Любіць, натхняць, вучыць і выхоўваць, каб пасля адправіць далей па дарозе жыцця. Гэта лічыць сваёй асноўнай прафесійнай мэтай пераможніца абласнога этапу конкурсу «Педагагічны дэбют» настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Вікторыя Марозава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Вікторыя Юр’еўна прафесію выбірала свядома. Мэтанакіравана скончыла МДУ імя А.А. Куляшова і стала настаўнічаць у сваёй роднай школе.
— У глыбіні душы заўжды ведала: маё прызначэнне — быць побач з дзецьмі, вучыць, адкрываць для іх дзіўны свет ведаў. Напэўна, таму прафесійны выбар перада мной нават не стаяў. Зараз ужо на справе пераканалася, што знаходжуся на сваім месцы, — паведаміла суразмоўніца.
Сёння за яе плячыма чатыры гады педагагічнай працы. Нягледзячы на невялікі стаж, яна ўжо выбудавала сваю стратэгію паспяховага навучання. Маладая настаўніца імкнецца захапіць вучобай кожнага. Яна пераканана, што ўрок ніколі не павінен быць сумным і манатонным, бо гэта час адкрыццяў і спасцігання новага.
— Сучасны настаўнік не можа быць проста рэтранслятарам ведаў. Педагог — гэта рэжысёр і акцёр урока, таму трэба пастаянна вучыцца і мяняцца. Толькі так можна зацікавіць цяперашняе пакаленне вучняў, — лічыць Вікторыя Юр’еўна.
Настаўніца нястомна займаецца самаадукацыяй. Штодзень яна шукае, вынаходзіць, стварае што-небудзь адметнае для разнастайнасці структуры заняткаў. Але ёсць у В. Марозавай і свая база, на якую яна рэгулярна абапіраецца. Педагог часта выкарыстоўвае гульнявыя тэхналогіі, тэхналогію дзейнаснага падыходу, тэхналогію супрацоўніцтва і рэфлексіі, тэхнікі і прыёмы метаду «Актыўнай ацэнкі».
— Вельмі эфектыўнае прымяненне даследчага навучання, практыка-арыентаваных заданняў. Выкарыстанне ілюстрацый, відэаролікаў, канкрэтных прадметаў дазваляе дзецям лепш зразумець матэрыял урока. Напрыклад, тэму «Ломаная» па матэматыцы мы праходзілі з выкарыстаннем трубачак для піцця. Вучні наглядна ўбачылі, што ўяўляе сабой ломаная лінія, і дзякуючы гэтаму дакладна вывучылі паняцце. А якое захапленне выклікала ў дзяцей вырошчванне звычайнай фасолі! Такі эксперымент рабілі падчас праходжання будовы раслін па прадмеце «Чалавек і свет». Мае хлопчыкі і дзяўчынкі на свае вочы ўбачылі, што пры наяўнасці цяпла і вільгаці з насення фасолі з’яўляецца маленькі парастак. Гэтая дзейнасць неверагодна зацікавіла ўвесь клас. На мой погляд, такія «нянудныя ўрокі» самыя карысныя і прадукцыйныя для дзяцей, — упэўнена настаўніца.
На яе думку, не менш значна ўкараняць у адукацыйны працэс перадавыя формы работы. А канкрэтна — разнастайныя элементы інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій. Сённяшніх вучняў менавіта такія метады стымулююць на вучобу. З апошніх падобных знаходак педагога — выкарыстанне мабільнага дадатку Plickers.
Яшчэ адным фактарам паспяховага навучання В. Марозава лічыць спрыяльную атмасферу ў класе, шчырыя ўзаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнямі.
— Клас — гэта своеасаблівая сям’я. У класным калектыве дзіцяці павінна быць камфортна. Учарашні малыш павiнен усведамляць, што ён заўсёды будзе прыняты, што яго заўсёды зразумеюць. Асабіста для мяне вучні як зорачкі. Але бывае так, што большасць гарыць ярка, а асобная — няярка. Гэта неабходна своечасова заўважыць, каб падбадзёрыць, пахваліць, падтрымаць, — адзначыла суразмоўніца.
Маладая настаўніца пераканана: любы вучань — асоба, індывідуальнасць з пэўнымі талентамі. А педагогу трэба здолець іх раскрыць.
— Усе дзеці розныя, непадобныя адно да аднаго. Мая задача — адкрыць кожнае маленькае сэрцайка, знайсці да яго свой ключык. Стараюся разумець вучняў, устанавіць з імі духоўную блізкасць. Якім чынам? Проста любячы сваіх навучэнцаў, прымаючы іх такімі, якія яны ёсць, — патлумачыла В. Марозава.
У яе працоўнай скарбонцы ўжо некалькі важкіх узнагарод. Акрамя перамогі на рэгіянальным этапе конкурсу «Педагагічны дэбют» яна з’яўляецца пераможніцай абласнога фестывалю «Прызванне — педагог». У планах — працягваць рух наперад, развівацца.
— Я пакуль у пачатку педагагічнага шляху. Але галоўнае для мяне ёсць і будзе — вучні. Хачу не толькі навучыць дзяцей чытаць, лічыць, пісаць, а яшчэ і выхаваць іх дастойнымі людзьмі, — падкрэсліла настаўніца.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара