Маладому спецыялісту Дзіяне Іскры вельмі падыходзіць яе прозвішча. Яна чалавек творчы, захоплены, працуе ў дзіцячым садзе № 4 Івацэвіч музычным кіраўніком. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дзіяна Іскра cкончыла Косаўскую сярэднюю школу Івацэвіцкага раёна, дзе была актыўнай удзельніцай святочных мерапрыемстваў, вакальных конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў — усюды паспявала, атрымлівала ўзнагароды.
Бацькі Дзіяны хацелі, каб дачка займалася музыкай. Пасля заканчэння музычнай школы дзяўчына паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж па спецыяльнасці “Інструментальнае выканальніцтва (інструменты народнага аркестра)”. За гады ўпартых заняткаў Дзіяна Іскра асвоіла гульню на домры, балалайцы, гітары, фартэпіяна, трубе і розных шумавых інструментах. Па размеркаванні ў жніўні 2023 года прыступіла да работы ў дзіцячым садзе ў якасці музычнага кіраўніка.
— Пры першым знаёмстве з маладымі спецыялістамі я заўсёды задаю пытанне, чаму яны выбралі сваю прафесію, — гаворыць загадчыца ўстановы Алена Навумчык. — Убачыўшы маленькую, крохкую, зусім яшчэ дзяўчынку, я нават разгубілася, але сваё пытанне Дзіяне Віктараўне задала. Яна ўсміхнулася і паціснула плячыма. Тады я спытала інакш: “Калі з’явілася жаданне прысвяціць сябе музыцы?” І тут яна шчыра адказала, што ў музычную школу яе адправіла мама, а ў музычны каледж яна паступіла па парадзе дзядзькі. “А працаваць у дзіцячы сад вас хто накіраваў?” — спытала я. “Захацела сама, бо імкнулася вярнуцца на малую радзіму, вучыць маленькіх дзяцей спевам і танцам”, — адказала мне Дзіяна. Ужо два гады, як малады спецыяліст працуе ў нашай установе. Зарэкамендавала сябе з добрага боку, знайшла падыход не толькі да сваіх выхаванцаў, але і да іх бацькоў. У Дзіяны Віктараўны яшчэ шмат планаў. Каб не страціць такога творчага педагога, ёй у Івацэвічах прапанавалі арэнднае жыллё.
Дзіяна добра разумее, што музычнай адукацыі ёй будзе недастаткова для таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам. Патрэбны яшчэ педагагічныя веды і навыкі.
— У музычным каледжы ў нас былі так званыя педагагічныя гадзіны, дзе мы вучылі дзяцей ігры на розных інструментах. Зацікаўленых вучняў знаходзілі сабе самі, часам нават на вуліцы падыходзілі да дзяцей і пыталіся, ці хочуць яны павучыцца, — расказвае Дзіяна. — У дзіцячым садзе мяне вельмі цёпла сустрэлі. Загадчыца Алена Іванаўна Навумчык і намеснік Святлана Уладзіміраўна Абрамчук, а таксама калегі ва ўсім дапамагалі, падказвалі, якую літаратуру неабходна пачытаць, якія дакументы вывучыць, на што звярнуць увагу ў метадычным плане.
Падставіла плячо пачынаючаму педагогу і калега музычны кіраўнік Святлана Мікалаеўна Шашук, якая была прызначана яе настаўнікам. Цяпер жанчына на пенсіі. Але перад тым, як пайсці на заслужаны адпачынак, яна перадала Дзіяне свой запас вучэбных дапаможнікаў, музычных матэрыялаў, аўдыязапісаў, гульнявых методык. Зараз напарніца Дзіяны Іскры — музычны кіраўнік Таццяна Іванаўна Журомская.
— Я пераймаю ў калегі ўсё лепшае, але адначасова развіваю свае творчыя падыходы, зыходзячы з індывідуальных магчымасцей выхаванцаў, — гаворыць педагог. — Напрыклад, што тычыцца развучвання песень і рухаў. Вучым з дзецьмі песні павольна, па куплеце, каб добра запомнілі. Тое ж самае з рухамі. Спачатку цалкам прапрацоўваем танец без музыкі, а затым з музыкай. Калега арганізоўвае работу з малымі крыху па-іншаму. Але важна, што ёсць станоўчы вынік і радасць у вачах дзяцей і іх бацькоў.
Заўсёды ёсць выхаванцы, якія праяўляюць выдатныя артыстычныя, танцавальныя або вакальныя здольнасці і таленты. Іх бацькам Дзіяна Іскра раіць развіваць тое, што дадзена ад прыроды, адпраўляць у далейшым дзіця ў музычную школу, уладкоўваць у творчыя калектывы.
— Бываюць залішне сарамлівыя дзеці, якія пры выступленнях на публіцы заціскаюцца, ператвараючыся ў “вожыкаў”, — адзначае педагог. — Такіх я стараюся часцей браць на індывідуальныя заняткі, дапамагаю ім набыць упэўненасць у сваіх сілах, раскрыцца. Лічу, што дашкалят трэба больш хваліць, падтрымліваць нават у малым. Таксама важна ствараць умовы для паспяховых выступленняў дзецям з асаблівасцямі ў развіцці.
Пасля работы Дзіяна Іскра звычайна спяшаецца ў Івацэвіцкі гарадскі дом культуры, дзе займаецца ўжо на працягу двух гадоў у народна-вакальнай групе “Ідылія”. Выступае з калектывам падчас святочных гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Нядаўна ўдзельнічала ў свяце, прысвечаным Дню моладзі ў Косаве. У планах дзяўчыны — атрымаць вышэйшую адукацыю, пайсці па педагагічнай сцежцы.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





