Мастацтвам і працай: Вольга Емяльянчык ведае, як сфарміраваць прыгожы ўнутраны свет у навучэнцаў

- 9:00Главная, Образование

Урокі мастацтва ў настаўніцы Карцэвіцкай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Вольгі Емяльянчык — гэта не проста 45 мінут візуалізацыі і разважанняў пра сусветна вядомыя шэдэўры. Гэта ўнікальная магчымасць для інтэлектуальнага і творчага развіцця навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Вольга Емяльянчык прытрымліваецца аднаго важнага правіла: кожнае дзіця таленавітае, у кожным ёсць свая адметнасць. Што з гэтым рабіць настаўніку? Усё проста: разглядзець гэтую адметнасць і стварыць умовы для развіцця індывідуальнасці навучэнца.

— Вельмі важна фарміраваць унутраны свет дзіцяці праз творчасць, далучаць яго да шэдэўраў айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, бо ў выніку гэта дапаможа вырасціць выхаванага і культурнага чалавека, — запэўнівае настаўніца. — Арганізацыя творчай дзейнасці вучняў на ўроках арыентавана на мастацкі змест, які неабходна рэалізаваць у адпаведнасці з практычным складнікам навучання.

З усёй разнастайнасці падыходаў, якія могуць зацікавіць вучняў, настаўніца аддае перавагу метаду праектаў. Па словах Вольгі Міхайлаўны, ён дапамагае паспяхова засвойваць вучэбную праграму.

— Праектная дзейнасць дазваляе праяўляць і развіваць прыродныя схільнасці, навыкі камунікацыі, вучыць сацыяльным зносінам і ўзаемадзеянню, — тлумачыць педагог. — Падчас заняткаў школьнікі на практыцы асвойваюць навыкі і прыёмы работы з творамі мастацтва, выяўленчымі матэрыяламі і тэхнікамі, якія дапамагаюць стварыць канчатковы вынік творчай дзейнасці. Да яе адносяцца апавяданні пра твор­часць кампазітараў, мастакоў, гісторыі стварэння твораў, мультымедыйныя прэзентацыі і адзнятыя відэаролікі, сцэнарыі і тэатралізаваныя паказы, канцэрты і выставы творчых работ.

Разважаючы пра паспяхо­васць навучання, В.М.Емяльянчык гаворыць, што школьнікам важны не толькі сам працэс стварэння мастацкага твора, але і яго прызнанне сярод аднакласнікаў, настаўнікаў і бацькоў.

— Пазітыўная ацэнка дазваляе вучням адчуваць радасць і гордасць за вынікі сваёй творчасці, стымулюе да набыцця новых ведаў, падштурхоўвае да фарміравання новых уменняў і навыкаў для далейшага творчага росту, — дадае педагог. — На падрыхтоўку, афармленне і прадстаўленне праекта патрэбна больш часу, чым на выкананне традыцыйных заданняў. Таму работа над ім можа працягвацца на працягу вывучэння ўсёй тэмы або раздзела. Навучэнцы прадстаўляюць вынікі сваёй творчасці, як правіла, на абагульняючым уроку або ўроку-заліку, на бацькоўскім сходзе, школьным канцэрце або выставе работ. Прызнанне з боку тых, хто знаходзіцца побач, і ёсць самая высокая ацэнка і стымул для далейшай творчай актыўнасці дзяцей.

За гады работы В.Емяль­янчык прасачыла, што метад праектаў аблягчае вырашэнне адначасова некалькіх педагагічных задач: пашыраць кругагляд вучняў, замацоўваць вывучаны матэрыял, ствараць на ўроку лёгкую дружалюбную атмасферу і папаўняць кабінет мастацтва новымі творчымі работамі школьнікаў.

— Работа над праектамі ўключае і сацыяльны аспект, — акцэнтуе ўвагу настаўніца. — Такая дзейнасць дазваляе згуртаваць навучэнцаў, педагогаў і бацькоў у атмасферы творчасці і сяброўскага ўзаемадзеяння. Педагог з навучэнцамі ідзе разам ад праекта да праекта, але заўсёды імкнецца знаходзіцца ў цені, даючы дзецям магчымасць праявіць ініцыятыву, самарэалізавацца.

Праект, які выконваюць вучні, павінен выклікаць не толькі пазнавальную цікавасць, але і пазітыўныя пачуцці, захапляць. А для гэтага неабходна, каб любое дзеянне, выкананае індывідуальна ці ў групе, пры падтрымцы настаўніка альбо з дапамогай бацькоў, дзеці маглі самастойна прааналізаваць і ацаніць.

— Уключэнню ўсіх і кожнага ў праектную дзейнасць удзяляецца асаблівая ўвага, бо лепш выдзе­ліць час на індывідуальную работу з кожным вучнем, каб прыцягнуць яго да праектнай дзейнасці, чым думаць потым, чым заняць тых, хто не далучыўся да такой работы, — працягвае знаёміць са сваім падыходам настаўніца мастацтва. — Калі ўлічваць таленты, інтарэсы і перавагі кожнага навучэнца, то па праектах будуць працаваць усе без выключэння.

Намаляваць казку

Тое, якому праекту аддаць перавагу — даследчаму, інфармацыйнаму, творчаму, прыкладному ці гульнявому, Вольга Міхайлаўна вызначае ў залежнасці ад тэмы, якая вывучаецца, і ўзросту навучэнцаў.

— Пры вывучэнні тэмы “У свеце казак” у 5 класе прапаную дзецям папрацаваць над праектамі “Чароўны свет казкі” альбо “Казка новая і старая”, — прыво­дзіць прыклад В.Емяльянчык. — Абарона праекта праходзіць на ўроку-заліку па гэтым раздзеле, а публічна, што вельмі важна, вынікі рэалізацыі праекта прадстаўляюцца на канцэрце для вучняў пачатковых класаў.

Што сабой уяўляе адпаведны праектны ўрок? Тут усё проста і лагічна: пяцікласнікі спрабуюць самастойна прыдумаць казку, стварыць паводле яе маленькую самаробную кніжку, ілюструючы твор уласнымі малюнкамі.

— Далучаючы дзяцей да такой дзейнасці, выконваю некалькі важных задач: развіваю мастацка-эстэтычныя, творчыя здольнасці вучняў, фармірую камунікатыўныя ўменні, навыкі групавога ўзаемадзеяння, выхоўваю цікавасць да творчай дзейнасці, — пералічвае перавагі праектнай работы педагог. — У выніку вучні выступаюць у ролі аўтараў твора, мастакоў-афарміцеляў. Адпаведны ўрок праводжу наступным чынам: клас дзеліцца на 3 групы па 2 вучні ў кожнай групе (усяго ў класе 6 чалавек). Кожнай групе неабходна скласці казку, намаляваць ілюстрацыйны матэрыял да яе, вырабіць міні-кніжку.

Каб прэзентаваць праекты юных творцаў, Вольга Міхайлаўна арганізуе прэзентацыю — выставу міні-кніжак. Падчас яе правядзення маленькія аўтары расказваюць казкі ўласнага сачынення аднакласнікам, прымяраючы на сябе ролі акцёраў.

— Работа над тэатральнымі праектамі працягваецца ў 6 класе — тэатральная дзейнасць развівае вучняў у асабістым плане, прывівае ўстойлівую цікавасць да літаратуры, удасканальвае артыстычныя навыкі, падахвочвае да стварэння новых вобразаў, — зазначае настаўніца. — Пры вывучэнні тэмы “Тэатр бачны і нябачны” прапаную азнаёміцца з тэатрам ценяў і з дапамогай простых і даступных сродкаў мастацкай выразнасці ства­рыць пастаноўку і прадставіць яе на школьным канцэрце або бацькоўскім сходзе.

Рэалізаваць ідэю з тэатрам ценяў педагогу дапамагла тэатральная гульня, сюжэт якой раскрываецца пры дапамозе малюнкаў, — яны праецыруюцца на экран у выглядзе пэўных вобразаў.

— Такое ўзаемадзеянне з класам фарміруе культуру ўспрымання сродкаў мастацкай выразнасці тэатральнага мастацтва, эмацыянальна-вобразнае мысленне, — дадае Вольга Міхайлаўна. — Перш чым рэалізаваць праект, трэба выбраць тэму, сфармуля­ваць праблему і прапанаваць ідэю навучэнцам, абмеркаваць яе з імі.

Тэатральны праект патрабуе работы над афішай і дэкарацыямі, стварэння малюнкаў персанажаў. Не абыходзіцца і без музычнага складніка: дзеці падбіраюць музыку ці рыхтуюць жывое суправаджэнне спектакля, а яшчэ пі­шуць сцэнарый.

— Работа школьнікаў над любым праектам патрабуе дапамогі ад настаўніка, — заключае В.Емяль­янчык. — Але калі вучань праяўляе ініцыятыву і з ахвотай выказвае ідэі, трэба ставіцца да іх з павагай, ствараць сітуацыю поспеху.

Развіваючы праектную дзейнасць і папулярызуючы яе, настаўніца прасачыла яшчэ адну прыемную акалічнасць: калі бацькі бачаць вынік творчай дзейнасці сваіх дзяцей, яны ўсведамля­юць значнасць і каштоўнасць такога прадмета, як мастацтва.

— У дадатак да ўсяго праектная дзейнасць спрыяе фарміраванню інфармацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў, — падсумоўвае педагог. — Сучасныя школьнікі вельмі свабодна адчуваюць сябе ў свеце камп’ютарных тэхналогій і з задавальненнем пры іх дапамозе выконваюць праекты, ствара­юць мультымедыйныя прэзентацыі, здымаюць відэаролікі і кароткаметражныя фільмы, агучваюць карціны і спектаклі.

Свет творчасці

Мастацтва — з’ява шматгранная і дазваляе развівацца ў многіх кірунках. Асабіста для сябе ­В.Емяльянчык выбрала рукадзелле. Вышыўка стужкамі, пляценне з газетных трубачак, ваўняная акварэль, работа з ільнянымі ніткамі і выраб лялек з капронавых шкарпэтак — усё гэта Вольга Міхайлаўна не толькі робіць сама, але і вучыць адпаведнаму рамяству дзяўчынак на ўроках абслуговай працы. 

— Урокі працы пачала праводзіць у 2015 годзе, — адзначае майстрыха. — Мяне вельмі захапіў гэты прадмет, і я пачала развівацца ў ім і вучыць усяму, што ўмею, нашых школьніц.

Сёння Вольга Міхайлаўна праводзіць семінары па абслуговай працы для сваіх калег, а ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі яна лектар па мастацтве. Асобнае захапленне настаўніцы — падрыхтоўка дзяўчынак да алімпіяды па працоўным навучанні.

— Усё пачалося 10 гадоў назад з раённай алімпіяды, — расказ­вае В.Емяльянчык. — Пасля гэтага штогод мае вучаніцы прымаюць удзел у такіх спаборніцтвах. У наступным годзе наша вучаніца Каця Прушынская бу­дзе паступаць у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, яна хоча стаць настаўніцай абслуговай працы. Я вельмі ганаруся тым, што змагла прывіць дзяўчынцы любоў да свайго прадмета, і буду рада, калі яна рэалізуецца ў выбранай сферы як прафесіянал.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА