Маладыя педагогі з Віцьеўскай школы стварылі мабільны дадатак для развіцця ў вучняў функцыянальнай адукаванасці

- 11:12Образование

Настаўнік інфарматыкі і матэматыкі Віталь Цішкевіч і настаўніца гісторыі Вікторыя Лукша з Віцьеўскай сярэдняй школы Хойніцкага раёна прапануюць вучням развіваць функцыянальную адукаванасць з дапамогай створанага імі мабільнага дадатку “Фокус”.

Цяпер матэматычную, чытацкую, прырода­з­наўчанавуковую, фі­нансавую адукаванасць школьнікі з задавальненнем развіваюць, выконваючы тэматычныя тэставыя заданні.

— Нам важна, каб тое, чаму мы вучым, знахо­дзіла практычнае прымяненне за межамі ўрока — тады ў вучняў з’яўляецца ціка­васць, а затым бачны рэальныя вынікі навучання. У гэтым і сэнс функцыянальнай адукаванасці — здоль­насць чалавека выкарыстоўваць атрыманыя ў школе веды, уменні і навыкі для вырашэння жыццё­вых задач, — адзначылі настаўнікі. 

Мабільны дадатак ствараўся ў межах праекта “Разу­мныя дапаможнікі”. У ім аб’яднана ўзаемадзеянне навучэнца, педагога і адміністрацыі навучальнай установы. На першых этапах работы над дадаткам вывучалася матывацыя, а дакладней, дэматывацыя прадстаўнікоў усіх трох груп. Дзеці, жывучы ў лічбавым асяроддзі, адзначалі адсутнасць прагрэсу ў сваім навучанні, гаварылі, што не разумеюць яго канчатковай мэты.

У настаўнікаў фокус зрушваўся на праверкі, справаздачы, размовы з баць­камі, падрыхтоку да ўрокаў, адсутнасць часу. Як вынік — няма поўнай карціны ўзроўню навучанасці класа.

Адміністрацыю заўсёды хвалюе якасць навучання, тэрміны здачы дакументаў і наяўнасць несвоечасовых рашэнняў.

Маладыя педагогі дадаткам “Фокус” стварылі для дзіцяці ўмовы для атрымання бачнай мэты, хуткай зваротнай сувязі і росту. Для настаўніка — зручны спосаб даваць заданні і хутка атрымліваць вынікі, для школы і раёна — магчы­масць мець адзі­ную карціну.

Пры стварэнні дадатку маладыя настаўнікі звярнуліся да інструментаў штучнага інтэлекту. “Фокус” выкарыстоўвае выключна зацверджаныя Міністэрствам адукацыі рэсурсы — педагог можа адразу раздрукоўваць і праца­ваць афлайн. У ім ёсць кейсы, тэсты і проста заданні, якія могуць развіваць чытацкую, матэматычную, фінансавую, лічбавую, грамадзянскую, прыродазнаўчанавуковую кампетэнцыі.

Дзеці з задавальненнем у пазаўрочны час вывуча­юць самыя выгадныя тарыфы на мабільную сувязь, вучацца браць крэдыт, разлічвацца за электрычнасць, развіва­юць свае навігацыйныя навыкі, распрацоўваючы кароткія шляхі з урокаў на гурткі. Узровень іх навучанасці фіксуецца ў аналітычнай інфармацыі, якую пры неабходнасці можна хутка атрымаць.

Асобна размешчаны гатовыя ўрокі па фінансавай адукаванасці, раздатачны матэрыял для выкарыстання на занятках, ёсць папкі “Работа з бацькамі” (з памяткамі, рэкамендацыямі), “Методыкі і тэхналогіі” (з гатовымі кейсамі), “Пазаўрочная дзейнасць” (з гатовымі праектамі і не толькі).

Дадатак запусцілі восенню мінулага года. Як паказ­вае час і колькасць зарэгістраваных удзельнікаў, ён стаў папулярным. Па словах дырэктара Віцьеўскай сярэдняй школы Веры Сцішанок, ініцыя­тывы маладых настаўнікаў заўсёды знахо­дзяць водгук у калектыве, бо за імі — будучыня педагогікі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА