Марына Блахіна: духоўнае выхаванне — фундаментальны элемент адукацыі

- 16:22Точка зрения

Ключавой задачай сучаснай навучальнай установы з’яўляецца фарміраванне ў душы кожнага дзіцяці высокіх маральных прынцыпаў і правільных жыццёвых арыенціраў. Такога меркавання прытрымліваецца дырэктар Добраўскай сярэдняй школы Горацкага раёна Марына Блахіна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школу ў вёсцы Добрая Марына Валер’еўна ўзначаліла крыху больш за год назад. Да таго моманту была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Заўсёды ўдзяляла ўвагу духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў. Дзякуючы яе намаганням, установа стала рэгіянальным рэсурсным цэнтрам па гэтым напрамку дзейнасці, тут паспяхова рэалізуюцца адпаведныя інавацыйныя праекты.

У цяперашніх рэаліях, якія характарызуюцца глабалізацыяй, лічбавізацыяй і размываннем традыцыйных каштоўнасцей, місія ўстановы адукацыі выхо­дзіць далёка за межы перадачы ведаў. Школа становіцца цэнтрам кансалідацыі грамадства, падмуркам для станаўлення гарманічнай, маральна сталай асобы, здольнай супрацьстаяць выклікам часу. Настаўнік павінен не проста вучыць, але і выхоў­ваць, фарміраваць у дзяцей ідэалы дабра, міласэрнасці, спагадлівасці.

Каб дасягнуць гэтай мэты, мы зрабілі духоўнае выхаванне абавязковым кампанентам адукацыйнага працэсу. Маральным зместам прасякнуты ўсе кірункі школьнага жыцця: урокі, перапынкі, пазаўрочныя мерапрыемствы. Плённае супрацоўніцтва наладзілі з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Часты ­госць у нас — благачынны Горацкай акругі Магілёўскай епархіі, настаяцель храма іконы Божай Маці “Спарыцельніца хлябоў”, іерэй Мікіта Храмянкоў. Ён право­дзіць з вучнямі духоўныя гутаркі, дае ім значныя настаўленні. На рэгулярнай аснове арганізуем для дзяцей заняткі факультатыву ­“Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” і ўрокі праваслаўя.

Цесна працуем з бацькамі. Імкнёмся да таго, каб у выхаваўчай рабоце мамы і таты былі нашымі саюзнікамі і паплечнікамі. У фармаце круглых сталоў і камунікатыўных пляцовак павышаем псіхолага-педагагічныя кампетэнцыі бацькоў, знаё­мім іх з праваслаўнымі традыцыямі.

Створаная ў школе сістэма духоўна-маральнага выхавання неаднаразова даказвала сваю эфектыўнасць. Асабліва ганарымся перамогай у рэспубліканскім конкурсе “Выха­ваць чалавека”, прысвечаным памяці Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Шмат ёсць і іншых дасягненняў, і наш педагагічны калектыў не стаіць на месцы. Перакананы: да традыцыйных форм выхаваўчай работы неабходна дабаўляць інавацыйныя. З моладдзю трэба размаўляць на яе мове, выкарыстоўваць перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі, адаптаваць традыцыі да лічбавага асяроддзя. У гэтым плане ўжо робім першыя крокі: скарыстоўваем інтэрактыўныя анлайн-платформы для арганізацыі дыскусій, форумаў, адкрытых дыялогаў і рэалізацыі сацыяльных праектаў.

Спрабуюць свае сілы і самі навучэнцы. Юнакі і дзяўчаты зай­маюцца валанцёрствам, праводзяць гісторыка-культурныя даследаванні, здымаюць відэаролікі і ставяць тэатралізаваныя пастаноўкі на праваслаўную тэматыку. Гэтыя звычайныя справы ненадакучліва пераводзяць выхаванне з пасіўнага слухання ў актыўнае дзеянне.

Сёння важна не даваць гатовыя адказы, а вучыць дзяцей самастойна думаць, аналіза­ваць, адстойваць уласныя погляды. Толькі аб’ядноўваючы муд­расць мінулага і энергію будучыні, мы зможам выха­ваць пакаленне, якое будзе інтэлектуальна развітым, духоўна багатым, маральна ўстойлівым і гатовым да стваральнай працы на карысць роднай краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара