацца ў 1940 годзе, калі пры Народным камісарыяце асветы БССР быў заснаваны Інстытут удасканалення настаўнікаў. У архівах захаваліся звесткі, што 19 красавіка 1941 года дырэктарам інстытута быў прызначаны Рувім Залманавіч Палуйка, але вайна спыніла працэс станаўлення ўстановы. Ён працягнуўся ў 1944 годзе, калі дырэктарам стаў Міхаіл Максімавіч Дубовік. У той час адной з самых надзённых задач у сферы адукацыі была падрыхтоўка матэрыялаў для раённых настаўніцкіх канферэнцый. У пасляваенны перыяд у інстытута не было ўласных памяшканняў для лекцый, таму кансультацыі, семінары, дні адкрытых дзвярэй, канферэнцыі па абмене вопытам даводзілася арганізоўваць у розных установах адукацыі вобласці.

На працягу ўсёй гісторыі інстытута яго структура мянялася не адзін раз. Сёння ў яе ўваходзяць рэктарат, дэканат, тры кафедры, аддзелы, упраўленні, цэнтры, вучэбна-метадычныя і іншыя аддзелы. У нас ёсць падраздзяленні, якія адказваюць за інфарматызацыю і дыстанцыйную адукацыю, і тыя, што займаюцца рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасцю. Мы выдаём навукова-метадычную літаратуру і ўжо на працягу 15 гадоў выпускаем інфармацыйна-метадычны часопіс “Адукацыя Міншчыны”, заснавальнікамі якога з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама і МАІРА. У нашу структуру ўваходзіць і прафілакторый, які быў адкрыты ў 1986 годзе. Тут могуць прайсці аздараўленне педагогі, якія прыязджаюць да нас на павышэнне кваліфікацыі. Так, нашы слухачы, многія з якіх жывуць у сельскай мясцовасці, могуць атрымаць кваліфікаванае медыцынскае абслугоўванне.
— З’яўляючыся кіраўніком, якія асноўныя задачы ставіце перад калектывам?
— Імкнёмся спалучаць лепшыя традыцыі навучальнай установы і інавацыі. У прыярытэце — забеспячэнне сістэмы адукацыі Мінскай вобласці высокакваліфікаванымі кадрамі: мы адказваем за прафесійнае развіццё педагогаў Міншчыны, павышэнне іх кваліфікацыі і рэалізацыю пазнавальных запытаў. Гэтаму спрыяе ў тым ліку інфармацыйна-аналітычная, навукова-метадычная і арганізацыйна-метадычная дзейнасць у сферы адукацыі. Таксама каардынуем дзейнасць раённых арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне ўсіх узроўняў адукацыі — ад дашкольнай да дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
У інстытуце праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, вэбінары, конкурсы для педагогаў і навучэнцаў, алімпіяды, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі. Ужо сталі традыцыйнымі і выклікаюць цікавасць у настаўнікаў выязныя метадычныя семінары, фестывалі майстэрства, якія праводзяць члены абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”. У праграме мерапрыемстваў адкрытыя ўрокі, майстар-класы, творчыя лабараторыі, публічныя лекцыі. Дарэчы, многія ўдзельнікі абласнога клуба адначасова з’яўляюцца членамі рэспубліканскага клуба педагагічных работнікаў “Крыштальны журавель”. Каардынуюць работу клуба метадысты цэнтра падтрымкі адукацыйнай практыкі і конкурснага руху МАІРА.
Усе, хто прыязджае да нас, могуць карыстацца сучаснай камп’ютарнай і мультымедыйнай тэхнікай, паслугамі бібліятэкі, прафілакторыя і інш. У распараджэнні педагогаў камфортны інтэрнат, актавая, спартыўная і канферэнц-залы. З мэтай абмену вопытам, аб’яднання намаганняў па стварэнні аптымальных умоў для прафесійнага і асобаснага развіцця педагогаў наладжаны цесныя сувязі з іншымі ўстановамі дадатковай адукацыі дарослых, у тым ліку з Акадэміяй адукацыі, РІПА.
Ісці ў нагу з часам і апярэджваць яго
— Якія праграмы павышэння кваліфікацыі і прафесійнага развіцця прапануюцца педагогам Міншчыны сёння?
— Інстытут аператыўна рэагуе на сучасныя выклікі ў сферы адукацыі. У праграмы павышэння кваліфікацыі ўключаны пытанні арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы, выкарыстанне праграм штучнага інтэлекту, генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, фарміравання псіхалагічнай культуры асобы дзіцяці, сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, развіцця адораных і матываваных навучэнцаў, прафілактыкі булінгу ў падлеткавым асяроддзі, супрацьдзеяння ўжыванню наркотыкаў і іншым шкодным звычкам.
Паколькі мы абласны інстытут развіцця адукацыі, то павінны не проста ісці ў нагу з часам, але і апярэджваць яго.
У кожны курс павышэння кваліфікацыі, незалежна ад яго асноўнай тэматыкі, абавязкова ўключаюцца тэмы, прысвечаныя інклюзіўнай адукацыі. Абмяркоўваем з педагогамі, як вучыць дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з расстройствамі аўтыстычнага спектра, вызначаем, як правільна арганізаваць навучанне такіх дзяцей дома.
Актыўна выкарыстоўваем практыка-арыентаваны падыход, таму ў праграму павышэння кваліфікацыі ўключаем трэнінгі, майстар-класы, разбор кейсаў і г.д. Запатрабаванасць і эфектыўнасць распрацаваных намі праграм павышэння кваліфікацыі пацвярджаецца станоўчымі водзывамі педагогаў.
— Сучасная адукацыя — гэта ў тым ліку спалучэнне інавацыйных метадаў і тэхналогій. Як ва ўстановах адукацыі вобласці яны ўкараняюцца ў вучэбны працэс?
— У першую чаргу трэба сказаць пра інтэрактыўнае навучанне, падчас якога выкладчыкі інстытута і нашы слухачы абменьваюцца думкамі па актуальных напрамках развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, дэманструюць свой вопыт.
Поспех залежыць ад спалучэння інавацыйных падыходаў, гнуткасці вучэбных праграм і эфектыўнага ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў.
Калектыўнае навучанне і работа над праектамі спрыяюць прафесійнаму росту ўдзельнікаў групы. Праз узаемадзеянне з калегамі і выкладчыкамі, цьютарства развіваюцца камунікатыўныя навыкі, уменне працаваць у камандзе і вырашаць праблемы разам. У поўнай меры мы рэалізуем такі сучасны трэнд, як лічбавізацыя. Важную ролю ў навучанні дарослых адыгрываюць адпаведныя інструменты і анлайн-платформы. Яны прадастаўляюць доступ да высакаякасных матэрыялаў, дазваляюць самастойна вывучаць матэрыял і ўзаемадзейнічаць з выкладчыкамі і калегамі.
Згодна з канцэпцыяй лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі краіны, для навучання педагогаў распрацаваны спецыяльныя праграмы і семінары. Яны ўключаюць пытанні, звязаныя з кібербяспекай, абаронай персанальных даных, выкарыстання ў адукацыйным працэсе інтэрактыўнай дошкі і сэнсарных інтэрактыўных панэлей, лічбавых інструментаў і сэрвісаў. Анлайн-заняткі, вэбінары і адкрытыя анлайн-курсы пашыраюць межы традыцыйнай адукацыйнай прасторы.
Мы даём педагогам магчымасць глыбока вывучыць сучасныя тэндэнцыі развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту, якія сёння карысныя ў мадэляванні вучэбных заняткаў, распрацоўцы сучаснага ўрока. Таксама нашы слухачы вучацца ствараць і правільна выкарыстоўваць вучэбныя відэа, інтэрактыўныя анлайн-гульні і інш. Яшчэ адзін напрамак укаранення інавацыйных тэхналогій — апрабацыя вопыту, назапашанага ў вядучых установах адукацыі нашай вобласці і не толькі. Напрыклад, мы наведваем заняткі ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, Ваеннай акадэміі.
Улічваць патрэбы педагогаў
— Назавіце найбольш значныя дасягненні МАІРА за апошнія гады.
— Гісторыя інстытута ўсе 85 гадоў яго існавання была непарыўна звязана з гісторыяй развіцця сістэмы адукацыі Мінскай вобласці. Мы будуем сваю работу ў цесным супрацоўніцтве з галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага аблвыканкама, упраўленнямі адукацыі, педагогамі і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Міншчыны. Нашых агульных дасягненняў за апошнія гады нямала. Сярод іх — дыпломы рэспубліканскіх выстаў навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Таксама арганізуем профільныя абласныя лагеры для адораных навучэнцаў падчас летніх канікул, курыруем дзейнасць Мінскага абласнога клуба педагагічных работнікаў “Флагман”. На нашым рахунку — абласныя дыстанцыйныя алімпіяды па вучэбных прадметах, абласныя турніры юных матэматыкаў, фізікаў, хімікаў, гісторыкаў, абласны конкурс “Малады дырэктар”, метадычная пляцоўка “Педагагічны марафон”, і гэта толькі малая частка таго, чым можна пахваліцца.
— Што дапамагае ў дасягненні поспеху?
— Ініцыятыўнасць і мабільнасць, прафесіяналізм і творчасць, кампетэнтнасць і мэтанакіраванасць кожнага члена калектыву.
Сістэма дадатковай адукацыі дарослых, у тым ліку наш інстытут, працягвае развівацца. Мы адаптуемся да патрэб грамадства і да ўмоў працы на рынку.
Сучасны педагог вучыцца ўсё жыццё. Гэта значыць, што інстытуту развіцця адукацыі неабходна ўлічваць індывідуальныя патрэбы педагогаў, іх узровень кваліфікацыі і прафесійныя мэты. Гнуткі графік заняткаў, дыстанцыйныя формы навучання і модульныя праграмы зробяць дадатковую адукацыю даступнай і зручнай для занятых людзей.
— З вашага вопыту і назіранняў, якія патрабаванні сёння прад’яўляюцца да дадатковай адукацыі педагогаў?
— Актуальнае патрабаванне да дадатковай адукацыі педагогаў — інтэграцыя ведаў з розных галін. Сёння педагог павінен валодаць ведамі па псіхалогіі і сацыялогіі, менеджменце, камунікацыі і медыяцыі і інш. У многіх праграмах навучання гэта ўжо ўлічана, што, несумненна, дапамагае спецыялістам стаць больш канкурэнтаздольнымі і гатовымі да розных сітуацый.
Акрамя прафесійнага развіцця, узрастае неабходнасць развіцця эмацыянальнага інтэлекту настаўнікаў, іх лідарскіх якасцей, камунікабельнасці і стрэсаўстойлівасці. Гэтыя мяккія навыкі з’яўляюцца важнымі складнікамі паспяховай кар’еры і асабістай эфектыўнасці. Для многіх дарослых семінары, вэбінары з’яўляюцца інструментам асобаснага і кар’ернага росту. Таму важна і трэба чуць работадаўца пры распрацоўцы праграм, накіраваных на павышэнне кампетэнцый педагогаў.
— Фёдар Валянцінавіч, што пажадаеце сваім калегам напярэдадні юбілею Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі?
— Шчыра жадаю сваім калегам, каб агульнымі намаганнямі мы паспяхова рэалізавалі нашы ідэі, ініцыятывы, перспектыўныя праекты. Няхай наша праца і ў далейшым дапамагае таленавітым педагогам Міншчыны і іх адораным вучням дасягаць сваіх мэт і новых перамог!
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





