Малады і амбіцыйны

- 6:55Кампетэнтна

Палескі дзяржаўны ўніверсітэт даволі малады. Створаны 15 гадоў назад, ён карыстаецца стабільным попытам у абітурыентаў не толькі Брэстчыны, але і іншых рэгіёнаў нашай краіны. Што выгадна адрознівае ПалесДУ ад іншых устаноў вышэйшай адукацыі? На гэтае і іншыя пытанні адказвае рэктар універсітэта Валерый ДУНАЙ.

— Па-першае, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт прапануе найбольш запатрабаваныя сёння напрамкі навучання ў галіне эканомікі, інфармацыйных сістэм, біятэхналогій, спорту і фізічнай рэабілітацыі. Па-другое, ва ўніверсітэце дзейнічаюць тэхнапарк і пяць сучасных галіновых лабараторый, якія дазваляюць праводзіць актуальныя навуковыя даследаванні. Таксама ў нас ёсць унікальны ўніверсальны спартыўны комплекс з лядовай арэнай, футбольным полем і басейнам на 50 метраў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. Усе вучэбныя карпусы і інтэрнаты знаходзяцца ў крокавай даступнасці адзін ад аднаго, прычым ПалесДУ — адзіны ўніверсітэт у краіне, які прадастаўляе абсалютна ўсім студэнтам месцы для пражывання ў камфартабельных сучасных інтэрнатах.

Наша ўстанова развіваецца па кластарным прынцыпе, што адкрывае шырокія магчымасці для пабудовы новых форм узаемадзеяння навукі, бізнесу, вытворчасці і адукацыі. Дзеля ўдасканалення практыка-арыентаванага навучання і паспяховай адаптацыі выпускнікоў да практычнай дзейнасці штогод праводзіцца конкурс інавацыйных праектаў маладых распрацоўшчыкаў “Пінск Інвест Уікенд”.

Ва ўніверсітэце створаны належныя ўмовы не толькі для прафесійнага росту, але і для гарманічнага развіцця асобы. Нашы студэнты перамагаюць у міжнародных алімпіядах, навуковых канферэнцыях і прафесійных конкурсах, актыўна ўдзельнічаюць у стартап-руху. Вялікую ўвагу ўдзяляем творчасці, фізічнай культуры і спорту, валанцёрскай дзейнасці, арганізацыі карыснага адпачынку.

Не варта забываць і пра горад Пінск — адзін з самых прыгожых у Беларусі. Ён удала спалучае ў сабе старажытную гісторыю і сучаснасць і не пакідае раўнадушным нікога, хто хаця б аднойчы ў ім пабываў.
Усё гэта ў комплексе і робіць ПалесДУ прывабным для абітурыентаў.

— Валерый Іванавіч, універсітэт — гэта не толькі вучоба, але і навука. Якія напрамкі ўніверсітэцкай навукі з’яўляюцца прыярытэтнымі?

— Навуковая мадэль развіцця ПалесДУ скіравана на забеспячэнне ўнутранага попыту і экспарту айчыннай інавацыйнай прадукцыі, стварэнне вытворча-тэхналагічнай базы для фарміравання новых падгалін эканомікі. У стратэгічным плане гэта дазволіць развіваць на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся інавацыйна-прамысловы кластар у галіне біятэхналогій і зялёнай эканомікі. Ён функцыянуе з 2018 года і з’яўляецца адзіным на Брэстчыне. Праект рэалізуецца на базе ТАА “Тэхнапарк “Палессе” і адыгрывае важную ролю ў пабудове новых форм узаемадзеяння навукі, бізнесу, вытворчасці і адукацыі для дасягнення лідарства ў галіне раслінаводства, жывёлагадоўлі і зялёнай эканомікі.

— Ці дазваляе кадравы патэнцыял універсітэта паспяхова ажыццяўляць пад­рыхтоўку спецыялістаў і навукова-даследчую дзейнасць?

— Прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта прадстаўлены навуковымі школамі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Інстытута сістэмнага праграмавання Расійскай акадэміі навук, Нацыянальнага ўніверсітэта біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны, Кіеўскага інстытута біяхіміі імя А.У.Паладзіна, Нацыянальнай металургічнай акадэміі Украіны і іншых навуковых цэнтраў, прызнаных сусветнай супольнасцю. Многія выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі ПалесДУ стажыраваліся ў Еўропе і Кітаі.

Сярэдні ўзрост прафесарска-выкладчыцкага складу — 42 гады. 46% выкладчыкаў маюць вучоную ступень.
Кадравая палітыка накіравана на захаванне пераемнасці пакаленняў і забяспечвае баланс вопыту і наватарства, няспынны кваліфікацыйны рост і развіццё прафесарска-выкладчыцкага складу. Так, сфарміраваны перспектыўны кадравы рэзерв з ліку студэнтаў і маладых спецыялістаў, якім аказваецца ўсебаковая падтрымка ў рэалізацыі іх мэт і ініцыятыў. А дзякуючы створаным умовам, кожны можа паказаць сябе ў пэўнай сферы. Нівод­ны здольны і мэтанакіраваны студэнт не застаецца незаўважаным.

— Наколькі актыўна ПалесДУ ўзаемадзейнічае са школамі па прафарыентацыі патэнцыяльных абітурыентаў?

— Прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне з установамі агульнай сярэдняй адукацыі — ад зін з важных напрамкаў работы ўніверсітэта. Так, студэнты і выкладчыкі ПалесДУ штотыдзень право­дзяць прафарыентацыйныя мерапрыем­ствы ў сельскіх і гарадскіх школах Брэстчыны і іншых рэгіёнаў краіны. Рэгулярна ў анлайн- і афлайн-фармаце ладзяцца дні адкрытых дзвярэй. Рэалізуецца праект “Студэнт на адзін дзень”: школьнікі право­дзяць паўнацэнны студэнцкі дзень у сценах універсітэта. Наладжана актыўная прафарыентацыйная дзейнасць у сацыяльных сетках.

— У сучасным свеце ўніверсітэты не могуць развівацца ізалявана. Наколькі эфектыўным з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва ПалесДУ?

— Універсітэт заключыў каля 100 дагавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі ўстановамі адукацыі і іншымі арганізацыямі з 15 краін. Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з універсітэтамі Расіі і Кітая.

ПалесДУ — адзін з распрацоўшчыкаў Чарнобыльскай інвестыцыйнай платформы, якая з’яўляецца элементам інвестыцыйнай інфраструктуры для падтрымкі развіцця 21 раёна паўднёва-ўсходняй Беларусі. Платформа аб’ядноўвае намаганні ўрада, бізнесу, навуковых устаноў і іншых арганізацый для распрацоўкі і рэалізацыі праектаў, заснаваных на мясцовых эфектыўных рашэннях.

З мінулага года ў ПалесДУ ў рамках праграмы супрацоўніцт­ва з Фуцзянскім універсітэтам і Універсітэтам Цюйфу Кітая працуе Цэнтр беларуска-кітайскіх міжкультурных камунікацый, які пашырае міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. У планах — распрацоўка сумесных праграм з установамі адукацыі Казахстана, Узбекістана і Кітая.
ПалесДУ — удзельнік міжнароднага інавацыйна-прыкладнога цэнтра “Водная артэрыя”, у склад якога ўваходзяць арганізацыі з Еўропы і Азіі. Задача цэнтра — рэалізацыя тэхналогій рацыянальнага прыродакарыстання і зялёнай эканомікі пры выкарыстанні водных рэсурсаў.

У рамках міжнароднага праекта, ініцыіраванага Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці, сёлета на базе ПалесДУ быў створаны Цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый. Наш універсітэт — трэцяя ўстанова вышэйшай адукацыі краіны, уключаная ў гэтую сетку.

— Валерый Іванавіч, раскажыце пра планы па развіцці ўніверсітэта на найбліжэйшую перспектыву.

— Паколькі ПалесДУ ўдзельнічае ў інавацыйным праекце “Удасканаленне дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі на аснове ма­дэлі “Універсітэт 3.0”, адзін з асноўных напрамкаў развіцця ўніверсітэта — далейшае ўкараненне ў вучэбны працэс інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

У рамках інвестыцыйнага праекта “Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі Беларусі” пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка рэалізуецца праект “Стварэнне вучэбна-даследчай лабараторыі “Біятэхналогіі клетачных культур”, накіраваны на падрыхтоўку спецыялістаў з прафесійнымі кампетэнцыямі, асабліва запатрабаванымі ў эканоміцы.

Стратэгічная мэта — падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў, правядзенне навуковых даследаванняў, накіраваных на задавальненне тэхналагічных запытаў прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна. ПалесДУ імкнецца стаць рэгіянальным драйверам інавацыйнага развіцця, дзей­насць якога будзе адпавя­даць сучасным крытэрыям і патрабаванням якасці, а таксама высокім міжнародным стандартам.


Гутарыў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва ўніверсітэта.